Вечная тема: оставить след на земле и ценить людей при жизни

Да напісання гэтага артыкула пад­штурх­нулі кадры, паказаныя па тэлевізары: памёр кароль Саудаўскай Аравіі – адзін з самых багатых людзей у свеце. Шчыра скажу, пахаванне манарха ўразіла. Цела караля абгарнулі саванам, паклалі на насілкі і панеслі да магілы. І хоць у нябожчыка радня вялікая, праводзілі яго ў апошні шлях толькі самыя блізкія. Цела манарха апусцілі ў звычайную яму, засыпалі пяском,  і магіла караля згубілася сярод мноства такіх жа надмагільных насыпаў. Гэта пад сонцам караля ад простага чалавека аддзяляе непраходная бездань, а там, куды кожны з  нас у прызначаны час адыдзе, хацелі б мы таго ці не, усе роўныя. Ва ўсякім разе наўрад ці спытаюць: якую пасаду займаў, быў багатым ці бедным?

Памінкі як вяселле

      Памёр пенсіянер, які жыў у суседнім пад’ездзе. Развітацца з нябожчыкам прыйшлі і радня, і знаёмыя. У кватэры сціпла: на падлозе даматканыя ходнікі, канапа з “мікалаеўскіх часоў”. Відаць, што пры жыцці чалавек асабліва не жыў у раскошны у многім сабе адмаўляў. Пампезная дубовая труна, у якой ляжаў нябожчык, была самай дарагой рэччу ў кватэры. Пасля развітання на могілках, гаспадыня ўсіх запрасіла ў кавярню  памянуць нябожчыка. Памінальная вячэра нагадвала вясельнае застолле. На сталах усяго хапала: ежы і выпіўкі. Пасля трэцяй чаркі, пайшла чацвёртая і пятая. Праз нейкі час прысутныя забыліся, з якой сумнай нагоды яны тут сабраліся. Ледзьве не дайшло да песень з танцамі. Потым у гаспадыні спыталі: “Навошта было купляць такую дарагую труну ды заказваць у кавярні багаты абед?” “А хіба ён не заслужыў! – адказала ўдава. Дубовую дамавіну заслужыў, а хадзіў пры жыцці ў залапленых штанах ды стаптаных туфлях.

У нашым доме 60 кватэр. Засяляліся жыхары маладымі, поўнымі сіл і здароўя, а праз 45 гадоў пачалі паміраць. Большая частка мужчын адышла ў вечнасць. Адны дажылі да пенсіі, другія пайшлі ў нябыт у праца­здольным узросце. Многія любілі выпіць, а гарэлка, як вядома, да дабра не даводзіць.

Штораніцу з суседняй кватэры даносілася лаянка. Жонка сварылася з мужам. Мужчына – адно слова, а жанчына, нібыта дзяцел на сухастоіне,  дзяўбе яго, так і сыпле непрыстойнымі словамі. І гэта пры малых унуках. Праз нейкі час мужчына памёр. Удава ўвесь год у жалобе хадзіла, чорную хусцінку не здымала. Ці то па сваім чалавеку сумавала, ці, хутчэй за ўсё, перажывала ды пакутавала, што няма з кім пасварыцца. Затое помнік на магіле мужа паставіла за некалькі  тысяч долараў. «Каб не горш, чым у другіх людзей», — растлумачыла жанчына. Любіць мёртвага лягчэй, чым жывога.

     След на зямлі

      Вера Іванаўна даўно жыла адна ў  сваёй трохпакаёвай кватэры. Муж памёр рана, ледзьве выйшаў на пенсію, а дзяцей Бог жанчыне не даў. Вера Іванаўна атрымлівала неблагую пенсію, але эканоміла на ўсім, ашчадна збіраючы ў панчоху грошы, таму што ніякім банкам яна даўно не давярала. Бывала, прыйдзе старая на рынак за прадуктамі, ходзіць доўга, перабірае, выбіраючы самую танную  садавіну ці агародніну. Бурчыць старая на дарагавізну, а ў самой на кожным пальцы па залатым пярсцёнку.

