Дасягненні Лізаветы Піліпук з Маларыты

Лізавета Піліпук цяпер вучыцца ў 6 “А” класе Маларыцкай раённай гімназіі ў асноўным на “9” і “10”. Не горшыя поспехі ў яе і ў Маларыцкай дзіцячай школе мастацтваў. Тут Лізавета з’яўляецца адной з лепшых вучаніц. Яе партрэт вісіць на дошцы гонару ўстановы адукацыі “Таленавітыя дзеці – квітнеючая краіна”. Дзяўчынка таксама спявае і ў народным ансамблі.

Лізавета ўжо чацвёрты год засвойвае музычны інструмент фартэпіяна пад кіраўніцтвам настаўніцы Маргарыты Рэянтовіч. У дзяўчынкі спадчынная цяга да музыкі. Яе бабуля – Марына Станіславаўна Кот – закончыла дзіцячую школу мастацтваў па класе “Фартэпіяна”. Маці Лізаветы – Алена Паўлаўна – вучылася, як і дачка, у Маларыцкай дзіцячай школе мастацтваў па класе “Фар­тэ­піяна”.
–У маёй сям’і любяць жывую музыку, таму ў нас яна гучыць дома не толькі тады, калі я рых­тую “музычныя” дамашнія заданні, – гаворыць Ліза­вета. – Пайсці вучыцца ў музычную школу ніхто не пры­мушаў. Проста мяне чаравалі гукі, калі мама іграла на фартэпіяне. А ці змагу так калі-небудзь сыграць і я? Не раз задумвалася над гэтым пытаннем. Таму год наведвала Цэнтр эстэтычнага выхавання і тым самым рыхтавалася да паступлення ў дзіцячую школу мастацтваў.
Маргарыта Рэянтовіч расказала, што цяпер Лізавета Піліпук вядзе, калі можна так сказаць, актыўную конкурсную дзейнасць як сольна, так і разам з Маргарытай Федарук у складзе ансамбля “Сугучча”. І там, і там ёсць вынікі.
     За час вучобы ў скарбонцы творчых дасягненняў Лізаветы ёсць перамогі на абласных, рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтвах. Дзяўчынка сур’ёзна рыхтуецца да кожнага выступлення, таму і вынікі – заслужаныя. Цяпер у Лізаветы 17 заваяваных дыпломаў і грамат, з іх 6 – міжнароднага ўзроўню, у тым ліку тры – Дыпломы лаўрэата І ступені.
Дзяўчынка зусім нядаўна прымала ўдзел у міжнародным фестывалі “Мы разам”, які праходзіў у Брэсце пры афіцыйнай падтрымцы ўпраўлення адукацыі і ўпраўлення спорту і турызму Брэсцкага аблвыканкама. Па выніках гэтага творчага спаборніцтва Лізавета ўзнагароджана Дыпломам лаўрэата І ступені ў намінацыі “Інструментальная творчасць. Сола”. На суд прафесійнага журы яна прадставіла п’есу Аліны Бензен­сон “Дамашні планетарый”. У творчым спаборніцтве ў малодшай узроставай групе, дзе выступала Лізавета, прымала ўдзел 56 чалавек з усіх абласцей Беларусі, а таксама з Бялай Падляскі (Польшча), Екацярынбурга, Маскоўскай і Краснаярскай абласцей, Рэспублікі Карэлія (Расія).
– Мне падабаецца класічная музыка, – гаворыць Лізавета. – У вольны час люблю слухаць творы І.С.Баха, В.А.Моцарта, Л.ван Бетховена, А.Л.Вівальдзі. Падабаецца мне таксама і музыка рускіх кампазітараў-класікаў: П.І.Чайкоўскага, С.В.Рахманінава, А.П.Барадзіна, М.П.Мусарскага. Асаблівае маё захапленне – выкананне твораў сучасных аўтараў. Праўда, на шырокай публіцы іграю толькі тое, што не раз адрэпеціравана з маёй настаўніцай Маргарытай Сяргееўнай. Падчас такіх выступленняў зусім не павінна быць фальшу. Трэба, каб гукі жывой музыкі гучалі так, каб слухачы ў зале атрымлівалі асалоду ад пачутага.
Лізавета Піліпук прызналася, што ў яе ёсць запаветная мара. Дзяўчынка хоча навучыцца іграць на шасціструннай гітары так, як яна гэта ўмее на фартэпіяна.
Мікалай НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.