Паэзія навагодняй паштоўкі ў Хаціславе

У Хаціслаўскай сельскай бібліятэцы для чытачоў працуе рэтра-выстава “Віншаванне з мінулага”, на якой прадстаўлены савецкія навагоднія паштоўкі. На працягу амаль месяца наведвальнікі бібліятэкі змогуць убачыць 160 паштовак 1962-1991 гадоў выпуску. Імі раней віншавалі з Новым годам. Такія паштоўкі карысталіся асаблівай папулярнасцю.

-Ідэя арганізаваць такую выставу ўзнікла некалькі месяцаў таму, — гаворыць бібліятэкар Таццяна Хомік. – Ажыццявіць задуманае дапамагла кіраўнік гуртка Хаціслаўскага СДК Наталля Кавальчук. На выставе дэманструюцца не ўсе паштоўкі з прыватнай калекцыі Наталлі Рыгораўны, а толькі самыя цікавыя і арыгінальныя.


Гэта цяпер на першае месца выходзіць віртуальная паштоўка, а яшчэ зусім нядаўна без папяровых не абыходзілася ні адно свята, у тым ліку – і Новы год. Паштоўкі былі нечым большым, чым звычайная ілюстрацыя. У іх як бы знайшлі свой адбітак асноўныя падзеі грамадскага жыцця. Таму па паштоўках можна нават вывучаць гісторыю нашай краіны часоў СССР.
У людзей старэйшага ўзросту паштоўкі мінулых часоў выклікаюць настальгію, саграваюць душу, дорачы радасць і светлыя ўспаміны. Экспанаты рэтра-выставы таксама будуць цікавымі і маладым людзям.
Між іншым, паштоўка з’явілася параўнальна нядаўна — у другой палове XIX стагоддзя. Першая з іх, з аддрукаванай маркай, прызначанай для адпраўкі па пошце без канверта, была выпушчана ў Аўстрыі ў 1869 го¬дзе. У 1878 г. на Сусветным кангрэсе ў Парыжы зацвярджаюцца максімальныя памеры паштовак, прынятыя ў якасці стандарту — 90х140 мм.
Мікалай НАВУМЧЫК.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!