Вучаніца Хаціслаўскай СШ за навуковую работу атрымала планшэт Samsung          

Дар’я Стасюк, вучаніца 6 класа Хаціслаўскай СШ, прыняла ўдзел у вочным этапе рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі вучняў “Я ў свеце творчасці”, якая была арганізавана Нацыянальным інстытутам адукацыі, гімназіяй-каледжам мастацтваў імя І.В.Ахрэмчыка і выдавецтвам  “Авэрсэв”. На суд  прафесійнага журы  ў секцыі “Музычнае майстэрства”  ва ўзроставай катэгорыі вучняў 5-8 класаў дзяўчына прадставіла работу “Песня – душа народа”. Абарона мультымедыяпраекта прынесла Дар’і Дыплом І ступені,  набор вучэбнай літаратуры ад  выдавецтва  “Авэрсэв” і планшэт Samsung Galaxy Tab 9.6.

    

Захапленняў у Дар’і Стасюк  шмат. Адно з апошніх сур’ёзных – збор народных песень, якія бытавалі раней у Хаціславе. Да гэтага дзяўчынку далучыла настаўніца Алена Аляксееўна Бяльчук, а таксама бабуля Дар’і Ніна Мі­калаеўна Максімук,  якая ўсё жыццё выкладала родную мову і літаратуру ў Хаціслаўскай СШ.

– У адной кнізе неяк прачытала,  што яе аўтар паабяцаў сваёй маці запісаць “цэлы мяшок песень”. У мяне само па сабе ўзнікла пытанне: “А колькі б я змагла  запісаць іх ад сваёй бабулі?” – расказвае Дар’я.

Дзяўчына любіць спяваць народныя песні. Адкуль Дар’я іх ведае? Адны пачула ад бабулі і дзядулі, другія – ад маці, брата, які некалькі гадоў з’яўляўся ўдзельнікам ўзорнага дзіцячага клуба аматараў фальклору “Вясковая табала”, што існуе пры Хаціслаўскім СДК (кіраўнік Галіна Іванаўна Хомік). Своеасаблівым штуршком для пачатку “збіральніцтва” народнага фальклору сталі словы бабулі Ніны Мікалаеўны,  якія яна, журачыся,  сказала, пабываўшы на вясковым вяселлі: “За дзень так і не пачула ні адной народнай песні. На жаль, не давялося станцаваць ні “Лявоніху”, ні “Крыжачок”, ні “Мяцеліцу”, “Кракавяк”, “Падэспань”, “Бычка”, “Млынок”, “Казу”, “Бульбу”, “Трасуху”… Музыкі ігралі і спявалі ўвесь час толькі нешта сучаснае”.

З гэтага і пачалася праца Дар’і па вывучэнні народнай песеннай спадчыны яе маленькай радзімы – Хаціслава.

– У народзе заўсёды з павагай ставіліся да тых, хто добра спяваў, — гаворыць дзяўчына. –  Мяне зацікавіла спецыфіка народных спеваў. Слухаючы “Вясковую табалу”, зрабіла вывад,  што ёсць песні з “пералівам” і з “падводкай”.

Спевы з “пералівам” Дар’я Стасюк упершыню пачула ад Марыі Фёдараўны Бяльчук. “Пераліў” уяўляе ў асноўным эпізадычнае адхіленне голасу ці галасоў ад асноўнай мелодыі. 

— Пераймаць песні лепш за ўсё ад непасрэдных носьбітаў, якіх з кожным годам становіцца ўсё менш і менш, – тлумачыць дзяўчына. – Мне пашчасціла сустрэцца з Вольгай Якаўлеўнай Кавальчук, 1926 года нараджэння. Столькі песень яна ведала! Заслухаешся!

– Дар’я, а як ты абараняла свой праект у фінале рэс­­публіканскай навукова-практычнай канферэнцыі? – цікаўлюся ў субяседніцы.

– Мне здавалася, што я зусім не хвалявалася, калі выступала. На працягу 7 хвілін неабходна было  прадэманстраваць журы свае работы, паказаць  вынікі працы. Я гэта рабіла з радасцю і задавальненнем. Спачатку праспявала вясельную хаціслаўскую песню, потым расказвала пра мэты і задачы работы. Падчас абароны таксама спявала прыпеўкі, запісаныя ад сваёй бабулі, якая доўгі час была кіраўніком фальклорнага гурта “Спадчына”. Завяршыла сваё выступленне вершам Ніны Гарагляд,  які,  мне здаецца, крануў за душу прысутных.

– Даша, напэўна, народныя песні ўжо збіраць больш не будзеш?

– Як не буду? Абавязкова буду. Пакуль запісаць я паспела толькі нязначную частку народнага песеннага багацця,  якое бытуе ў Хаціславе. На гэта спатрэбіцца, думаю,  не адзін год.

Мікалай Навумчык

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!