Вужова: праблемы з магазінам і дарогамі

Вёска Вужова, якая ўваходзіць у склад Лукаўскага сельсавета, жыве сялянскімі спрадвечнымі клопатамі, што зацягваюць у свой безупынны кругаварот пад назвай жыццё. Надыдзе вясна, і зімовую сцішанасць вуліц як рукой здыме: ад цямна да цямна будуць шчыраваць у сваіх агародах і ў полі вяскоўцы. Пакуль жа Вужова адпачывае, набіраючыся новых сіл перад сяўбой.

Вужова – не толькі другі па велічыні населены пункт Лукаўскага сельсавета, але, бадай, і самая маладая вёска. Утварылася яна ў 1954 годзе пасля аб’яднання хутароў Вужова, Струга, Язавіца, Агародцы, Куцічы, Каранькі і Мендора. Аб гісторыі стварэння сучаснай вёскі напісана ў  кнізе “Памяць”.

У Вужоўскім Доме фальклору на мінулым тыдні з жыхарамі вёскі сустрэўся старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Губей, які трымаў своеасаблівую справаздачу перад прысутнымі. Удзел у мерапрыемстве таксама ўзялі старшыня Лукаўскага сельвыканкама Алена Марук і дырэктар ААТ “Чырвоны партызан” Сяргей Сцепанюк.

Як зазначыў Пётр Вікенцьевіч, такога кшталту сустрэчы вельмі неабходныя і ладзяцца яны пастаянна не толькі ў аграгарадках, але і ў невялічкіх вёсачках, дзе людзі збіраюцца  ў каго-небудзь у хаце і расказваюць пра тое, што іх хвалюе. У Вужове сустрэча атрымалася вельмі цёплай, насычанай і грунтоўнай. Паўтары гадзіны доўжыўся дыялог старшыні раённага Савета дэпутатаў і вяскоўцаў. Гаварылася аб многім: чым сёння жыве раён і перспектывах развіцця Маларытчыны, раённым свяце хлебаробаў “Дажынкі”, якое сёлета мае адбыцца на цэнтральнай сядзібе сельгаспрадпрыемства “Чырвоны партызан” – у Лукаве, узнімаліся пытанні добраўпарадкавання населеных пунктаў і замацавання моладзі ў вёсцы.

З непрыхаванай заклапочанасцю гаварыў Пётр Губей аб маларыцкіх юнаках і дзяўчатах, якія, атрымаўшы дыпломы вну, не спяшаюцца вяртацца на малую радзіму, а шукаюць лепшай долі ў вялікіх гарадах. “У раёне ёсць пэўны кадравы голад, — адзначаў Пётр Вікенцьевіч. – На жаль, не хапае спецыялістаў як у медыцыне, так і ў сельскай гаспадарцы.”

Маларытчына – аграрны рэ­гіён. І ад таго, наколькі рэнтабельна працуюць сельгаспрадпрыемствы, залежыць дабрабыт людзей, далейшае развіццё раёна. Робіцца ўсё магчымае, каб стратныя гаспадаркі вывесці на прыбытак. Праведзена ап­тымізацыя, вядзецца пошук патэнцыйных інвестараў, якія змогуць даць штуршок тым прадпрыемствам, што з-за розных прычын апынуліся ў аўтсайдарах. Не павінны пакутаваць простыя людзі, якія любяць працаваць на зямлі, аддаючы ёй усе свае сілы, сваю любоў. Некалькі слоў Пётр Вікенцьевіч сказаў і пра самых надзейных памочнікаў старшынь сельвыканкамаў  — стараст, якіх у раёне налічваецца 52 чалавекі. Менавіта яны з’яўляюцца пасрэднікамі паміж вяскоўцамі і прадстаўнікамі мясцовай улады. Хто іншы больш за стараст ведае праблемы сельскіх жыхароў, жыве іх клопатамі і надзеямі. Асабліва гэта тычыцца маленькіх, аддаленых ад цэнтральнай сядзібы вёсачак. Нагадаў старшыня і аб галоўнай палітычнай падзеі лютага – маючых адбыцца выбарах ў мясцовыя Саветы  дэпутатаў 28 склікання.

