4 тысячи чистой прибыли или Как в Малорите школьники зарабатывают деньги

– Аб’яднанне па інтарэсах “Вытворчая брыгада “Майстрыха”, якое дзейнічае ў нас, за мінулы год дало амаль 4 тысячы рублёў чыстага прыбытку, – расказвае Любоў Куц, дырэктар СШ №2 г.Маларыта. – Атрыманыя грашовыя сродкі пайшлі на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы (набыта 3 вадка-крышталічныя тэлевізары, стэнды ў кабінеты і інш.). Частка прыбытку патрачана на прэміі выдатнікам вучобы, бясплатныя навагоднія падарункі.


Вытворчая брыгада ў СШ №2 г.Маларыта была створана яшчэ ў 1993 годзе. Першым яе сур’ёзным заказам стаў пашыў рукавіц для аднаго з сельгаспрадпрыемстваў раёна. Поспех абнадзеіў, стаў штуршком для далейшага развіцця. Любоў Васільеўна Куц цяпер удзячна Надзеі Мікалаеўне Шушкевіч, вопытнаму педагогу, тагачаснаму кіраўніку метадычнага аб’яднання настаўнікаў абслуговай працы раёна, якая дала практычныя рэкамендацыі па арганізацыі працоўнага выхавання ў школе.


Цяпер ва ўстанове адукацыі дзейнічае 2 групы вытворчай брыгады. Тым самым дзяўчаты забяспечаны другасным занятам. Дзейнасць груп вытворчых брыгад дае станоўчыя вынікі, таму што вучаніцы далучаюцца да актыўнай працы, набываюць пэўныя прафесійныя навыкі. А гэта, безумоўна, паспрыяе ў далейшым ім вызначыцца з выбарам жыццёвага шляху. Школа развівае прафесійны патэнцыял вучаніц, дапамагае ім авалодаць прафесіямі швачкі, закройшчыка.


У групе вытворчай брыгады, якой кіруе Валянціна Пятроўна Гойка, працуюць дзяўчаты 8-10 класаў. Яны кожную суботу прыходзяць у школьную майстэрню і займаюцца любімай справай. Другая група ва ўстанове адукацыі арганізавана для вучаніц 11-ых класаў. У кабінеце абслуговай працы яны шчыруюць пад кіраўніцтвам Ірыны Рыгораўны Грыцэвіч.
Своеасаблівым брэндам школьнай швейнай майстэрні СШ №2 ужо сталі сурвэткі, прыхваткі і коўдры з абрэзкаў тканіны. Дзяўчаты яшчэ шыюць рукавіцы, касынкі, фартухі, нарукаўнікі, вырабляюць розныя сувеніры. Між іншым, у пераліку прадукцыі, якая выходзіць са швейнага “канвеера” вытворчай брыгады, цяпер 167 найменняў. Выбар сапраўды багаты. Частку таго, што шыюць дзяўчаты, можна ўбачыць на выставе-продажы ў фае на першым паверсе ўстановы адукацыі.
– Валянціна Пятроўна, а колькі каштуе ваша прадукцыя?
– Гледзячы што. Кошт фарміруецца на аснове калькуляцыі на кожную асобную рэч. Яна вагаецца ад 50 капеек да 50 рублёў. Неабходную тканіну мы набываем у Брэсце, абрэзкі тканіны (адходы вытворчасці) нам спансіруюць прыватныя фірмы.
– Валянціна Пятроўна, дзе збываеце тое, што пашылі?
– У нас ёсць пастаянныя заказчыкі. Таму наша прадукцыя не залежваецца. Узаемавыгаднае супрацоўніцтва наладжана ў нас, напрыклад, з аддзелам адукацыі, спорту і турызму Маларыцкага райвыканкама, Маларыцкай ПМК-20, ПУП “Савушкіна”, СУП “Хаціслаўскі”, СВК “Дарапеевічы” і інш. Прадукцыю мы збываем як штучна, так і оптам. Таксама прымаем спецыяльныя заказы на пашыў, напрыклад, да Дня 8 Сакавіка, 23 лютага.
Любоў Куц адзначыла, што ў апошні час павялічылася колькасць вучняў, якія па ўласным жаданні хочуць працаваць у вытворчай брыгадзе, асабліва – падчас канікул. Важным з’яўляецца і той факт, што вучаніцы за сваю работу атрымліваюць матэрыяльнае заахвочванне.
– Для нас важны вынік працы, – зазначае Любоў Васільеўна. – Нашы дзяўчаты не згаджаюцца з думкай, што праца швачкі не патрэбная, не цікавая. Яны перакананы, што ўменне ўпраўляцца са швейнай машынкай, шыць спатрэбіцца ім у далейшым жыцці.
Мікалай НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


続きを読みます

также читайте

best-cooler.reviews/k2-coolers-for-sale-review/