Дэпутат — чалавек, якому давяраюць

Літаральна два тыдні застаецца да важнай палітычнай падзеі – выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў. І чым яны бліжэй, тым больш кожны з нас задумваецца над значнасцю той ролі, якую выконваюць народныя выбраннікі. Аб гэтым і пагутарылі мы з маларытчанамі, задаўшы ім усяго адно пытанне: “Якім, на іх думку, павінен быць дэпутат?”

Людміла БУРШТЫН, настаўніца Маларыцкай СШ №1.

— Дастаткова прагля­дзець спіс кандыдатаў у дэпутаты, каб стала відавочным, што кожны з гэтага спісу прафесіянал у сваёй справе. І гэта вялікі плюс, бо, працуючы на адказным пасту, можна ўнесці лепту не толькі ў жыццё раёна, але і пасадзейнічаць у вырашэнні надзённых праблем кожнага жыхара. У той жа час дэпутату пры выкананні сваіх дэпутацкіх функцый  нельга абмяжоўвацца толькі прафесійнай дзейнасцю. Трэба бачыць людзей сваёй акругі, ад якіх дэпутат атрымаў галасы. Дэпутацкая работа павінна быць штодзённай, а не ад сустрэчы да сустрэчы. Іншы раз атрымліваецца так, што пры вырашэнні праблем заўважаюць толькі таго чалавека, які сам звяртаецца са скаргай ці просьбай, а той, хто сціплы, не ўмее пастаяць за сябе, застаецца са сваімі праблемамі ў цені. І не будзе лішнім прайсціся ці праехацца па вуліцах сваёй акругі, каб убачыць праблемы,  жыццёвыя, на­дзённыя. Работа дэпутата, на маю думку, складаецца з дробязяў. І заўважаць ён павінен не толькі дрэннае, але і добрае. Калі ёсць нагода,  то можна нават і сем’і наведаць. Увогуле, лічу, дэпутат павінен мець сваю дакладную жыццёвую пазіцыю і не баяцца дыпламатычна выказваць яе на любым узроўні, не забываючы, што ён – народны выбраннік.

Вера БЯГЕЗА, бухгалтар:

— Я лічу, што менавіта той, хто жыве і працуе побач з простым чалавекам, хто ведае жыццё, як кажуць, знутры і на сабе адчувае праблемы і нязручнасці, заслугоўвае права называцца і быць дэпутатам. Даць абяцанні ў перадвыбарчую кампанію значна лягчэй, чым выконваць іх. Але званне дэпутата не толькі ганаровае,  але і адказнае. Апраўдваць давер неабходна канкрэтнымі справамі.

Я жыву ў вёсцы Арэхава, працую ў сельвыканкаме і бачу, як стараецца выконваць свае дэпутацкія абавязкі Святлана Васі­льеўна Вітаноўская. Да людзей, якія прыходзяць за дапамогай у вырашэнні праблем,  яна заўжды адно­сіцца ўважліва, ветліва, з разуменнем і жаданнем унікнуць у іх сутнасць. Як дэпутат, яна не магла застацца раўнадушнай і неаднойчы ўзнімала пытанне неабходнасці будаўніцтва дарогі да нашага аграгарадка. Будаўніцтва было распачата, і цяпер чакаем яго завяршэння. Можна было б прыводзіць яшчэ шмат іншых прыкладаў. Лічу, што менавіта канкрэтны падыход да вырашэння праблем і павінен быць у дэпутата любога ўзроўню.

Наталля ГАЛАВІЙ, дырэктар Маларыцкай раённай цэнтралізаванай клубнай сістэмы:

— У першую чаргу гэта камунікабельны чалавек, які мае аўтарытэт сярод людзей. На маю думку, вялікі плюс, калі дэпутатам становіцца той, хто займае пасаду кіраўніка. Такі чалавек адукаваны, умее вырашаць праблемныя пытанні, шырока мысліць, карыстаецца павагай і мае ўплыў у грамадстве. А значыць, калі да яго, як да дэпутата, прыйдзе выбаршчык са сваёй праблемай, ён зможа канкрэтна дапамагчы. Яшчэ немалаважна, каб дэпутат быў чалавекам неабыякавым. У дэпутацтва, як і ў любую іншую справу, трэба ўкладваць душу. Калі чалавек адчувае абыякавасць да свайго пытання ці праблемы,  то ён перастае давяраць, прычым не толькі таму дэпутату, да якога звярнуўся, але і іншым.

Уладзімір БОЙКА, пенсіянер, старшыня раённага савета ветэранаў:

— Дэпутатам можа стаць чалавек актыўны, каму­ні­ка­бельны, які пастаянна знаходзіцца на відавоку не толькі ў суседзяў і калег,  але і іншых людзей. Кандыдат у дэпутаты павінен ахвотна падтрымліваць зносіны з простымі грамадзянамі па тых тэмах, якія хвалююць людзей, смела выказваць свае думкі і даносіць да органаў улады праблемныя пытанні. Каб заслужыць давер, ён павінен быць прыкладам у паводзінах і ўзаемаадносінах з людзьмі, клапатлівым сем’янінам, чалавекам, які паважае людзей  пажылога ўзросту і неабыякавы да паводзін моладзі. Такога чалавека падтрымаюць, і калі стане дэпутатам, да яго будуць ісці з пытаннямі. Калі гаварыць пра добрыя прыклады дэпутацкай дзейнасці, дык не магу не сказаць пра Наталлю Анатольеўну Паздзяйкіну. Яна ніколі не пакідае без увагі просьбы людзей,  з якімі звяртаюцца да яе,  імкнецца,  па магчымасці, вырашаць усе праблемы. Прыкладам дэпутата-кіраўніка з’яўляецца Васіль Фядосавіч Юхімук, старшыня СВК “Дарапеевічы”, які сваёй стараннасцю змог вывесці гаспадарку на належны ўзровень і, нягледзячы на сваю занятасць, не пакідае без увагі патрэбы вяскоўцаў.

Гутарыла Святлана МАКСІМУК.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.