НОВАЯ МАДЭЛЬ ДЗІЦЯЧАГА ЧЫТАННЯ

 

Якая яна? Адказ на гэтае пытанне шукалі ў час “круглага стала” бібліятэкары, педагогі і самі чытачы
Многія, напэўна, памятаюць той час, калі кнігазбіральніцтва было захапленнем амаль кожнага, у дамах “разрасталіся” свае бібліятэкі, прэстыж чытання быў высокі, і мы ўвогуле лічылі сябе нацыяй, якая найбольш чытае, бо нават дзеці з самага ранняга ўзросту захапляліся кнігай.  Зараз усё часцей можна пачуць разважанні пра крызіс дзіцячага чытання. Ці сапраўды існуе гэты крызіс, як ставяцца дзеці да кнігі і ўвогуле, якой стала сама кніга? – ра­зам адшукаць адказы на гэтыя пытанні прапанавалі ўдзельнікам “круглага стала” бібліятэкары дзіцячай бібліятэкі.
— Дарослыя, як паказваюць сацыялагічныя апытанні, з’арыентаваны на старую мадэль дзіцячага чытання, — заўважыла, пачынаючы размову, дырэктар дзіцячай бібліятэкі Таццяна Крысіна. – Але значныя перамены цалкам змянілі чытацкія інтарэсы. З’явілася новая мадэль дзіцячага чытання. Перш за ўсё, змяніўся статус чытання, яго працягласць (на апошнюю паўплывалі і ўскладненне школьнай праграмы, і шырока развіты медыяасяродак), іншай стала і тэматыка чытання.
Сказаць пра тое, што дзеці не любяць чытаць, як адзначалі бібліятэкары, нельга. Амаль 2500 хлопчыкаў і дзяўчынак з’яўляюцца чытачамі дзіцячай бібліятэкі. На розны густ і ўзрост у фондзе яе налічваецца 25175 кніг і 2458 часопісаў. Але сённяшнія чытачы бібліятэкі зусім іншыя: са сваімі  сучаснымі поглядамі, інтарэсамі, пытаннямі.
Усё, як вядома, пазнаецца ў параўнанні. Але параўноўваць сённяшняе і мінулае можна толькі тады, калі добра ведаеш мінулае. А таму за “круглы стол” запрасілі работнікі бібліятэкі сваіх калег, якія працавалі з дзіцячай кнігай яшчэ ў мінулым стагоддзі.
Галіна Іванаўна Корд пры­ехала ў Маларыту ў 1953 годзе і з таго часу 35 гадоў працавала з юнымі чытачамі.  Менавіта яна стаяла ля вытокаў заснавання дзіцячай бібліятэкі: закупляла ў бібліятэку кнігі (фонд тады складаў 2400 экзэмпляраў), знаёмілася са школьнікамі, шукала чытачоў.
— Дзеці заўжды з задавальненнем беглі ў бібліятэку, цікавіліся новымі кніжкамі, а іх было нямала, бо грошай на камплектаванне літаратуры выдзялялася дастаткова. Для чытачоў мы рыхтавалі выстаўкі, кожную вясну праводзіўся Тыдзень дзіцячай кнігі. Галоўная задача была – прапаганда літаратуры. Праўда, умоў такіх цудоўных, як зараз, тады ў бібліятэцы не было, — успамінала Галіна Іванаўна.
— А мне давялося працаваць у дзіцячай  бібліятэцы ў 90-я гады, — працягвала былы бібліятэкар Вера Іванаўна Крысіна. —  У гэты час з камплектаваннем літаратуры былі праблемы. Сродкаў на набыццё кніг не хапала. Усе навінкі адразу разбіралі чытачы, на кнігі запісваліся ў чаргу. Бібліятэку ахвотна наведвалі дзеці. Многіх актыўных чытачоў памятаю і зараз. Ды і ці можна забыць Валеру Сасноўскага ці Дзяніса Кіцеля, хлопчыкаў, якія былі захоплены кнігай, для якіх бібліятэка сапраўды была скарбонкай новых ведаў.
