Профессионал своего дела Татьяна Макарчук

Фельчарска-акушэрскі пункт у вёсцы, асабліва, калі яна аддаленая ад райцэнтра, гэта свайго роду “міні-паліклініка”.  Але  наведваючыся на ФАП, вяскоўцы атрымліваюць дапамогу толь­кі аднаго спецыяліста — фельчара, які, можна сказаць, ў нейкай ступені і тэрапеўт, і педыятр, і акушэрка, і нават псіхолаг.

Медыцынскаму работніку знаёмы на сяле кожны – ад бабуль-дзядуль да іх унукаў, ведаюць у кожным доме і самога фельчара. А таму яго можна смела назваць “сямейным доктарам”.  Ін’екцыі, працэдуры, наведванне хворых па выкліках, патранаж  немаўлят,  афармленне медыцынскіх дакументаў – работы ў фельчарскіх буднях шмат. Але гэтыя штодзённыя клопаты якраз і даюць адчуванне, што ты патрэбны людзям. І менавіта гэтае адчуванне лічыць самым прыемным у сваёй прафесіі фельчар Дарапеевіцкага ФАПа Таццяна Макарчук.

Ранак пачынаецца з пацыентаў

На ФАП мы трапілі якраз у той час, калі па раскладу работы павінен быў завяршацца прыём. Але ля кабінета фельчара яшчэ было шматлюдна. Таццяна Іванаўна аглядала маленькую пацыентку Ульяну. Затым запрасіла наступнага з чаргі. Яшчэ давялося пачакаць, пакуль фельчар выканае ін’екцыі, адпусціць лекі. Так з першых хвілін пераканалася, што ФАП на сяле запатрабаваны, а сам фельчар – чалавек сапраўды заняты. Ды і не дзіва. На тэрыторыі пяці вёсак, якія абслугоўвае фельчарска-акушэрскі пункт, пражывае 570 чалавек. Хто сам прыходзіць са скаргамі на дрэннае самаадчуванне, хто дадому выклікае. А ёсць катэгорыі, да якіх фельчар наведваецца без усялякага выкліку. Гэта, у першую чаргу, немаўляты да года, а іх на ўчастку сем. Наведваць іх фельчару даводзіцца часта. Ня- рэдкі госць Таццяна Іванаўна і ў дамах, дзе пражываюць мнага­дзетныя сем’і, вяскоўцы-інваліды, адзінокія састарэлыя людзі. Увогуле, калі ўжо гаварыць пра ўзроставы склад насельніцтва на тэрыторыі, якую абслугоўвае фельчарска-акушэрскі пункт, дык больш за 150 жыхароў складаюць людзі ва ўзросце 60 гадоў і старэйшыя, колькасць дзяцей да 18 гадоў – 116.  А гэтым катэгорыям патрэбна асаблівая ўвага медыцынскага работніка.

— Калі хварэе дзіця, стараюся наведаць яго штодня. Не заўжды бацькі згаджаюцца пакласці хворае дзіця ў стацыянар, пакідаюць дома. Тады і ўвечары, бывае, тэлефаную, каб пераканацца, што ўсё добра, інакш не змагу спаць спакойна, — расказвае ў размове вясковы фельчар. І ў яе словах адчуваю шчырасць і непадробную любоў да сваёй справы. Тут жа пераконваюся, што не памылілася ў сваёй ацэнцы. У кабінет заходзіць заклапочаны малады тата і просіць даць дзіцяці лекі ад кашлю. “Я да вас сёння абавязкова зайду, сама паслухаю дзіця і тады вызначымся з лякарствам,” – тлумачыць Таццяна Іванаўна занепакоенаму бацьку. А значыць, яшчэ адзін адрас дабаўляецца ў блакнот фельчара, дзе запісана ўжо два выклікі, таксама да хворых дзяцей. Нічога не зробіш: сырое надвор’е сёлетняга сту­дзеня спрыяе вірусам, а таму і хворых у такі час становіцца больш. Не на апошнім месцы для фельчара прафілактыка захворванняў, імунізацыя супраць грыпу. Каб правесці вакцынацыю, неабходна было арганізаваць растлумачальную работу з насельніцтвам.

Размова паступова пера­ходзіць на тэму хвароб. 194 вяскоўцы, як адзначае фельчар, узяты на дыспансерны улік, 103 з іх – з артэрыяльнай гіпертэнзіяй. Праблема з захворваннямі сардэчна-сасудзістай сістэмы найбольш актуальная, і тых, хто пакутуе ад павышанага артэрыяльнага ціску, становіцца ўсё больш нават сярод лю­дзей маладога ўзросту. Такія вяскоўцы пад асаблівай увагай фельчара, рэгулярна прахо­дзяць абследаванні. Яшчэ адна праблема, як заўважае Таццяна Іванаўна, хваробы апорна-рухальнага апарату. Радыкуліты, захворванні суставаў прынята звязваць з цяжкай працай вяскоўцаў. Але ў фельчара на гэта сваё меркаванне. Праца вясковага жыхара ніколі лёгкай не была, раней — тым больш, але такія захворванні сустракаліся значна радзей. А значыць прычына ў іншым – у ладзе жыцця, харчаванні і нават ў экалогіі.

