Падрыхтавана фальклорна-этнаграфічная энцыклапедыя Маларытчыны”.

Для ўдзелу ў ХХVІ рэспубліканскім конкурсе “Бібліятэка – нацыянальны асяродак культуры” аддзел бібліятэчнага маркетынгу Маларыцкай раённай бібліятэкі падрыхтаваў электрон­ны рэсурс (на двух DVD-дысках) “Фальклорна-этнаграфічная энцыклапедыя Маларытчыны”.


      – Яго мэта – захаваць творчасць нашых продкаў, традыцыі, якія яшчэ бытуюць на тэрыторыі раёна, пазнаёміцца з разнастайнасцю прадметаў хатняга ўжытку, – расказвае Галіна Кучына, загадчыца аддзела. – Маларыцкі раён – гэта надзвычай цікавы этнаграфічны рэгіён, які адрозніваецца асаблівымі этнакультурнымі прык­метамі: своеасаблівай этнічнай гіс­торыяй, народна-прыкладным мастацтвам, фальклорам і традыцыйным адзеннем. Культура краю характарызуецца спецыфікай таго гістарычнага шляху, які прайшоў народ, што пражывае тут. Маларытчына – гэта прыгранічны край, землі якога ў розныя гістарычныя перыяды ўваходзілі ў склад Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай, Расійскай імперыі. Таму за многія гады існавання кожны народ уносіў у агульную маларыцкую культуру элементы сваіх традыцый, адначасова запазычваючы, узбагачаючы і паважаючы чужыя.
        Зварот да больш дэталёвага і глыбокага вывучэння культуры прыгранічнага Маларыцкага рэгіёна невыпадковы. Сучаснае грамадства значна змяняецца, бо істотна ўзрастае міграцыя насельніцтва. Гэта таксама дае магчымасць лепш пазнаваць і ўласную нацыянальную ідэнтычнасць, свой нацыянальны культурны код. І цалкам зразумела, што ў кантэксце гэтых працэсаў важную ролю адыгрывае і рэгіянальная этнаграфія як частка культуры, як найважнейшы сродак жыццядзейнасці ў рэгіёне.
      – Галіна Уладзіміраўна, ча­му ўзнікла ідэя ства­рэння “Фаль­клор­на-эт­награфічнай энцык­лапедыі Маларытчыны”?
      –Большасць бібліятэк раёна пастаянна займаецца захаваннем традыцыйнай народнай культуры, асабліва – рэгіянальнай і мясцовай. Бібліятэкары разумеюць, што без ведання гісторыі краю, сваіх каранёў, народнай творчасці бурыцца пераемнасць пакаленняў. У 2017 годзе з’явілася першая электронная версія вынікаў нашай сумеснай працы. Стварэнне электроннага рэсурсу, на наш погляд, найбольш зручная форма сістэматызацыі матэрыялу, бо над ім можна працаваць і ў далейшым, дадаючы новую інфармацыю.
      –А што ляжыць у аснове энцыклапедыі?
–Яе ядро складаюць запісы вуснай народнай творчасці, абрадаў, традыцый, успаміны жыхароў населеных пунктаў Маларытчыны. У рабоце пры­малі ўдзел бібліятэкары, мясцовыя жыхары, клубныя работнікі, настаўнікі, мясцовыя краязнаўцы і ўсе неабыякавыя людзі, зацікаўленыя захаваннем сваёй культуры.
         Створаная праца з’яў­­­ляецца першай у нашым рэгіёне, дзе сістэматыза­вана каля 250 крыніц і каля 100 фатаграфій, выкарыстаны багаты матэрыял пра народнае жыццё. Сабраны звесткі аб звычаях, працы і побыце, буднях і святах, жыллі і адзенні жыхароў Маларытчыны, а таксама – фальклор на мове той мясцовасці, дзе быў запісаны… Энцыклапедыя складаецца з 8 раздзелаў: “Каляндарныя абрады”, “Сямейна-бытавыя абрады”, “Фальклор”, “Музычныя інструменты”, “Традыцыйнае адзенне”, “Прыстасаванні (прылады) сялянскай працы”, “Промыслы”, “Абрадавыя стравы”.
          Звычаі, песні і легенды нашых продкаў, якія захаваліся і дайшлі да нашых дзён, з’яўляюцца асновай гістарычнай памяці народа, узмацняюць карэнне яго генетычнага дрэва.
        – Галіна Уладзіміраўна, хто працаваў над электронным выданнем?
         – У першую чаргу – наша дружная каманда аднадумцаў аддзела бібліятэчнага маркетынгу Маларыцкай ЦРБ. Арганізацыйнай работай праекта займалася я. Інфармацыйную ж падтрымку аказвала Святлана Макарук, метадыст. Бягучай работай над праектам і тэхнічнай падтрымкай займалася Юлія Казлоўская, бібліятэкар. Над афармленнем альбома праекта шчыравала Валянціна Ібрагімава, загадчыца аддзела абслугоўвання.
        Пазнаёміцца з “Фальклорна-этнаграфічнай энцыклапедый Маларытчыны” можна ў чытальнай зале раённай бібліятэкі. Хутка электронная вер­сія будзе размешчана і на сайце Маларыцкай ЦРБ па адрасе: http://maloritalib.by.
Мікалай НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.