Соцработник, почта и магазин с доставкой на дом или Как живётся единственной жительнице деревни Субботы Малоритского района

У склад Чарнянскага сельскага Савета ўваходзіць 15 населеных пунктаў. Аднак некаторыя вёскі, такія як, напрыклад, Вялікі і Малы Паўлопаль, Субаты, дажываюць свой нялёгкі век. Жыццё тут паціху запавольвае свой імклівы бег, і нават здаецца, што ў засені векавых дубоў спыняецца час. У кожнай вёскі, як і ў чалавека, свой лёс. Адны квітнеюць, прырастаюць новабудоўлямі, а ў другіх – ледзьве тлее жыццё.
          Вёска з прыгожай і ёмкай назвай Субаты ўсё яшчэ значыцца на карце Маларытчыны. Дарэчы, паводле перапісу насельніцтва, у 1999 годзе тут жыло 4 чалавекі, у 2010 – толькі два. “Цяпер у Субатах пражывае ўсяго адзін жыхар, — гаворыць старшыня Чарнянскага сельвыканкама Аляксандр Пятручык. – Дакладней, жыхарка – Вольга Канстанцінаўна Букач. Зараз яна нікуды не ходзіць, павінна быць дома».
          Аляксандр Васільевіч тлумачыць, як праехаць у Субаты. Чалавеку недасведчанаму трапіць да Вольгі Букач няпроста. Ніякіх указальных знакаў, што дзесьці, схаваўшыся ў лясным гушчары, усё яшчэ стаіць вёска Субаты, няма.

          Едзем, арыентуючыся на ўказанні старшыні сельвыканкама . Мінуем Горы і па добра расчышчанай дарозе паглыбляемся ў лес. Праязджаем кіламетр-другі, абапал дарогі ўзвышаюцца заснежаныя хвоі, – і ні адной жывой душы. Можа, заблукалі, не па той дарозе паехалі? Спытаць няма ў каго. Хіба што толькі ў ветру, які забаўляецца з махнатымі лапамі хвой, жартаўліва скідваючы з іх снежны пух. Маўклівы, сцішаны лес раскінуўся на дзясяткі кіламетраў. І раптам скрозь камлі дрэў, з лева ад дарогі, заўважаем абрысы аднаго, а потым і другога дома. Зварочваем. Нас сустракае сапраўдны волат-гаспадар — стары каржакаваты дуб. Побач стаіць сядзіба.

        Адразу відаць, што тут жывуць людзі. Ля прызбы нехта пакінуў веласіпед. Ужо ў цёплай і ўтульнай хаце ад гаспадыні даведваемся, што трапілі па адрасе. Бабуля Вольга не здзіўляецца няпрошаным гасцям, а разам з сацыяльным работнікам Валянцінай Сільчук (на здымку), веласіпед якой і стаяў каля прызбы, ветліва запрашае прайсці ў пярэдні пакой і пагрэцца каля цёплай грубкі. Адразу, што кінулася ў вочы, – гэта ўсюды чысціня і парадак. На падлозе ляжаць даматканыя ходнікі, сцены ўпрыгожваюць рознакаляровыя вышыванкі. Гаспадыня – цудоўная рукадзельніца. Раней, калі была маладзейшай, Вольга Канстанцінаўна і ткала, і вышывала.