З дзіцячай бібліятэкай звязана і працоўная біяграфія бібліятэкара Людмілы Анатольеўны Андрэйчук. Але ў гутарцы яна, як бібліятэкар школьнай бібліятэкі,  большы акцэнт зрабіла не на ўспаміны, а на разважанні аб тым, што і як чытаюць школьнікі. Шмат інфармацыі, якую раней давалі даведнікі, энцыклапедыі, як заўважыла яна, дзеці атрымліваюць сёння з Інтэрнэту, а таму чытаюць кнігі толькі тыя, каму сапраўды падабаецца сам працэс чытання. Ды і густы у хлопчыкаў і дзяўчынак змяніліся. Калі прапанаваць сённяшняму школьніку кнігу, якая была вельмі папулярнай гадоў дваццаць-трыццаць назад, ён гэтай кнігай не зацікавіцца.
Якія выданні для абавязковага вывучэння прапануе вучням школа, добра ведае настаўніца рускай мовы і літаратуры Наталля Васільеўна Макушэнка.
— Школьныя праграмы шмат разоў змяняліся, таму і не было ў апошнія гады канкрэтнасці ў вывучэнні твораў, — гаварыла настаўніца.
Але зараз, адзначыла яна, нарэшце, праграмы сталі больш стабільнымі і ў іх уключана шмат твораў. Праўда, загружаны чытаннем толькі той, хто сур’ёзна ставіцца да вывучэння ўрокаў і любіць літаратуру.
У тым, што многія дзеці сапраўды любяць кнігу, пераконвалі актыўныя чытачкі дзіцячай бібліятэкі Ангеліна Ярмашук, Віка Пешта і Вольга Струнец. Бібліятэка для іх, як і для ўсіх дзяцей, пачыналася з казак. Паступова пачалі захапляць іншыя кнігі. І цяпер дзяўчынкі больш цікавяцца гістарычнай літаратурай, кнігамі, якія даюць карысныя веды па матэматыцы, фізіцы, любяць і мастацкую літаратуру.
Каля 70 чытачоў дзіцячай бібліятэкі – дашкольнікі. Гэта тыя, хто прыходзіць у “кніжчын дом” раза­м з бацькамі. Пастаянна прыводзіць у дзіцячую бібліятэку сваіх дзяцей некалі актыўная чытачка Ірына Быкава.
Далучыўшыся да размовы за “круглым сталом”, яна пастаралася паглядзець на праблему дзіцячага чытання вачамі свайго дзяцінства, і вачамі дарослага чалавека, які імкнецца перадаць любоў да кнігі сваім дзецям. У яе бацькі, як успамінала Ірына, была вялікая бібліятэка. Спачатку дзяўчынка чытала кнігі з хатняй бібліятэкі, затым, калі іх ужо стала недастаткова, адправілася ў дзіцячую бібліятэку. Кніга і зараз пастаянны спадарожнік жанчыны. Любяць кнігі і яе дзеці, што яшчэ раз па­цвярджае: прыклад бацькоў пераймаецца.
Бібліятэкары падрыхтавалі для гасцей цікавую фотапрэзентацыю, якая дапамагла зрабіць невялікую экскурсію па бібліятэцы, а яшчэ пазнаёмілі з навінамі, якія дапоўнілі Кнігу чытацкіх рэкордаў. У яе па выніках мінулага года патрапіў 3 “А” клас са сваёй настаўніцай Алай Іванаўнай Пятровай, які быў прызнаны класам, дзе найбольш чытаюць. У лік самых частых гасцей бібліятэкі залічаны вучань СШ № 2 Анатоль Сахарчук, а самымі дапытлівымі чытачамі прызнаны вучаніца СШ № 1 Вікторыя Пешта і вучань раённай гімназіі Сяргей Гарачкін. А калі ёсць чым пахваліцца, значыць любоў да кнігі не знікае.
Святлана МАКСІМУК.

Добавить комментарий


https://progressive.ua

https://iwashka.com.ua

http://oncesearch.com
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!