За разлікамі — у Цэнтр на Савецкай

Для таго каб атрымаць інфармацыю  па сваім асабістым рахунку, перааформіць яго, пракансультавацца па пытаннях парадку забеспячэння электраэнергіяй, прадаставіць даведкі па льготах, квітанцыі, якія па­цвярджаюць разлікі, атрымаць даведку,  якая сведчыць аб адсутнасці запазычанасці, не трэба дабірацца ў раён электрасетак, адлегласць да якога ад цэнтра горада складае больш чым кіламетр. Цяпер можна проста зайсці ў разлікова-касавы цэнтр, які адкрыўся на вуліцы Савецкай. З 8 да 20 гадзін кожны дзень,  і да 17 гадзін у суботу тут чакаюць спажыўцоў электраэнергіі, каб дапамагчы разабрацца ў любым пытанні, што датычыцца электразабеспячэння. У двух акенцах на першым паверсе будынка працуюць менавіта з бытавымі спажыўцамі, у трэцім – з юрыдычнымі асобамі – прадпрыемствамі, арганізацыямі, індывідуальнымі прадпрымальнікамі, якія таксама могуць атрымаць кансультацыі, удакладніць тарыфы, прадаставіць сваю інфармацыю па разліках. Чацвёртае акно разлікова-касавага цэнтра  прызначана для работы па заяўленчаму прынцыпу “Адно акно”, дзе прымаюць заявы на аказанне комплексных паслуг.
У новым прасторным будынку, акрамя абаненцкай службы электрасетак,  размясцілася энергаінспекцыя раёна. Для зручнасці работы інспектары, якія штодня працуюць з юрыдычнымі асобамі і бытавымі спажыўцамі,  забяспечаны новымі камп’ютарамі, узаемадзеянне службаў электрасетак і энергаінспекцыі спрашчае лакальная сетка, новыя антыкарупцыйныя камп’ютарныя праграмы.
Каб спраўна працаваў ланцужок, які дазволіць спажыўцам электраэнергіі не губляць лішні час, а, атрымаўшы кансультацыю, адразу разлічыцца за паслугі, не хапае пакуль яшчэ аднаго звяна. Але, як плануецца, у другой палове сакавіка ў будынку разліковага цэнтра пачнуць працаваць тры касы “Белаграпрамбанка”, для зручнасці разлікаў будзе ўсталяваны банкамат.
Пакуль у зале разлікова-касавага цэнтра не шматлюдна. На жаль, далёка не кожны ведае,  што па ўсіх пытаннях, звязаных з разлікамі за электраэнергію, трэба звяртацца не ў стары будынак раёна электрасетак, які знаходзіцца наводшыбе, а на Савецкую,  56,  дзе створаны ўсе ўмовы для хуткага і камфортнага абслугоўвання кожнага кліента.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ:  інспектары энергаінспекцыі працуюць у новых умовах.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.