         — Я не мясцовая, не з Субатаў, — кажа жанчына. – Родам са Старога сяла, што ў Жабінкаўскім раёне, а сюды выйшла замуж. Пражылі з маім гаспадаром Аляксандрам Паўлавічам не адзін год душа ў душу. Ён працаваў лесніком, а я – паляводам у мясцовым калгасе. Паднялі, паставілі на ногі двух сыночкаў. Адзін жыве ў Маларыце, а другі – ў Кобрыне. Пяць гадоў таму назад не стала майго гаспадара, пакінуў мяне ў самоце, пайшоўшы ў іншы свет. Год таму памерла мая адзіная суседка Надзея Іосіфаўна Вакульская.
Вольга Канстацінаўна не засталася сам-насам у пустой вёсцы. Акрамя дзяцей і ўнукаў, якія ніколі не забываюцца пра роднага чалавека, заўсёды патэлефануюць, прыязджаюць на выхадныя і святы, за бабуляй даглядае сацыяльны работнік Валянціна Сцяпанаўна Сільчук.              Тры разы на тыдзень жанчына наведваецца да сваёй падапечнай. Дапамагае па гаспадарцы, у хаце прыбярэ, дроў ці вады прынясе, артэрыяльны ціск бабулі памерае, хоць Вольга Канстанцінаўна сама ў стане за сабой даглядаць. Бабулька не сядзіць склаўшы рукі, а заўсёды знаходзіць для сябе справу. Яна яшчэ і дроў наколе, і нават агарод ускапае рыдлёўкай.
           — Мінулай вясной сотак дзесяць каля хаты сама ўскапала, — прызнаецца Вольга Канстанцінаўна. – Астатнія канём узарала. Не магу сядзець без справы. Чалавек тады і жыве, калі ён рухаецца, нешта стварае.
              Для Вольгі Букач агарод – гэта як своеасаблівая працоўная тэрапія. Жанчына ўсё сваё жыццё шчыравала на зямлі. Роўных не было на калгасных палетках руплівай Вользе Канстанцінаўне. Яна заўсёды хадзіла ў перадавіках. Аб гэтым і сёння сведчаць шматлікія граматы, дыпломы ды медалі, якімі ў свой час і была заахвочана за сваю плённую і нялёгкую працу сціплая жанчына. Вольга Канстанцінаўна дастае скарбонку, у якой захоўваюцца медалі “За працоўную адзнаку”, “Пераможцы сацыялістычных спаборніцтваў”, атэстат “Майстра раслінаводства”.
              Ганарыцца сваёй падапечнай – бабуляй Вольгай – і Валянціна Сцяпанаўна, якая за гэты час стала для яе родным, блізкім чалавекам. Яны як дзве сяброўкі, пасакрэтнічаюць разам, абмяркуюць апошнія навіны, пра якія Вольга Канстанцінаўна даведваецца з раённай газеты “”. Дарэчы, чытае і выпісвае раённае выданне жанчына не адно дзесяцігоддзе.
            — Бабулька газету чытае ад першай да апошняй старонкі, — гаворыць Валянціна Сцяпанаўна. – Раней падпісвалася і на абласную “Зарю”.
             На канапе ляжыць вялікі стос газет. Бабуля любіць перачытваць газеты мінулых гадоў. Яна зберагае нумары ажно з 2011 года. У мяне, як у журналіста, гэта выклікала вялікую павагу і захапленне, таму што, асаб­ліва ў вёсцы, газеты часта выка­рыстоўваюцца ў гаспадарчых патрэбах для распалкі печкі або грубкі. Дарэчы, два разы на тыдзень прыходзіць паштовая карэспандэнцыя ў Субаты, тры разы – прыязджае сюды аўтамагазін.
           — Ці не страшна адной жыць сярод лесу? – пытаюся ў жанчыны.
           — Каго мне баяцца? Чужых людзей тут не бывае. Тым больш, што незнаёмым дзверы я не адчыняю, — расказвае кабета. – Лічыце, што вам пашанцавала, калі б не было сёння ў мяне Валянціны Сцяпанаўны, у хату нікога не пусціла б. Адкуль я ведаю, хто і навошта завітаў у нашу глухамань.
            Яшчэ Вольга Канстанцінаўна любіць сядзець ля акна і назіраць за наваколлем. Бывае, што да яе сядзібы то заяц прыскача, то куніца забяжыць, то казуля загляне. Перажываюць дзеці за сваю матулю. Просяць хоць на зіму пераехаць да іх у горад. Не згаджаецца Вольга Канстанцінаўна, кажа, што пакуль здужае хадзіць, будзе ў сваёй хаце, дзе не толькі сцены дапамагаюць, але і паветра гаючае, настоенае на сасновым водары і зімовай свежасці.
            Сёлета, 2 чэрвеня, Вольга Канстанцінаўна будзе адзначаць свой 80-гадовы юбілей. І ажывуць Субаты, зазвіняць, заспяваюць шчаслівымі галасамі дружнай і вялікай сям’і Вольгі Букач, якая выгадавала двое сыноў, дачакалася чацвярых унукаў і сямёра праўнукаў. Дай Бог вам доўгіх гадоў і моцнага здароўя, шаноўная Вольга Канстанцінаўна. Няхай яшчэ доўга-доўга гарыць цёплы і ўтульны агеньчык у вашай гасціннай лясной сядзібе.
Кацярына ЯЦУШКЕВІЧ.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий