Космический пришелец на Брестчине

        У кожнага грыбніка ёсць свае “намоленыя” мясціны, куды ён штогод прыходзіць з надзеяй сабраць багаты ўраджай. Я таксама не блукаю па лесе, а крочу па знаёмых месцах, шукаючы грыбы. Захапляцца навакольнымі краявідамі асабліва няма часу – галоўнае, не вярнуцца дамоў з пустым кошыкам.

          На ўзгорак, які ляжаў на маім шляху, доўгі час не звяртаў ніякай увагі. “Горб” дыяметрам каля 70 метраў сярод векавога лесу парос соснамі. Яго акружаў роў,  які па сваёй форме нагадваў падкову. У гэтай “падкове”, выкаванай самой прыродай, мог проста схавацца пяціпавярховы дом. З часам узгорак стаў больш палогім, а ўпадзіна парасла магутнымі елкамі і таму не вельмі кідалася ў вочы.

Летась, набраўшы пад завязку баравікоў, прысеў на пагорку адпачыць і падумаў: “І адкуль гэты гуз сярод ляснога абшару ўзяўся?” Паразважаўшы, зрабіў наступны вывад: напэўна, тут некалі ўпаў метэарыт. Хто яго ведае, калі тое здарылася? Можа, тысячу гадоў таму,  а можа,  значна раней. У большасці сваёй метэарыты згараюць, увайшоўшы ў атмасферу зямлі, ці ўзрываюцца, не дасягнуўшы паверхні, а рэшткі іх разлятаюцца ў розныя бакі і могуць апынуцца глыбока ў зямлі. Усё ж  такі гэты пагорак з неўласцівай для Палесся глыбокай упадзінай настолькі зацікавіў мяне, што я вырашыў дэталёва абследаваць мясцовасць. А можа,  мне пашанцуе,  і сапраўды я знайду хоць маленькі кавалачак ад метэарыта, які калісьці ўпаў. Абна­дзейвала і тое, што пагорак прарэзвала разора, якую прааралі па прасеках, каб грыбнікі на аўтамабілях не ездзілі па лесе. Вось у гэтай разоры і было шмат рознага камення. На цягніку я прыязджаў на сваю лясную станцыю а 9 гадзіне раніцы, а ў палове другой вяртаўся дамоў. Чатыры гадзіны, якія былі ў мяне паміж  цягнікамі, – малы прамежак часу, каб назбіраць грыбоў і абследаваць камяні. У асноўным разглядаў іх, калі вяртаўся да чыгункі. Нічога цікавага на вочы не траплялася: звычайнае каменне, якога шмат ляжыць на палях ды на дарогах. Праўда, спецыялісты сцвярджаюць, што асколкі ад метэарыта даволі цяжка распазнаць сярод камення зямнога паходжання. 

Нарэшце мне пашанцавала. У нейкім кіламетры ад вядомага мне ўзгорка, у разоры, я ўбачыў камень, прайсці міма якога  не змог. Камень меў прамавугольную форму, быў аплаўлены ды і па колеры адрозніваўся ад іншага камення. Здзівіла і вага. Ён аказаўся вельмі цяжкім, хоць даўжынёю быў у пядзю. Несці кошык з грыбамі і камень не выпадала, і я прыхаваў яго пад сасной – засунуў пад мох. Спяшаўся, бо часу да прыходу цягніка заставалася зусім мала. Некалькі разоў пасля гэтага прыязджаў у грыбы, але знайсці камень не мог. Усе сосны здаваліся аднолькавымі, ды і памяць ужо падводзіла: што ні кажы, а гады бяруць сваё. Неяк позняй восенню махнуў рукой у апенькі і пачаў шукаць камень. Мох абмацаў, бадай, пад кожнай  сасной і нарэшце знайшоў. Камень быў схаваны побач з прасекай. Дома сваю знаходку адчысціў, адмыў, затым узважыў.  Камень пацягнуў амаль на 5 кілаграмаў. Заглянуў у інтэрнэт за даведкай і зрабіў выснову, што ў мяне кавалак сапраўднага каменнага метэарыта. І ўсе, хто бачыў камень, казалі, што ён незвычайны. Толькі пры вельмі высокай тэмпературы камень мог аплавіцца і набыць такі колер.

          Аднойчы вечарам я ляжаў на канапе і разглядаў камень. З якіх касмічных глыбінь ён прыляцеў? Які шлях пераадолеў, пакуль трапіў на зямлю? Ад гэтых думак, што віравалі ў маёй галаве, пераймала дыханне. Стаміўшыся трымаць камень, я паклаў яго на жывот. Праз хвіліну  мне падалося, што  сэрца б’ецца недзе пад каменем – такой моцы аказалася пульсацыя. Падняў камень – усё спакойна, паклаў – пульс ажыў.

          Я не веру ў цуды і розныя дзівосы. Скептычна стаўлюся да прадказальнікаў, экстрасэнсаў ды парапсіхолагаў, але тое, што ў прыродзе схавана магутная сіла і моц – гэта неабвержны факт. Магчыма, і ў знойдзеным камяні ёсць нейкі мінерал, які ўздзейнічае на кровазварот. Вырашыў правесці эксперымент на сабе. Пасля 50 гадоў у паловы мужчын, а пасля 60-ці ў большасці ўзнікаюць праблемы з прастатай. Гэта  не абмінула і мяне. Назначыў для сябе дзесяць сеансаў “каменнай” тэрапіі па 10 хвілін кожны. Камень паклаў на ніз жывата і адразу адчуў касмічны холад,  хаця ён ляжаў ля гарачай батарэі. Я нават пачаў хвалявацца, што зраблю сабе яшчэ горш. На працягу чатырох сеансаў пульсацыя была вельмі моцнай, а потым стала ледзьве адчувальнай. Не ведаю, што здарылася, але пасля таго я пачаў спаць спакойна. Не сцвярджаю, што цалкам вылечыўся, але хвароба не даймае, як раней. Думаў працэдуру паўтарыць праз нейкі час,  але былы калега папрасіў камень для сябе. Маўляў, да ўрача трапіць ніяк не атрымліваецца, а прастата даймае. Шчыра прызнаюся, не хацеў даваць, але ўступіў. Адносіны добрыя ды і жывем у пяці хвілінах ходу адзін ад аднаго. Гледзячы на мае маніпуляцыі з камнем, жонка не вытрымала і ўпікнула:

         — Чаго ты з гэтым камнем носішся, як з малым дзіцём. Унушыў сам сабе і верыш!

         Магчыма, так і ёсць. Але ж вось ён, касмічны прышэлец, перад маімі вачыма, які так доўга чакаў, пакуль я яго знайду. А пяцігадовы ўнук, убачыўшы на вуліцы камень, кажа, паказваючы пальчыкам у неба: “Космас!”

         І сапраўды, космас, бязмежны і пакуль яшчэ нязведаны. Мы прагназуем, прадказваем, якой будзе зіма ці вясна, і даволі часта атрымліваецца не так, як нам хацелася б,  -як запланавалі. Раптам пачала балець галава, падняўся артэрыяльны ціск, а прычына недамагання – успышка на сонцы, магнітныя буры ў космасе. Наша планета — маленькая і неабароненая —  пяшчынкай імчыцца ў касмічнай бясконцасці.

Уладзіслаў Снітка.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.