Народны каляндар: люты

Люты — апошні месяц зімы, багаты на мяцеліцы, але ўжо больш лагаднейшы за іншыя. Другі месяц года ў беларусаў здаўна называўся люты. Сучасная назва яго адлюстроўвае характэрную асаблівасць пары года – месяц моцных і злосных маразоў. У старажытнарымскім календары называўся Februarius і быў апошнім, 12-ым, месяцам. Такая назва засталася ў многіх мовах. У старабеларускай мове люты яшчэ меў назву снежын.

Было заўважана, што менавіта гэты месяц з’яўляецца для чалавека самым складаным сярод іншых у гадавым цыкле. Па-першае, выпадала шмат снегу, стаялі лютыя (гэта значыць моцныя) маразы. Па-другое, у народзе казалі: “Гэты месяц не дае доўга спаць: трэба плугі ладзіць і калёсы папраўляць”. Па-трэцяе – (заўважана псіхолагамі), люты – самы горшы час для якаснага сну і засынання: людзі марнуюць у сярэднім на 8 хвілін даўжэй, каб заснуць. Таму,   напэўна, старажытныя насельнікі Зямлі і зрабілі яго самым кароткім (месяц мае 28 дзён у звычайны год і 29 – у высакосны).

Народ заўважыў.

Па стане лютага прадказвалі асаблівасці будучага надвор’я. Калі ў гэтым месяцы быў моцны мароз, зіма павінна працягвацца нядоўга. Як і студзень, люты меў свой адпаведнік у другім паўгоддзі: раз люты марозны і сухі, то жнівень гарачы.

Па тым, наколькі высока нападае ў лютым снег, меркавалі пра вышыню травы ўлетку.

Калі ў лютым вераб’і зашыліся пад стрэхі, то чакай у госці мя­целіцу.

Раніца ў лютым хутка займаецца – быць холаду.

Светлыя слупы каля сонца ў лютым – да марозу.

Калі ў лютым вечаровыя зоркі хутка перагараюць, будзе адліга.

У лютым моцныя маразы – зіма хутка закончыцца.

У лютым снегапад – да ціхай вясны.

Калі ў лютым месяц ясны,  ура­джай будзе небагаты.

Моцныя лютаўскія маразы – да кароткай зімы і гарачага лета.

У пачатку лютага цёпла, растае снег – да добрага ўраджаю.

Калі люты халодны – да спрыяльнага лета.

Люты халодны і сухі – жнівень гарачы.

Люты цёплы – да халоднай вясны, а марозны – да спрыяльнага лета.

Яркія зоркі ў лютым – да марозу, цьмяныя – да адлігі.

Калі люты выдасца даж­джлівым, то такімі ж можна чакаць вясну і лета. Пагодлівы люты прадвесціць засуху летам.

У канцы лютага шмат доўгіх ледзяшоў – да доўгай вясны.

Чым халадней апошні ты­дзень лютага, тым цяплей будзе ў сакавіку.

Гром у лютым – да моцных вятроў

Прыкметы па днях месяца.

  1. Народны вопыт дазволіў вывесці калісьці і такое назіранне: які дзень першага лютага, такімі выдадуцца і апошнія дні месяца.
  2. Калі дзень сонечны – вясна чырвоная будзе, калі пахмурна – чакай позніх мяцеліц.
  3. Які гэты дзень, такая і вясна.
  4. Калі ў поўдзень сонечна ці сярод дня мяцеліца – будзе ранняя вясна, а калі вецер, то лета – сырое і дажджлівае
  5. На Трыфана зорна – вясна позняя.
  6. Грамніцы, альбо Стрэчанне. Першая назва свята, як мяркуюць, пайшла ад язычніцкага бога Грамоўніка, якому прыпісвалася ўтварэнне веснавых навальніц і дажджоў. Пасля гэтага дня павінны страціць сваю ўладу змрочныя сілы зімы: “На Грамніцы – паўзіміцы” або “Як прыйдуць Грамніцы – скідай рукавіцы”.

Калі на Грамніцы певень з-пад страхі нап’ецца вадзіццы, то на Юр’я – вол пад’есць травіцы. Калі ж на Грамніцы здараўся вялікі мароз, то снег павінен быў праляжаць нядоўга, а вясна і лета не абяцалі нічога добрага. Грамнічная мяцеліца прадказвала, што вясна затрымаецца даўжэй, чым звычайна. Пры адсутнасці адлігі можна было спадзявацца на пагоднае, сухое лета.

На Грамніцы асвячаюць свечкі ў царкве. Яны асабліва шанаваліся ў народзе. Іх запальвалі з вераю ў дапамогу ў час навальніцы, каб маланка не спаліла хату; да­валі  чалавеку, які паміраў, каб полымя асвятляла яму шлях на той свет, ачышчала душу ад грахоў. Жыло ў народзе перакананне, што грамнічных свечак баіцца “нячыстая сіла”, таму і вешалі іх ля ўваходу ў хлеў ці на стайню, каб злыя духі не адабралі ў кароў малако і не заездзілі да смерці коней.

  1. Прыйшоў Прохар ды Улас – скора вясна ў нас.

    Мікалай

 НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.