Тэхналогіі — ізраільскія, малако — дарапеевіцкае

Сёння ўзровень развіцця жывёлагадоўлі ў СВК “Дарапеевічы” – гэта тая планка, якая павінна стаць арыенцірам для ўсіх гаспадарак раёна. Шчыльнасць жывёлы складае тут 105 галоў на 100 га сельгасугоддзяў. Станоўчая дынаміка нарошчвання вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі сведчыць, што тут умеюць працаваць з зямлёй, а значыць, атрымліваюць добрыя вынікі. Сёння ў гаспадарцы дояць больш чым па 16 кілаграмаў малака, 80% яго прадаюць вышэйшым гатункам, больш чым 15% — экстракласам. Гэта адзін з самых стабільных сельгаскааператываў, дзе пастаянна займаюцца аздараўленнем жывёлы. За 2 месяцы гэтага года тэмпы росту валавой прадукцыі тут склалі 114% — значна больш, чым за такі перыяд летась. Стабільнасць – галоўнае ў рабоце. А за ёй хаваецца каласальная праца калектыву і ў першую чаргу яго кіраўніка Васіля Юхімука.
Васіль Фядосавіч з тых,  хто адчувае новае, бачыць яго,  жыве ім. Прывозячы нямала ўбачанага з замежных службовых камандзіровак, у якіх нярэдка бывае, стараецца ўкараняць у сябе. У гаспадарцы многа зроблена па ўтрыманні жывёлы па прыкладу замежных краін.
Вось і нядаўна тут уступіла ў строй новая ферма,  дарэчы,  адна з дзвюх у рэспубліцы, дзе ўстаноўлена ізраільская праграма, што кіруе працэсам даення. Гэта адна з найбольш дасканалых праграм на сённяшні дзень. Функцыянальныя магчымасці яе маюць шэраг пераваг. На экране бачна, колькі кароў на ферме, колькі іх надоена, якая актыўнасць жывёлін. Прычым працэнт вызначэння дакладнасці актыўнасці дасягае 98. Сістэма ўзважвання жывёлы, наладжаная тут, дае магчымасць даведацца пра здароўе жывёлы. Скажам, калі яна губляе вагу,  гэта ўжо сігнал таго, што з ёй нешта адбываецца. Сістэма гэтая патрэбна і для таго, каб сачыць за рацыёнам кармлення. На экране пасля кожнай дойкі ідзе справаздача па колькасці і якасці надоенага малака, адразу можна даведацца пра тлустасць, саматыку, утрыманне крыві ў малацэ, сумарны яго надой. Тут бачна і работа абслуговага персаналу. Адным словам, камп’ютар выдае ўсю інфармацыю. Упраўляць такой праграмай павінны пад­рыхтаваныя спецыялісты. Абслугоўвае яе на ферме нядаўні выпускнік Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны Аляксандр Буйко. Цяпер на ферме дояць 300 кароў. Працуюць 3 даяркі.
Такая ферма – даўняя мара старшыні, якая ажыццявілася. Але на гэтым у гаспадарцы не спыняюцца – цяпер працягваецца рэканструкцыя фермы з пашырэннем да 900 галоў.
З новымі тэхналогіямі даення кароў з цікавасцю знаёміліся ўдзельнікі раённага семінара па жывёлагадоўлі, які прайшоў у мінулую сераду ў СВК “Дарапеевічы”. Семінар быў плённы ў плане навінак. Яго ўдзельнікам была прадэманстравана перасоўная ўстаноўка для імгненнага ахалоджвання малака на пашы, вопытны ўзор якой паспяхова прайшоў выпрабаванні ў 2010 годзе і эксплуатуецца ў ААТ “Агра-Пелішча” Камянецкага раёна. Прадстаўнікі ААТ “Савушкін прадукт”, гомельскай фірмы “Сейбіт”, аблсельгасхарчу далі шмат цікавай інфармацыі па праблемах павышэння якасці малака, прымянення новых відаў угнаенняў,  выкарыстання ГЗМ, наогул падрыхтоўкі да сяўбы. На семінары выступілі спецыялісты райсельгасхарчу, раённых службаў.
Жывёлагадоўля сёння павінна разглядацца праз прызму вясенняй пасяўной кампаніі, якая вось-вось пачнецца. І старшыня райвыканкама Казімір Лапіч, і начальнік райсельгасхарчу Вячаслаў Федзюковіч паставілі пэўныя задачы перад удзельнікамі семінара па паспяховаму правядзенню пасяўной.
Ніна СВІЦЮК.
НА ЗДЫМКУ: удзельнікі семінара на новай ферме ў СВК “Дарапеевічы” знаёмяцца з новымі тэхналогіямі.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Добавить комментарий


моторное масло мобил

別れさせ屋 長野

agroxy.com/prodat/kukuruza-141
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!