Філатэліст — захавальнік гісторыі

Каб пакінуць пасля сябе добры след, трэба напоўніць сваё жыццё сэнсам, зрабіць нешта важнае і добрае, лічыць настаўнік Олтушскай СШ Вячаслаў Мікалаевіч Зезюкоў. Дарэчы, Вячаслаў Мікалаевіч – гэта чалавек з цікавым мысленнем і адкрытай душою. Ён працавіты і шчыры,  заўсёды падтрымае і зразумее. Шануе сваю сям’ю і ўмее берагчы сямейныя каштоўнасці. А яшчэ вельмі любіць прыроду. З маленства ён займаўся пчалярствам, хадзіў разам з бацькам на рыбалку. Навакольная прыгажосць вабіла вока, здавалася загадкавай, так і хацелася разгадаць яе таямніцы. А яшчэ ён любіў з сябрамі гуляць у розныя гульні. Адным з дзіцячых захапленняў было калекцыяніраванне марак. Ніхто тады не ведаў, што гэтае захапленне захаваецца на ўсё жыццё.
Калі ішла на сустрэчу з настаўнікам, вельмі хвалявалася, хоць ведала, што размова пройдзе цікава і пазнавальна.
— Мая калекцыя пачалася са звычайнай гульні ў маркі,  — пачаў свой расказ Вячаслаў Мікалаевіч. – Мне тады гадоў дванаццаць было. З іншага боку паглядзець на маркі дапамог бацька, які прывёў мяне ў клуб філатэлістаў. Тады я ўпершыню даведаўся, што маркі збіраюць у спецыяльныя клясеры, працуюць з імі толькі чыстымі, вымытымі з мылам рукамі і, каб не пашкодзіць марку, бяруць яе пінцэтам. Маркі забруджаныя, адклееныя ад канвертаў ці парваныя ўжо ніякай каштоўнасці не ўяўляюць.
Як вядома, тых,  хто збірае папяровыя грошы,  называюць баністамі, хто цікавіцца манетамі – нумізматамі, а тых, чыя душа цягнецца да марак, завуць філатэлістамі.
— Філатэліст, — заўважаў у размове мой субяседнік, — гэта заўзяты калекцыянер. У мяне ёсць маркі рознай тэматыкі, з розных краін свету. Я пастаянна шукаю мінусы сваёй калекцыі і дапаўняю яе. Мяне вельмі прывабліваюць маркі беларускія. Яны ў маёй калекцыі ёсць усе – ад першай, якая вый­шла ў 1992 годзе, да апошняй, 2011 года. Савецкія маркі былі ў свой час вельмі папулярнымі, шмат хто імі цікавіўся. Захапляліся і маркамі Польшчы, Венгрыі, іншых замежных краін. Амерыканскія маркі раней ў Савецкі Саюз не дасылалі, “даставалі” іх,  хто як мог. Каштоўнасць маркі залежыць ад году выпуску, тыражу, тэматыкі і многіх іншых акалічнасцей. Чым меншы тыраж марак, тым большая іх цана. Напрыклад, савецкія маркі 30-х і 50-х гадоў з’яўляюцца рэдкімі і найбольш каштоўнымі. А ў гады вайны многія тыражы марак зусім былі знішчаны.
Каб мне быў больш зразумелы расказ яго, Вячаслаў Мікалаевіч паказаў каталог з усімі савецкімі маркамі, распавёў пра многія бакі і сакрэты калекцыяніравання. Напрыклад, я даведалася,  што могуць быць маркі з няпоўнай перфарацыяй альбо перавернутай надпячаткай. Яшчэ можа быць зрух ці адсутнасць элемента малюнка. Такія экзэмпляры каштуюць вельмі дорага, бо іх мала. Цэны на маркі таксама розныя – ад некалькіх беларускіх рублёў да некалькіх мільёнаў рублёў.
— Каштоўнай лічыцца марка, якая прыклеена да канверта і прайшла пошту, — працягваў Вячаслаў Мікалаевіч свой цікавы расказ. – Мяне цяпер больш менавіта такія маркі цікавяць. Вельмі цікава збіраць рознакаляровыя канверты з маркамі. Увогуле ў маёй калекцыі дваццаць вялікіх клясераў з маркамі і прыкладна столькі ж  малых.
Ад Вячаслава Мікалаевіча я пачула, што галоўная зброя філатэліста – лупа, з дапамогай якой можна ўбачыць адзначаныя на марцы намінальную цану і месца яе выпуску. Клеяцца маркі спецыяльным клеем. Цікава было даведацца і пра тое,  што маркі бываюць фальшывымі. Знаходзяцца тыя, хто, як і грошы, падроблівае маркі. Але сапраўдны філатэліст добра ведае,  па якіх знаках можна выявіць фальшыўку.
На тэму калекцыяніравання марак,  здавалася, Вячаслаў Мікалаевіч мог гаварыць бясконца і слухаць яго было вельмі цікава.
— Самая старая марка ў маёй калекцыі, — расказваў філатэліст, — марка царскай Расіі 1913 года. А з марак савецкага часу – марка 1918 года. Старыя маркі выклікаюць асаблівае пачуццё. Ад іх вее гісторыяй. Гэта, як стары горад, які нясе ў сабе ўспаміны, пачуцці… Я б згодзен быў аддаць усе свае новыя маркі за некалькі старых.
Значную частку гісторыі, як прызнаецца Вячаслаў Мікалаевіч, ён пазнаў менавіта дзякуючы свайму хобі. Бо ўсе значныя падзеі адлюстраваны ў марках. Яшчэ маркі, як упэўнены філатэліст, вучаць акуратнасці, любові да навакольнага асяроддзя, да сваёй краіны.
— Але нельга, — лічыць ён, — станавіцца празмерным фанатам філатэліі. Бо можна ўкласці ў маркі ўвесь сямейны бюджэт. А гэта значыць, што трэба, каб у чалавека былі і іншыя захапленні.
Сам Вячаслаў Мікалаевіч, акрамя філатэліі, мае шмат любімых заняткаў.
— Трэба ўмець, – заўважае ён, —  пераключацца з аднаго занятку на другі. Гэта і ёсць самы лепшы адпачынак. Прыйду часам з работы стомлены, вазьму вуды і на рыбалку адпраўляюся. А там прырода, якая выклікае іншыя пачуцці, думкі аб нечым прыемным. Альбо наведаю сваю трусіную гаспадарку, пагляджу, ці ўсё добра, паразмаўляю з жывёламі. І адразу настрой змяняецца. Ёсць у мяне і рыбкі “гупі”, планую яшчэ іншых набыць. Калі ёсць у чалавека нейкае захапленне, няма часу яму на шкодныя звычкі. Хобі – гэта сапраўдныя лекі для душы.
Вячаслаў Мікалаевіч быў бы вельмі рады, калі б знайшоўся ў раёне  яшчэ хоць  адзін філатэліст ці чалавек,  які зацікаўлены гэтай справай. Калекцыянерам з агульным захапленнем было б што абмеркаваць.
Вольга МОРСКАЯ, вучаніца Олтушскай СШ.
НА ЗДЫМКАХ: філатэліст Вячаслаў ЗЕЗЮКОЎ; маркі з калекцыі.
Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


Веломагазин киев https://velotime.com.ua
www.medicaments-24.net

also read best-cooler.reviews