Гімназісты сталі «Эрудытамі планеты»па выніках міжнароднай інтэрнэт-алімпіяды

       Падведзены вынікі ХVІ міжнароднай інтэрнэт-алімпіяды “Эрудыты планеты-2017”.  Удзел у ёй стаў выніковым для пяці  інтэлектуальных каманд Маларыцкай раённай гімназіі, якія трэніруе настаўнік тэхнічнай працы Леанід Ксенафонтавіч Лук’янчук.

       Скарбонка дасягненняў папоўнілася адразу пяццю ўзнагародамі. У выніковай табліцы спаборніцтва каманда “Эверэст-ІІ”, якая складаецца з вучняў другіх класаў, заняла І месца, каманда трэцякласнікаў “Эўрыка” – І месца, каманда вучняў чацвёртых класаў “Дзеці Індыга” – І месца, каманда “Фартуна”, якая складаецца з вучняў пятых класаў, – І месца. А каманда  шасцікласнікаў “Цунамі” падзяліла другое месца з камандай знаўцаў з г.Бійск Алтайскага краю (Расія). Маларытчанам да  першага месца не хапіла некалькі хвілін на правільны адказ, бо расіяне яго далі хутчэй.

         -Інтэрнэт-алімпіяда  праходзіла на працягу трох месяцаў і складалася з 18 тураў (трох этапаў), — гаворыць Леанід Лук’янчук. – Кожны этап  меў свае асаблівасці. У заданнях  прапаноўваліся пытанні рознай катэгорыі складанасці па  геаграфіі, гісторыі, літаратуры, фізіцы, біялогіі, матэматыцы, астраноміі. Былі таксама пытанні, звязаныя са спортам, медыцынай, прыродазнаўствам, эканомікай, бізнесам, прадпрымальніцтвам, выяўленчым мастацтвам і інш. На два першыя туры інтэлектуальнага спаборніцтва адводзілася  па 15 хвілін, каб даць адказы на 30 пытанняў. Трэці тур праводзіўся па ўскладненай сістэме – без варыянтаў адказаў.

        Каманды знаўцаў Маларыцкай раённай гімназіі ўзнагароджаны Дыпломамі, кубкамі  і медалямі. Між іншым, гэта не першы выніковы ўдзел у інтэрнэт-алімпіядзе “Эрудыты планеты”,  а таксама інтэрнэт-гульні “Вялікія гонкі” юных інтэлектуалаў раённай гімназіі. Іх веды ўжо адзначаны 19 кубкамі, заваяванымі на гэтых міжнародных спаборніцтвах.

   Мікалай НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.