Каб не страціць апошні шанц

Наведванне калектываў, дзе працуюць абавязаныя асобы, якія павінны вяртаць дзяржаве сродкі, затрачаныя на выхаванне ў інтэрнатах, прыёмных ці апякунскіх сем’ях іх дзяцей, — форма работы далёка не новая, але, як паказвае практыка, даволі эфектыўная. Чарговая сустрэча з абавязанымі прайшла ў рамках акцыі “Сям’я без насілля” ў калектыве прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі.
17 абавязаных асоб, якія жывуць у раёне, павінны аддаваць дзяржаве доўг за сваю бацькоўскую абыякавасць, 96 дзяцей знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы, гэта значыць, што жывуць яны ў сем’ях, дзе бацькі злоўжываюць спіртнымі напоямі і зусім не клапоцяцца аб умовах жыцця іх дзяцей. 18 злачынстваў было ўчынена летась непаўналетнімі. Спрыяла падлеткавай злачыннасці дрэнная атмасфера ў сям’і. Менавіта з канстатацыі лічбаў і фактаў пачалася размова ў калектыве КУШВП ЖКГ “Маларыцкая ЖКГ”, дзе працуюць чацвёра абавязаных асоб. На гэты раз адказваць на пытанні намесніка старшыні камісіі па справах непаўналетніх Іны Панасюк, старшага інспектара інспекцыі па справах непаўналетніх Віталя Струнца, дырэктара сацыяльна-педагагічнага Цэнтра Наталлі Пішчык абавязаным асобам давялося ў прысутнасці сваіх калег і кіраўнікоў, што павышала іх адказнасць за свае словы. Праўда, на асаблівую шчырасць і адкрытасць тых, хто пазбавіўся права выхоўваць сваіх дзяцей, ніхто і не разлічваў.
Для Марыі і Івана Ця­рэш­каў разлука з дзець­мі – першая прыступ­ка да пазбаўлення бацькоўскіх правоў. Ужо некалькі месяцаў іх дзеці знахо­дзяцца ў інтэрнаце. А самі бацькі абяцаюць цалкам змяніць свой лад жыцця. Першыя крокі імі ўжо зроблены. Цярэшкі ўладкаваліся працаваць у ЖКГ, кожны дзень ходзяць на работу, з дзецьмі падтрымліваюць пастаянную сувязь па тэлефоне. Праўда, тэрмін, на працягу якога яны працуюць у камунальнай службе, як адзначаюць работнікі яе, яшчэ вельмі малы, каб рабіць нейкія вывады. У сям’і, як гаварылася, ёсць пакуль шанц не страціць дзяцей назаўжды. Для гэтага трэба проста захацець жыць па-іншаму. Але галоўнае — не страціць гэты шанц, як яго страціла работніца ЖКГ Наталля Сезік. Маладая жанчына, якую пазбавілі правоў на дачку, не захацела прыслухацца да заклікаў і строгіх папярэджанняў. Шасцігадовая дзяўчынка жыве зараз з цёткай. Ці зможа маці вярнуць сабе правы на дачку? Закон дазваляе зрабіць гэта, але пры ўмове, што ў суда не застанецца сумненняў у тым, што маці змяніла свае паводзіны.
— Я стараюся, — сцвярджала, адказваючы на пытанні, якія задавалі ёй, Наталля.
У калектыве адзначалі, што Наталля і сапраўды спачатку праяўляла старанне, здавалася нават, што яна змянілася. Але потым пачала дапускаць прагулы, ды і высветлілася, што дачку, з якой жыве ў адным горадзе, маці бачыць не часта. Жанчыну яшчэ раз папярэдзілі, што яна абавязана працаваць без прагулаў, каб пагашаць доўг перад дзяржавай, і сур’ёзна задумацца над тым, як зноў заслужыць давер грамадства.
А вось з Ірынай Сердзюковай размова ўвогуле не ладзілася. Абвінавачванні ў тым, што жанчына, якой трэба пагашаць доўг за выхаванне дзяцей у прыёмнай сям’і, мае пропускі на рабоце, не праяўляе ніякага інтарэсу да жыцця сваіх дзяцей, яна ўспрымала агрэсіўна. Ірыну папярэдзілі: якія б ні былі аб’ектыўныя ці суб’ектыўныя абставіны, але вяртаць дзяржаве сродкі, што ідуць на выхаванне яе дзяцей – гэта абавязак. Дзяржава, калі бацькі, зразумеўшы сэнс страты, змагаюцца за новае жыццё, ідзе насустрач, не толькі вяртаючы дзяцей, але і пагашаючы ўсю запазычанасць. А вось калі бацькі так і не змяняюць свае паводзіны ды яшчэ і не жадаюць працаваць, у адносінах да іх могуць быць прыменены больш жорсткія меры.
Такая ж сустрэча з абавязанымі асобамі і бацькамі, дзеці якіх выхоўваюцца ў сацыяльна-небяспечных умовах, прайшла таксама ў калектыве СВК “Дарапеевічы”. Удзел у ёй прынялі работнікі пракуратуры. Інфармацыйна-прапагандысцкая група з мэтай прафілактыкі адміністрацыйных правапарушэнняў і злачынстваў пабывала ў Чарнянскай і Дарапеевіцкай школах.
Святлана МАКСІМУК.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Добавить комментарий


https://kompozit.ua

www.agroxy.com

www.best-cooler.reviews
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!