КУРС – НА ЯКАСЦЬ

У абласным аглядзе-конкурсе ўстаноў аховы здароўя за павышэнне якасці і культуры медыцынскага абслугоўвання па выніках 2010 г. Маларыцкая ЦРБ заняла другое месца
У 2010 годзе работа райбальніцы была накіравана на рэалізацыю мерапрыемстваў па захаванню і ўмацаванню здароўя насельніцтва. Вялася дыспансерызацыя,   назіраліся групы ўліку з акцэнтам на асоб працаздольнага ўзросту. У выніку гэтага знізілася смяротнасць ад некаторых сацыяльна-значных захворванняў.
На 1 студзеня 2011 года насельніцтва раёна склала 25780 чалавек. Нараджальнасць за 2010 год знізілася як сярод гарадскога, так і сярод сельскага насельніцтва і склала 12,7 на 1000 чал. насельніцтва. Смяротнасць на працягу апошніх 5 гадоў застаецца высокай. Летась паказчык агульнай смяротнасці склаў 17,5%,  што вышэй абласнога ўзроўню, аднак адносна 2009 года адбылося зніжэнне ўзроўню агульнай смяротнасці на 1,1% і смяротнасці ў працаздольным узросце — на 1,3%. Адзначаны рост захворвання злаякаснымі новаўтварэннямі і смяротнасць на гэтай прычыне. За 2010 г. паказчык дзіцячай смяротнасці ў раёне знізіўся на 45% і склаў 6,1 на 1000 народжаных жывымі і мёртвымі. Адбылося зніжэнне пярвічнай дзіцячай інваліднасці з 13,2 на 10 тысяч да 11,9 на 10 тысяч дзіцячага насельніцтва, пярвічнай інваліднасці дарослага насельніцтва ў працаздольным узросце — да 37,5 на 10 тысяч насельніцтва. Адсутнічаюць выпадкі пасляаперацыйнай лятальнасці, а таксама лятальнасці ад вострай пнеўманіі. Не дапушчаны рост смяротнасці ад туберкулёзу.
На працягу мінулага года ў раёне не зарэгістравана ўспышак інфекцыйных захворванняў. Дзякуючы праведзеным супрацьэпідэмічным мерапрыемствам значна знізілася захворванне грыпам. Не зарэгістравана летась ніводнага выпадку віруснага гепатыту А, В, менінгакокавай інфекцыі.
Бюджэтная забяспечанасць расходаў на 1 жыхара склала 472055 руб. Працэнт амбулаторна-паліклінічнай дапамогі ў агульнай суме затрат склаў 37,2%, стацыянарнай – 16,3%, хуткай дапамогі – 2,3%, іншых расходаў — 44,2%. Варта адзначыць, што ў 2010 годзе значна ўмацавалася матэрыяльна-тэхнічная база, палепшылася лекавае забеспячэнне. Так, летась у цэнтральную раённую бальніцу закуплена медыцынскай тэхнікі на суму каля 800 мільёнаў рублёў. Гэта фетальны манітор, лабараторныя аналізатары, фотакальпаскоп, фізіятэрапеўтычныя апараты, УЗІ-апарат, дэфібрылятары, ІВЛ-апарат, кансолі, фотаметры, крэслы гінекалагічныя, хірургічныя сталы і інш. Таксама набыты 2 спецаўтамабілі “хуткая дапамога” на суму 250 мільёнаў рублёў, ажыццёўлена цэнтралізаваная пастаўка рэнтгеналагічнага апарата “Космас-Універсал” коштам каля 460 мільёнаў рублёў.
Пакуль яшчэ застаецца вострай праблемай няхватка такіх спецыялістаў, як урачы-педыятры ўчастковыя, хірург, урач-неўролаг, урач-рэнтгенолаг, урачы ультрагукавой дыягностыкі, урачы прыёмнага аддзялення. Патрабуецца ўрач-тэрапеўт у Ляхавецкую амбулаторыю.
Задачай установы здароўя на гэты год з’яўляецца далейшае захаванне і ўмацаванне здароўя насельніцтва, павышэнне матывацыі супрацоўнікаў да гэтага, аказанне якаснай медыцынскай дапамогі, паляпшэнне кваліфікацыі спецыялістаў, рацыянальнае выкарыстанне фінансаў і далейшае паляпшэнне матэрыяльнай базы.
Анжэла МАРЧАНКА, намеснік галоўнага ўрача райбальніцы.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.