Снег прынёс радасць дзецям

Некалькі дзён запар, на дзіва, былі ціхімі і спакойнымі. Здавалася, што вецер кінуўся ў спячку, ці то спалохаўся нядужа вялікіх маразоў і зараз, знялюдзеўшы, марнаваў час адзін. Потым як бы прахапіўся і, схамянуўшыся,  зноў пачаў шчыра працаваць. З-за гарызонту, з поўначы, ён выдуваў вялікія хмары, якія хавалі  чысціню і хараство  блакітнага неба, і шпарка гнаў іх у бок поўдня.

Падвечар на неба павольна, з нейкай асцярогай і разважлівасцю, выплылі цяжкія чорна-сінія хмары і навіслі нізка над зямлёю. Было ўражанне, што іх неадкладна  трэба было падперці, каб не ўпалі ўніз і не рассыпаліся, як гарох.

Увачавідкі пацямнела. Хмары зліліся з зямлёю: з лесам, полем, поплавам, рэчкай, невялічкім балотам… Усё стала суцэльна-аднастайным і шэрым.

Вецер паступова крэпчаў, браўся з сілаю і зацягваў нудную, мінорную песню. У такт яму скуголілі сабакі на ўскрайку вёскі, таемна шапталіся паміж сабою аб нечым дрэвы, час ад часу пакарквалі вароны.

Апоўначы з неба, як з пярыны, пасыпаўся снег-пух. Сняжынкі лёгка танцавалі ў паветры, якое намёрзла, спрабуючы сагрэцца. Яны павольна і без жадання спускаліся на скаваную маразамі зямлю.

Аж да ўзыходу сонца вальсавалі першыя сняжынкі гэтай зімы. Калі дзённае свяціла нарэшце ўзабралася на небасхіл, то ўся  зямля навокал была белай, ззяла і пералівалася пад промнямі чырвонага сонца.

* * *

Снег,  які выпаў за ноч 17 студзеня, прынёс неймаверную радасць дзецям. Яны на перапынках паміж  урокамі дружна выбягалі на вуліцу і гулялі ў снежкі, ляпілі снегавікоў і шчыра весяліліся. Бо снег цяпер – рэдкасць.

     Мікалай НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Снег прынёс радасць дзецям: 1 комментарий

  • 20.01.2018 в 11:17 пп
    Permalink

    Наконец-то это случилось, неужели зима все таки пришла

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.