Наведаць дома нованаро­джаных, трымаць пад кантролем цяжарных, правесці акушэрскі агляд,  пабываць з прадстаўнікамі школ у “праблемных” сем’ях,  заехаць у суседнюю вёску, калі паступае выклік ці трэба зрабіць патранажны агляд, аформіць належным чынам медыцынскія дакументы  –  усё гэта і ёсць звычайныя будні фельчара. І хоць вопыт у Таццяны Макарчук ужо багаты,  але часта ёй,  як прызнаецца, неабходны кансультацыя і дапамога ўрачоў. Удзячна яна педыятру Віталю Адольфавічу Тычынскаму, які дзеліцца вопытам, ніколі не пакідае пытанні фельчара без увагі, як і гінеколаг Таісія Анатольеўна Чуйко, падказка якой фельчару-акушэру вельмі патрэбна.Звярнуцца за дапамогай да калег-медыкаў Таццяна Іванаўна ніколі не лічыць лішнім, паколькі прафесія яе, як лічыць, адна з самых адказных, і любая памылка можа быць непапраўнай.  

Ад анатоміі – да лірыкі

Між  іншым, у прафесію фельчара Таццяна Макарчук прыйшла, можна сказать, зусім выпадкова. Магчыма, і гуляла яна ў дзяцінстве з іншымі дзецьмі ў “доктара”, давала “мікстуры” сваім лялькам. Але быць урачом ці фельчарам не марыла. З сяброўкай,  як расказвае, выбіралі такую прафесію, якая будзе падыходзіць абедзвюм, бо ніяк не хацелі пасля школы развітвацца. Перабралі шмат розных спецыяльнасцей, ад правадніцы да заатэхніка,  ды ніяк спыніць свой выбар не маглі. Што спадабалася адной, тое не падыходзіла другой. І вось, нарэшце, думкі сышліся, спыніліся дзяўчаты на медыцынскім вучылішчы. Бацькі такі выбар падтрымалі.

— Але пасля здачы экзаменаў высветлілася, што я паступіла, а сяброўка — не. Як я магла здрадзіць ёй? А таму бацькам сваім сказала, што таксама не паступіла, і пайшла забіраць дакументы. Ды іх мне не аддалі, сказалі, каб ехала дамоў і прывезла пісьмовую адмову бацькоў, — успамінае Таццяна Іванаўна гады свайго юнацтва.

Але бацькі забіраць дакументы, вядома, не дазволілі. Ды і ў вучылішчы далі зразумець, што ўсё роўна прыйдзе час, і з сяброўкай давядзецца пайсці рознымі жыццёвымі дарогамі, а таму адмаўляцца ад сваёй удачы нельга. Што так атрымалася, фельчар ніколі не пашкадавала, бо набыла,  як упэўнена, сапраўды цікавую і важную прафесію.

Працаваць малады спецыяліст прыехала да сябе на радзіму, у Кобрынскі раён. І,  магчыма,  ніколі б не трапіла на Маларытчыну,  калі б не закрыццё ў вёсцы медыцынскай установы. Дзе толькі ні даводзілася працаваць Таццяне Іванаўне, застаўшыся без работы па спецыяльнасці: і ў Доме сацыяльных паслуг, і ў дзіцячым садзе, і на ферме, і ў клубе мастацкім кіраўніком. Вось тут адкрыўся творчы талент жанчыны. Але маральнага задавальнення, такога,  як ад  прафесіі фельчара, не было. І вырашыла яна:  трэба нешта мяняць у сваім жыцці. Лёс прывёў сям’ю ў вёску Дарапеевічы. Тут Макарчукам знайшлася не толькі работа. Сям’і далі добраўпарадкаванае жыллё. І ўсё ж мастацкая творчасць пакінула ў душы Таццяны Іванаўны свой уплыў. І  работу фельчара, як бы гэта ні было парадаксальна, яна змагла спалучыць з работай мастацкага кіраўніка. Днём яна дапамагае вясковым пацыентам, а ўвечары спяшаецца ў мясцовы клуб, рыхтуе сцэнарыі, вядзе эстрадны і тэатральны гурткі, выступае на сцэне – спявае,  чытае вершы,  якія, між  іншым, піша сама. Але нават у клубнай дзейнасці фельчар застаецца фельчарам і вядзе для вясковых дзяцей аб’яднанне па інтарэсах “Дамашні доктар”. Аказваецца, чалавек, апантаны любімай справай, можа лёгка спалучаць анатомію і лірыку.

Камфорт  для ўсіх

Выказванне “Чысціня і парадак таксама лечаць” хоць і гучыць банальна,  але з’яўляецца неаспрэчным. Таму добраўпарадкаванню медыцынскіх устаноў надаецца асаблівая ўвага. І хоць Дарапеевіцкі ФАП заўжды меў акуратны выгляд, зусім нядаўна ён значна змяніў сваё аблічча. Абнавілася тут усё. Старыя вокны замянілі шклопакеты, сцены і столь “апрануліся” ў бялюткі сайдынг, былі ўсталяваны новыя дзверы. Камфортна ў абноўленым будынку сябе адчуваюць не толькі самі работнікі, а разам з Таццянай Іванаўнай на ФАПе шмат гадоў працуе санітарка Кацярына Міхайлаўна Блеян,  але і пацыенты. У будучым плануецца і знешняе абуладкаванне будынка. І гэта важна, бо ФАП у вёсцы – месца важнае, як і ў цэлым важным з’яўляецца клопат аб здароўі вяскоўцаў.

Святлана МАКСІМУК.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


https://220km.net

у нас www.mazda.niko.ua

exstraeconom.kiev.ua/uslugi-gruzchikov-kiev/