Мастацкі поспех маларытчан

Вучні мастацкага аддзялення Маларыцкай дзіцячай школы мастацтваў прынялі ўдзел у адкрытым конкурсе дзіцячага малюнка “Навагрудскі край, што я зберагаю”. На творчае спаборніцтва прымаліся малюнкі з адлюстраваннем аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны, якія б расказвалі аб магчымасцях турызму ў Навагрудку і Навагрудскім раёне.

Па выніках анлайн-гала­савання і пасяджэння  журы вызначаны пераможцы. У іх лік трапілі і юныя мастакі – родныя сёстры. Ва ўзро­ставай катэгорыі 14-17 га­доў Дыпломам І ступені ўзнагароджана Сафія Семянюк, вучаніца 9 класа Замшанскай БШ  (настаўнік Інэса Гаўрылюк), ва ўзро­ставай катэгорыі 7-13 гадоў Дыпломам ІІ ступені —  Марына Семянюк,  вучаніца 5 класа Замшанскай БШ  (настаўнік Лілія Русавук). Свае конкурсныя работы Марына і Сафія  выканалі акварэллю на паперы. На іх дзяўчаты адлюстравалі культурна-гістарычныя каштоўнасці Навагрудка: Сафія – касцёл святога Міхаіла Архангела, Марына – Барысаглебскую царкву. Гэтыя малюнкі дзяўчат упрыгожылі перакідны каляндар на 2018 год, які выпушчаны арганізатарамі конкурсу.

Сёстры Семенюкі маляваннем сур’ёзна займаюцца не адзін год. Сваё майстэрства яны ўдасканальваюць на занятках у Маларыцкай дзіцячай школе мастацтваў.

– Наш дзядуля  Міхаіл Семянюк  таксама добра маляваў, хоць нідзе гэтаму не вучыўся, – кажа Сафія. – Магчыма, любоў да пэндзля і фарбаў нам з сястрою перадалася ў спадчыну.

Цяпер Сафія і Марына працуюць над новымі работамі, якія прымуць удзел у чарговым творчым конкурсе. Пажадаем ім поспеху!

Мікалай Навумчык

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.