ГАРАДЖАНЕ БУДУЦЬ КРУГЛАСУТАЧНА КАРЫСТАЦЦА ГАРАЧАЙ ВАДОЙ

Не адна са службаў не аказвае такога шырокага спектра паслуг, як камунальная. Які непасрэдна аб’ём работ быў праведзены ў горадзе летась у знамянальны “дажынкавы” год, чым камунальнікі парадавалі нас і парадуюць у будучым – на гэтыя і іншыя пытанні грунтоўныя адказы даў дырэктар КУШВП ЖКГ “Маларыцкая ЖКГ” Аляксандр ПЕШТА.
— Аляксандр Фёдаравіч, давайце вернемся ў мінулы год і ўспомнім, што было зроблена ў камунальнай службе і камунальнай службай для жыхароў нашага горада?
— Такога вялікага аб’ёму работ, як летась, камунальная служба ніколі не выконвала. Дастаткова сказаць, што капітальна былі адрамантаваны 59 жылых дамоў. І хоць на дадзены момант рамонтныя работы не на ўсіх іх яшчэ завершаны, не трэба панікаваць і рабіць з гэтага трагедыю. Не адзін з дамоў не застанецца не адрамантаваным да канца. Праўда, на да­дзены момант ёсць пэўныя цяжкасці з аднаўленнем затопленых кватэр. Часам вельмі і вельмі складана знайсці ўзаемаразуменне паміж падрадчыкамі і кватэраздымшчыкамі, якія аказаліся пакрыўджанымі. Але паціху і тут справа рухаецца наперад, бо стараемся прымяняць у адносінах да падрадчыкаў розныя рычагі ўздзеяння.
Пэўныя цяжкасці ўзні­каюць і з добраўпарад­каваннем дваровых тэрыторый. Не магу сказаць, ці хопіць у нас фінансавых сродкаў, каб завяршыць усе работы. Але жыццё не спыняецца, і сёлета тыя работы,  што былі распачаты летась, будуць працягвацца і ў будучым завершаны ў поўным аб’ёме.
Што датычыць аб’ектаў сацыяльнага прызначэння, дык летась былі завершаны работы па будаўніцтву гасцініцы, якая па сваёй камфартабельнасці ніколькі не ўступае такім жа аб’ектам у вобласці.
На кацельні магутнасцю 4,5 мегавата, якая будзе працаваць на мясцовых відах паліва, амаль усё гатова. Пусканаладачныя работы плануецца правесці ў сярэдзіне красавіка гэтага года. Тым больш, што 21 красавіка ў нас у горадзе будзе праходзіць абласны семінар з наведваннем аб’ектаў энергетычнай гаспадаркі ці аб’ектаў энергазберажэння.
Яшчэ адзін важны аб’ект – станцыя абезжалезвання вады. Цяпер яна працуе ў пусканаладачным рэжыме, у стадыі завяршэння работы на лабараторным корпусе і на добраўпарадкаванні тэрыторыі. Думаю, што станцыя пачне працаваць таксама ў красавіку гэтага года,  і жыхары горада змогуць карыстацца вадой без жалеза.
— У гэта хочацца, вядома ж, верыць, хаця, дзе гарантыя, што чыстая, без жалеза вада, прайшоўшы праз старыя ржавыя трубы, такой і застанецца?
— Самае галоўнае – ваду падняць і пусціць у сетку. А каб яна не забруджвалася, існуюць мерапрыемствы прафілактычнага характару, як, да прыкладу, хларыраванне, прачыстка, прамыўка і да т.п.
— На базе кацельні №3, наколькі ведаю, хутка з’явіцца кагенерацыйная ўстаноўка. Якое асноўнае прызначэнне яе?
— Асноўнае прызначэнне ўстаноўкі – выпрацоўка электраэнергіі, што дасць магчымасць маларытчанам кругласутачна карыстацца гарачай вадой.
— І калі такое шчасце можна чакаць?
— Устаноўку магутнасцю 1,4 мегавата ў пуска-наладачным рэжыме плануецца здаць у ІІ квартале гэтага года.
— Аляксандр Фёдаравіч, акрамя кацельні на мясцовых відах паліва, што ў нас яшчэ зроблена ў плане энергазберажэння?
— Ва ўсіх панэльных дамах, маю на ўвазе тыя, што знаходзяцца на тэхабслугоўванні камунальнай службы,  праведзена цеплавая рэабілітацыя. Акрамя таго, заменены чорныя на прад’ізаляваныя трубы ў цеплавых сетках. Між  іншым, калі летась планавалася замяніць іх у вобласці на 125 кіламетрах, дык на 20 кіламетрах яны былі перакладзены непасрэдна ў Маларыце.
Акрамя гэтага, на свідра­вінах плануецца ўстанавіць энергаэфектыўныя помпы з тэхналагічным абсталяваннем, дзякуючы чаму, дыспетчар на маніторы камп’ютара зможа сачыць, як працуюць усе свідравіны, у тым ліку і ў вёсках, і ў выпадку парушэння рэжыму работы, ён зможа пры дапамозе дыстанцыйнай сувязі перазапусціць да­дзеную свідравіну.
— На вуліцах горада цяпер можна бачыць машыны, якія прыбіраюць пясок з асфальту. Гэта вашы машыны ці вы іх узялі часова?
— Гэта нашы машыны,  мы іх набылі па лізінгу.
— Усе работы па абслугоўванні дамоў, па абслугоўванні на­сельніцтва, па навядзенні парадку ў горадзе, вядома ж, выконваюць людзі. Каго б вам хацелася назваць як лепшых?
— Хацелася б назваць прозвішчы наступных. У гонар прафесійнага свята нагрудным знакам “Ганаровы работнік жыллёва-камунальнай гаспадаркі” будзе ўзнагароджаны аператар квартальнай кацельні Іван Сцяпанавіч Ханчук, які шмат гадоў аддаў камунальнай службе. Пісьмом падзякі Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі ўзнагароджваецца Вольга Віктараўна Кісялевіч, інжынер ВТА, Граматай абласнога ўпраўлення ЖКГ – Мікалай Сямёнавіч Касьянік, майстар кацельнай гаспадаркі, і Любоў Пятроўна Дайнэка, ліфцёр. Усе яны шмат гадоў адпрацавалі на нашым прадпрыемстве, прычым добрасумленна. Акрамя таго, 27 чалавек за старанную працу атрымаюць Граматы кіраўніцтва нашай арганізацыі.
Карыстаючыся выпадкам, хачу павіншаваць усіх сваіх калег з прафесійным святам і пажадаць надзейнага здароўя, ладу і міру ў сем’ях. Няхай работа прыносіць вам толькі задавальненне.
Запісала Ірына КАСЦЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: дырэктар КУШВП ЖКГ “Маларыцкая ЖКГ” Аляксандр ПЕШТА.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


список самых богатых людей мира

www.pillsbank.net

https://alfaakb.com