Неўзабаве выступленне перарасло ў дыялог. Жыхары вёскі пачалі гаварыць аб сваіх праблемах, непасрэдна звяртаючыся да Пятра Губея. Хоць Вужова і не вельмі вялікая вёска, пражывае тут усяго 140 чалавек, але пытанняў, якія хвалююць вяскоўцаў, хапае. Наракалі яны на работу мясцовага магазіна, дзе, па іх словах, не заўсёды можна купіць запалкі або звычайную лямпачку. Як зазначылі жыхары,  амаль паўгода ў магазіне не працуе тэлефон. Патэлефанаваць і даведацца, ці ёсць у продажы патрэбны тавар, няма ніякай магчымасці. Не задавальняе жыхароў і графік работы гандлёвай кропкі, якая працуе толькі тры разы на ты­дзень. “Часта бывае і такое, што хлебабулачныя вырабы і малочную прадукцыю прывозяць у панядзелак незадоўга да закрыцця магазіна, — скардзілася адна з жыхарак вёскі. – У аўторак і сераду магазін не працуе. За гэты час хлеб паспявае счарсцвець, а малако пракіснуць. Няўжо нельга перагледзець графік завозу прадукцыі,  каб людзі змаглі купіць свежы хлеб?” З гэтай праблемай Пётр Вікенцьевіч абяцаў тэрмінова разабрацца.

Скардзіліся вяскоўцы і на мясцовыя дарогі, якія ў непагадзь ператвараюцца ў непраходнае балота. “Гэта зараз прымарозіла, дык можна і на машыне праехаць, і пехам прайсці, а калі дажджы ішлі, што тут рабілася, — даносіліся з залы абураныя галасы прысутных. – Да магазіна нельга падысці, да Дома фальклору і да будынка мясцовага лясніцтва — таксама. Мы не просім пакласці нам тут асфальт,  дастаткова будзе зрабіць добрае гравійнае пакрыццё”. “Вёска ў нас перспектыўная, непадалёку ад аўтамабільнай трасы стаіць. Людзі тут дамы купляюць,  маладыя сем’і застаюцца жыць, дзеці растуць, — чуліся рэплікі вяскоўцаў. – Толькі вось з дарогай праблемы. У дрэнным стане дарога па вуліцах Школьная і Лясная”. Дарэчы, у вёсцы пражывае 29 дзяцей, якіх кожны дзень школьны аўтобус дастаўляе на вучобу. Праблемнае пытанне са станам дарог не засталося па-за ўвагай: Пётр Вікенцьевіч узяў яго пад кантроль.

Напрыканцы сустрэчы выступіў дырэктар ААТ “Чырвоны партызан” Сяргей Сцепанюк. Сяргей Яфімавіч звярнуўся да вяскоўцаў з просьбай вызначыцца з полем пад пасадку бульбы. “Падумайце,  дзе будзеце садзіць бульбу, на якім полі? – спытаў ў прысутных дырэктар сельгаспрадпрыемства. – Таму што яшчэ патрэбна туды ўнесці ўгнаенні і прадыскаваць зямлю”. Як патлумачыў Сяргей Яфімавіч, зямля выдзяляецца ўсім жадаючым. На аднаго чалавека адмерваецца 30 сотак.

— Які цудоўны прыклад узае­маадносін кіраўніка сельгас­прадпрыемства і вяскоўцаў, — падкрэсліваў Пётр Губей. – Сяргей Яфімавіч — сапраўдны гаспадар, які клапоціцца, перажывае за сваіх работнікаў і пенсіянераў. У такога дырэктара і вытворцы ёсць чаму павучыцца.

Разыходзіліся па дамах вяс­коўцы: размова атрымалася грунтоўнай і плённай. Галоўнае, што іх праблемныя пытанні і перажыванні былі пачуты і, хочацца спадзявацца, што ў бліжэйшы час яны будуць вырашаны станоўча.

Кацярына

Яцушкевіч.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!