На Маларытчыне надаюць увагу краязнаўчаму выхаванню

Што такое краязнаўства? На думку вучоных, гэта комплекснае навукова-даследчае і папулярызатарскае вывучэнне пэўнай тэрыторыі і назапашванне ведаў пра яе па геаграфіі, экалогіі, гісторыі, археалогіі, тапаніміцы, тапаграфіі, геральдыцы, этнаграфіі, філалогіі, мастацтвазнаўстве і інш. Ёсць і тыя, хто лічыць, што краязнаўства – гэта цудоўная школа выхавання грамадзянскасці і фарміравання асноў жыццёвага самавызначэння.

Пытанні краязнаўства былі і застаюцца важнымі і актуальнымі, таму на Маларытчыне гэтаму надаецца пільная ўвага і праводзяцца розныя мерапрыемствы. Павышэнню цікавасці да вывучэння роднага краю спрыяе і раённая алімпіяда па краязнаўстве сярод вучняў устаноў адукацыі Маларытчыны. Праводзілася яна і ў гэтым навучальным годзе. Па яе выніках Дыпломам І ступені ўзнагароджана Вікторыя Назарук, вучаніца 9 класа Олтушскай СШ, Дыпломам ІІ ступені – Станіслаў Ярашук, вучань 10 класа  Маларыцкай раённай гімназіі, Дыпломам ІІІ ступені – Ганна Мірчук, вучаніца 8 класа Мельніцкай БШ.

Пытанняў краязнаўства тычыліся і работы вучняў устаноў адукацыі Маларытчыны, прадстаўленыя на ХІІІ раённую навукова-даследчую канферэнцыю вучняў “Дзеці. Творчасць. Інтэлект”. Напрыклад, у секцыі “Лінгвістыка” (вучэбны прадмет “Беларуская мова”) Анастасія Максімук, вучаніца 9 класа Олтушскай СШ (настаўніца Кацярына Алесік), падрыхтавала даследаванне на тэму “Ёсць такая зямля…Лінгвістычны аналіз тапонімаў вёскі Олтуш і яе ваколіц”. Анастасія Нушчык, вучаніца 11 класа Радзежскай СШ (настаўніца Лідзія Дацык), вывучала тапаніміку роднага краю, Ганна Семянюк, вучаніца 8 класа Дарапеевіцкага д/с-СШ (настаўніца Зінаіда Барысюк), прадставіла работу “Гадонімы вёскі Дарапеевічы: старажытнасць і сучаснасць”. А вось Дар’я Яцура, вучаніца 11 класа Арэхаўскай СШ (настаўнік Валянціна Шыцікава), даследавала ўласныя асабовыя імёны свайго населенага пункта.

Цікавяцца пытаннямі краязнаўства і вучні раённай гімназіі. Тут пры краязнаўчым музеі “Спадчына” існуе пошукавая група. Цяпер вучні, якія ў яе ўваходзяць, збіраюць матэрыял пра адукацыю Маларытчыны. Праца з рознымі крыніцамі дазволіла сабраць наступную інфармацыю.

Народнае вучылішча (пачатковая школа) адкрылася ў мястэчку Маларыта ў пачатку 1862 года. Яго тады наведвала 32 хлопчыкі і 4 дзяўчынкі.  У вучылішча  прымаліся дзеці, якія дасягнулі васьмігадовага ўзросту. Навучанне працягвалася 3 гады.

Маларыцкае вучылішча да 1917 года было адным на  4 воласці: Маларыцкую, Олтушскую, Вялікарыцкую і Камянец-Жыравіцкую. У гэтай установе адукацыі навучалася 150 чалавек. Заняткі пачыналіся 1 верасня і заканчваліся 1 мая па той прычыне, што дзеці павінны былі дапамагаць бацькам падчас сяўбы і ўборкі ўраджаю. Заняткі  праводзіліся па 6 гадзін у дзень. Пасля заканчэння кожнага навучальнага года вучні  здавалі экзамены. Вучыцца было цяжка. Часта адзін падручнік  быў адзіным на ўвесь клас. Сшыткаў вучні  народнага вучылішча не мелі зусім. Пісьмовыя работы  выконваліся  на аспідных дошках.

У дарэвалюцыйных установах адукацыі вялікая роля надавалася Закону Божаму і царкоўным песнапенням. Настаўнік павінен быў назіраць, каб вучні выконвалі праваслаўныя абрады, кожную нядзелю наведвалі царкву. Заняткі штодзень  пачыналіся і заканчваліся малітваю. Акрамя таго, у народных вучылішчах, у тым ліку і Маларыцкім, дзяцей вучылі чытанню, пісьму і чатыром арыфметычным дзеянням. Выкладаліся такія прадметы, як Закон Божы, “Руская граматыка”, якая ўключала чытанне кніжак грамадзянскага і царкоўнага друку, чыстапісанне і хуткапіс. Навучанне ў асноўным вялося на рускай мове.                                                                                                 

Мікалай НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.