Лечаць не толькі лекі, але і камфорт

Пасля рамонту адкрыта інфекцыйнае аддзяленне райбальніцы
Амаль паўтара года доўжыўся рамонт у інфекцыйным аддзяленні райбальніцы. Увесь гэты час “цяжкіх” інфекцыйных хворых накіроўвалі ў Брэст ці Кобрын, а тыя, у каго хвароба праходзіла ў больш лёгкіх формах, лячыліся  амбулаторна. Нязручна, вядома ж, але больш нічога  не заставалася – умовы інфекцыйнага аддзялення,  хоць тут заўжды былі чысціня і парадак, ужо не адпавядалі сучасным патрабаванням. У сярэдзіне лютага г.г. абноўленае інфекцыйнае аддзяленне, цяпер ужо на 15 ложкаў, адчыніла свае дзверы. І на той дзень, як мы наведаліся сюды, у аддзяленні праходзілі лячэнне 13 хворых.
Разам з загадчыцай аддзялення Валянцінай Іванаўнай Ялкоўскай адпраўляемся  на экскурсію. Яна пачынаецца з калідора. Светлы тон яго прыемны для вока. Па абодвух баках калідора дзесяткі дзвярэй. Адны з іх вядуць у бытавыя памяшканні,  другія — у боксы. Раней у аддзяленні было толькі 4 боксы, цяпер іх 7. Адзін бокс прызначаны для асоба небяспечных хворых, у ім толькі адзін ложак. Іншыя разлічаны на два, тры і чатыры ложкі.  У кожным боксе для зручнасці пацыентаў усталявана душавая кабіна, а закупленыя бойлеры дазваляюць у любы час карыстацца гарачай вадой, ёсць халадзільнік, закуплена новая мэбля: сталы, табурэткі,  ложкі,  над кожным ложкам асобнае асвятленне, на вокнах – жалюзі. Адным словам, створаны ўсе ўмовы для таго, каб хворы адчуваў сябе камфортна і хутка ішоў на папраўку. Добрыя ўмовы створаны і для медыцынскага персаналу. Для прыёму хворых  абсталяваны прыёмна-назіральны бокс, зроблены ўтульны пост дзяжурнай медсястры, новы выгляд набыў працэдурны пакой, з’явіўся спецыяльны пакой для адпачынку работнікаў аддзялення, абсталяваны для іх душавы пакой, асобна размясціліся раздатачны і мыечны пакоі.
У будынку працуе прыточна-выцяжная вентыляцыя, кожны бокс абсталяваны рэцэркулятарам- апраменьвальнікам паветра, бясшкодным для здароўя пацыентаў. Прадумана і сістэма  энергазберажэння, якая ў залежнасці ад умоў дазваляе карыстацца эканомным рэжымам асвятлення.
Да непазнавальнага змяніла інфекцыйнае аддзяленне і свой знешні выгляд. Самае адметнае ў ім – абсталяванне пандусаў, з дапамогай якіх у любы бокс могуць патрапіць інваліды-калясачнікі. Многае, як заўважала Валянціна Іванаўна,  яшчэ трэба зрабіць для добраўпарадкавання тэрыторыі аддзялення. Але гэта ўжо справа часу.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ:  інфек­цыйнае аддзяленне пасля капітальнага рамонту.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий