Хмель жыцця Валерыя Антановіча

21 снежня 2017 года Валерыю Антановічу споўнілася б 65. Толькі Бог яму адмераў 63 з паловай зямныя гады. За гэты час ён паспеў зрабіць многае: выгадаваць дзяцей, пабудаваць дом, пасадзіць сад і здзейсніць запаветную мару свайго жыцця – заснаваць уласнае прадпрыемства, вядомае ў краіне. У Валерыя Мікалаевіча  было шмат планаў, задумак, ідэй, якія ён хацеў ажыццявіць у будучым. На жаль, усё нечакана перарвалася 18 чэрвеня 2016 года ў рабочым кабінеце. Не стала чалавека, улюбёнага ў жыццё, які тонка адчуваў усе яго праявы.

…Ужо прайшло паўтара года, як Валерыя Антановіча няма з намі. Аднак памяць пра гэтага чалавека жыве ў сэрцах тых, хто яго добра ведаў,  любіў,  паважаў. Развіваецца і справа Валерыя Антановіча,  перада­дзеная ў на­дзейныя рукі сына Андрэя,– сумеснае прадпрыемства “Бізон” таварыства з абмежаванай ад­казнасцю па вырошчванні, вы­творчасці і перапрацоўцы хмелю.

Сустракацца з Валерыем Міка­лаевічам,  дырэктарам прадпрыемства, і пісаць пра яго мне даводзілася некалькі разоў. Ён заў­сёды з задавальненнем назначаў час для чарговай сустрэчы і інтэрв’ю.

Валерый Антановіч пра хмель, які называў зялёным золатам Палесся, умеў гаварыць доўга. Здавалася, што пра яго дырэктар прадпрыемства ведае ўсё ці практычна ўсё. А  інакш і быць не магло. Энцыклапедычныя веды набываліся  на працягу не аднаго года.

Беларуска-германскае  сумеснае прадпрыемства “Бізон”, якое было створана 5 сакавіка 1993 года, на сённяшні дзень з’яўляецца адным з буйных вытворцаў хмелю ў Беларусі. У пачатку 1990-ых гадоў піва­варны заводзік, які ў той час паспяхова працаваў пры калгасе “Маларыцкі” (я го тады ўзначальваў Валерый Антановіч), наведаў нямецкі доктар навук па піваварэнню Клаўс Вільдынг. Ён загарэўся марай стварыць тут, на замшанскіх землях, маленькую часцінку Баварыі. Яго ідэю падтрымаў Валерый Мікалаевіч.  Райвыканкам выдзеліў пад новы і рызыкоўны праект зямлю. На ўрадлівым полі,  выраўненым пад вуглом да паверхні, замацавалі васьміметровыя бетонныя слу­пы-хмелешпалеры. Вясною пасадзілі хмель на 9-ці гектарах,  а восенню сабралі першы неблагі ўраджай. Пачатак абнадзеіў. Справа паступова пачала наладж­вацца. Але хмель – расліна капрызная,  любіць вільгаць,  схільна да хва­роб, патрабуе мінеральных і арганічных угнаенняў. Каб вы­расціць хмель, нямала патрэбна ўмення, вопыту, затрат, матэрыяльных і  працоўных, а таксама – гаспадарлівасці, дбайнасці і пастаяннага  клопату. А  Валерыю Антановічу гэтага было не пазычаць.

Вытворчасць сыравіны па гадах на прадпрыемстве розная. Напрыклад, у 1994 годзе плантацыі займалі 4 га,  атрымана было 4 тоны шышак. Цяпер магутнасць прадпрыемства, на якім працуе 30 чалавек,  дазваляе вырабляць прадукцыі да 100 тон у год, але звычайна прадпрыемства спыняецца на адзнацы 60-80 тон. Першапачаткова пасадачны матэрыял “Бізон” завозіў з Германіі,  зараз у спецыяльнай “школцы” навучыліся вырошчваць свой. Цяпер СП «Бізон» ТАА працуе з некалькімі піваварнымі заводамі краіны,  пашырае кола партнёраў, экспартуе прадукцыю ў Расію…

Любімай рабоце Валерый Мікалаевіч аддаваў дні і ночы. Сустрэчы,  паездкі,  рабочыя нарады… У гэтым кругавароце,  здаецца, і пралятала жыццё. Строгім,  справядлівым,  руплівым гаспадаром яго і запомнілі  ўсе, хто ведаў. Але Валерый Антановіч таксама знаходзіў час і на сям’ю, на людзей,  блізкіх яму па поглядах, перакананнях і ўкладу жыцця. 

Фота з архіву прадпрыемства СП «Бізон»

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.