В Малорите будет работать школа наблюдения за птицами

Ці вядома вам, што ў Маларыце жыве два віды вераб’ёў? Ці можаце адрозніць зімою варону ад грака? Ці ведаеце, дзе можна  ўбачыць птушку года – шчыгла? Калі не ведаеце адказаў на гэтыя пытанні, то тады неабходна запісацца ў школу бёрдвочара, якая з 11 лютага будзе працаваць у Маларыце. Выкладчыкам у ёй стане маларытчанін, вядомы беларускі арнітолаг Дзяніс Кіцель.

– Бёрдвочынг – свое­асаблівая школа па вы­вучэнні і назіранні за птуш­камі,  – расказвае Дзяніс Кіцель. – Гэты цікавы занятак імкліва набірае папулярнасць у свеце. Азарт адкрыццяў і радасць, якую ён прыносіць, пры­ваблівае самых роз­ных людзей.  Гэ­тае хобі дорыць  чалавеку радасць і задавальненне, дае магчымасць больш рухацца і  разнастаіць сваё жыццё. Вельмі хацелася б, каб да яго актыўна далучыліся і маларытчане.

Дзікая прырода побач з намі нават у райцэнтры і яго ваколіцах. Шмат розных птушак жыве навокал. У Маларыцкім раёне цяпер зарэгістравана больш за 200 відаў птушак. Таму не абавязкова ехаць у іншыя краіны, каб пабачыць новых.

–Дзяніс, як запісацца ў школу бёрдвочараў?

–Яе ў Маларыце арга­ні­зоўвае грамадскае аб’яд­нанне “Ахова птушак Баць­каўшчыны”. Мы чакаем усіх, незалежна ад адукацыі і прафесіі. Запісацца на бясплатныя курсы могуць усе, каму ўжо споўнілася 18 гадоў.  Для гэтага дастаткова патэлефанаваць на нумар 8029-7251615 ці напісаць на е-mail: [email protected] і пацвердзіць сваю заці­- ­каўленасць курсамі. Між іншым, колькасць месцаў абмежаваная.

–Дзяніс, што даведаюцца слухачы школы бёрдво­чараў?

–Усяго будзе праведзена 8 тэарэтычных заняткаў і 2 палявыя экскурсіі ў зручны для групы час. На бясплатных курсах мы паспрабуем вывучыць больш за сто відаў птушак. Слухачы даведаюцца не толькі як адрозніваць птушак, але і як неабходна апранацца для бёрдвочынгу, як правільна складаць маршрут,  як апісваць тую ці іншую птушку і пазначаць яе месцазнаходжанне… Кожны “вучань” школы атрымае таксама шпаргалку са спісам усіх птушак Беларусі і асноўнай інфармацыяй пра кожны від.

Застаецца толькі садзьмуць пыл з бі­нокля, каб па­грузіцца ў асаблівы і непаўторны  свет назірання за птушкамі роднага краю. Далучайцеся!

*  *  *

Між іншым, школа бёрдвочара ла­дзіцца ў межах іні­цыятывы “Будзь зда­ровы з птушкамі”, якую ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны” правядзе сёлета ў 10 раённых цэнтрах Брэсцкай і Гомельскай абласцей. Ініцыятыва рэалізуецца ў межах праекта міжнароднай тэх­нічнай дапамогі “Прафі­лак­тыка неінфекцыйных за­хворванняў, прасоўванне здаровага ладу жыцця і падтрымка мадэрнізацыі сістэмы аховы здароўя ў Рэспубліцы Беларусь”, які фінансуецца  Еўрапейскім Саюзам  і рэа­лізуецца Праграмай развіцця ААН (ПРААН), Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя (СААЗ), Надзвычайным Міжнародным Дзіцячым Фондам ААН (ЮНІСЕФ), Фондам ААН у вобласці народанасялення (ЮНФПА) у партнёрстве з Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.

     Мікалай НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.