Что волнует жителей Луково Малоритского района?

Кіраўнік раёна Мікалай Шум, а таксама яго намеснік Дзмітрый Сцепанюк і прадстаўнікі дарожнай, землеўпарадкавальнай службаў сустрэліся з жыхарамі аграгарадка Лукава. Нагодай для візіту стаў калектыўны зварот вяскоўцаў у райвыканкам, які падпісалі 150 чалавек, з просьбай аказаць садзейнічанне ў асфальтаванні пляцоўкі, якая знаходзіцца ля мясцовай царквы.

Нагадаем, што сёлета ў Лукаве будзе ла­дзіцца раённы фестываль працаўнікоў сяла “Дажынкі”. Паколькі на добраўпарадкаванне аг­ра­гарадка плануецца выдаткаваць пэўную суму грошай,  прадстаўнікі раённай улады,  карыстаючыся магчымасцю,  сустрэліся з лукаўцамі,  каб непасрэдна абмеркаваць тыя праблемныя пытанні,  якія найперш неабходна вырашыць. Пачалі з пытання аб добраўпарадкаванні пляцоўкі,  якая знаходзіцца ля царквы. Як адзначыў настаяцель храма Лу­каўскай іконы  Божай Маці, іерэй Сергій Бірук-Руссу, ля галоўнага ўваходу ў царкву суцэльнае месіва з гразі. У выхадныя і святочныя дні, асабліва ў вялікія святы, машыны тут не могуць размінуцца, таму што гразнуць. У непрыемную сітуацыю трапляюць і маладыя, якія прыязджаюць вянчацца, таму што маладой пары і гасцям,  каб трапіць у царкву,  неабходна прайсціся па разбітай і раз’езджанай пляцоўцы. Пакутуюць ад таго, што няма належнага падыходу да храма, і састарэлыя вяскоўцы. Царква ўведзена ў эксплуатацыю ў 1992 годзе, і на той час аб’ект узводзіўся без праекта, таму абуладкаванне пад’язной пляцоўкі не прадугледжвалася. Сі­туацыя атрымліваецца неадназначная. Бюджэтныя грошы на будаўніцтва пляцоўкі не могуць быць выдаткаваны, як і грошы ДРБУ-179, таму што гэты участак дарожнікі не абслугоўваюць. Тым не менш, як зазначыў старшыня райвыканкама, ёсць некалькі варыянтаў вырашэння гэтага пытання. Мікалай Мікалаевіч спытаў у святара, ці зробіць свой уклад у будаўніцтва пля­цоўкі царква. Адказ айца Сергія быў наступны: “Мы б з вялікім задавальненнем далучыліся да добрай справы, але царква існуе на ахвяраванні сваіх прыхаджан і не мае грошай на будаўніцтва пляцоўкі”. Слова ўзяў дырэктар ААТ “Чырвоны партызан” Сяргей Сцепанюк, які сказаў, што, калі райвыканкам дасць згоду на выдаткаванне пэўнай сумы грошай, тады гаспадарка зоймецца гэтай справай. Наконт гэтага пытання Мікалай Шум загадаў адпаведным службам разабрацца і вызначыцца, колькі патрэбна затраціць грашовых сродкаў на абуладкаванне пляцоўкі. Мікалай Мікалаевіч,  звяртаючыся да прысутных, якія сабраліся ў мясцовым Доме культуры, адзначыў, што зараз найперш патрэбна вызначыцца з аб’ёмам работ на тых аб’ектах, якія ў першую чаргу патрабуюць рэканструкцыі. Бе­зумоўна, неабходна добраўпарадкаваць цэнтр вёскі. Вяскоўцы пачалі наракаць на дрэнны стан вуліц Школьнай, Піянерскай і Новай. Прагучала з залы пытанне да кіраўніцтва раёна аб тым, калі будзе заасфальтавана дарога Лукава-Забалацце. Дзмітрый Сцепанюк па­т­лу­мачыў, што чарга да гэтай дарогі яшчэ дой­дзе, ёсць першачарговыя ўчасткі, якія неабходна заасфальтаваць. “Больш за 60% дарог у раёне – гэта гравійка, — гаворыць намеснік старшыні райвыканкама. – У раёне шмат робіцца па рамонту дарожнага пакрыцця. Зараз асфальтуюцца дарогі, якія звязваюць аграгарадкі з раённым цэнтрам. А рамонт дарогі Лукава-Забалацце запланаваны на 2020 год”.

Але самая галоўная праблема, што закранае ўсіх жыхароў вёскі, – гэта дрэнная якасць вады,  утрыманне жалеза ў якой перавышае нор­му ў некалькі разоў. Вада дрэннай якасці не толькі ў калодзежах, але і ў водаправодзе. Патрэбна станцыя абезжалезвання. Кіраўніцтва раёна пра гэтую праблему ведае.

— Пытанне вельмі сур’ёз­нае, — сказаў кіраў­нік раёна, звяртаючыся да прысутных у зале. – Калі Маларыцкі раён па газіфікацыі адзін з лепшых у вобласці, то, на жаль, толькі адна станцыя абезжалезвання дзейнічае на Маларытчыне, якая аб­слугоўвае райцэнтр.

Мікалай Мікалаевіч за­пэўніў, што гэтае пытанне будзе абмяркоўвацца з раённымі службамі,  будуць адшуквацца сродкі на бу­даўніцтва станцыі, таму што вада — гэта здароўе як маленькіх, так і дарослых жыхароў аграгарадка Лукава.

Задавалі лукаўцы пы­танні аб рабоце комплекснага прыёмнага пункта, які працуе адзін раз у ты­дзень, наракалі на ня­зручны графік работы ка­сы аддзялення ААТ “Беларусбанк”, якая таксама працуе раз у тыдзень. Людзі не заўсёды могуць своечасова зняць грошы або аплаціць камунальныя паслугі. Прасілі ўсталяваць у Лукаве банкамат, тым больш што бясплатнае памяшканне гатова прадаставіць сельгаспрадпрыемства “Чырвоны партызан”. Мікалай Мікалаевіч паабяцаў з гэтымі пытаннямі апе­ра­тыўна разабрацца і зноў сустрэцца з вяскоўцамі, каб яшчэ раз абгаварыць тое, што запланавана. Размова, якая доўжылася дзве гадзіны, атрымалася цікавай і насычанай. Ні адно з узнятых пытанняў не засталося па-за ўвагай. Вядома, усё адразу, як па ўзмаху чароўнай палачкі, зроблена быць не можа. Але асноўныя пытанні, на якіх грунтуецца жыцця­дзейнасць аграгарадка і кожнага яго жыхара, будуць разгледжаны.

Кацярына Яцушкевіч.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.