— Хіба дачакаешся, каб хто пачаставаў чым-небудзь, — не раз мармытала кабета, назіраючы, як яе  стомленыя суседзі цягнулі з дач важкія торбы.

Аднойчы Верку не было відаць увесь дзень. Суседка, у якой быў запасны ключ ад кватэры, адчыніла дзверы і спужалася: жанчына ляжала без прытомнасці. Верцы пашанцавала: медыкі літаральна вырвалі яе з абдымкаў смерці. Пасля гэтага выпадку да Веры Іванаўны зачасцілі суседкі. Адна нясе бульбу з катлетай, другая – духмяныя аладкі, каб пачаставаць бабульку. Нават пачала прыходзіць і былая калега, якая падлогу памые старой ці дыван пачне выбіваць “на вачах” усяго дома. Уся гэтая апека над старым чалавекам не давала спакою суседцы, якая пражывала паверхам вышэй. Пры кожным зручным выпадку жанчына цішком нашэптвала Веры Іванаўне:

— Крый, Божа, не адпісвайце чужым кватэру. Трэба толькі родным, роднай крыві.

Да такой увагі Вера Іванаўна прывыкла хутка. Яна частавалася прысмакамі, што прыносілі знаёмыя і не забывала ўвесь час нагадваць:

— Калі памру і ўсё маё золата не пакладзеце ў труну, то нават з таго свету я кожнага пракляну.

Аднойчы на парозе Веры Іванаўны аб’явіліся дзве пляменніцы па мужу,  якіх жанчына ніколі не бачыла. Маладзіцы пагасцявалі паўдня і з’ехалі.

Праз год Верка памерла. Праляжала мёртвай два дні, пакуль выпадкова кватэру не адчыніла суседка. Дарэчы,  яна і патэлефанавала “роднай крыві”  — пляменніцам – і паведаміла, што здарылася бяда.

— Вы там рабіце, што ў гэтых выпадках неабходна, а мы потым пад’едзем, — раўнадушна адказаў голас з мабільніка.

Нябожчыца ляжала ў ложку ўся ў золаце. На распухшых пальцах пярсцёнкі, на шыі – залатыя ланцужкі. Калі падымалі з ложка, пад падушкай знайшлі пачку долараў. Пералічылі – аказалася тысяч пяць. Ніхто не ведаў, каму дастанецца кватэра і астатні скарб бабулі. Нарэшце надвячоркам з’явіліся пляменніцы. Пачалі шукаць завяшчанне. Перабралі не адну паліцу з бялізнай, пакуль не знайшлі запаветную паперу. Маёмасць была адпісана на “родную кроў”.

Пахавалі Веру Іванаўну так, як яна і хацела: з усім яе золатам. Можа, пабаяліся, што памерлая і сапраўды можа праклясці. Праз паўгода, уступіўшы ў спадчыну, пляменніцы кватэру прадалі, і больш іх ніхто ніколі не бачыў. За магілкай Веры Іванаўны, на якой нават сціплага помніка няма, па чарзе даглядаюць яе суседкі.

Якія ўсё ж такі розныя людзі. Адны, што стаяць на парозе вечнасці, хочуць усё пакінуць жывым, а другія, наадварот, – пасля мяне хоць трава не расці. Аднойчы даводзілася бачыць, як пажылы чалавек спілоўваў прыгожы сад. Матывацыя даволі прымітыўная: дзеці далёка, дык няхай сакавітыя яблыні ды грушы ідуць на дровы, чым будуць радаваць вока суседзяў.

Кожны хацеў бы, каб пасля яго адыходу ў іншы свет аб ім помнілі, узгадвалі яго добрым словам. Зрэшты якім бы дарагім ні быў на магіле помнік, сцежка да яго рана ці позна, але зарасце. Толькі добрыя ўчынкі і высакародныя справы доўга жывуць насуперак хуткаплыннаму часу. Чалавек прыходзіць у гэты свет і яго пакідае. Дзверы ў царства Божае ніякім золатам не адчыніш, колькі  яго ў труну не пакладзеш. Царства Божае ствараецца  на зямлі з думак нашых і ўчынкаў. Галоўнае, каб не было сорамна нашым нашчадкам за наша жыццё. І пакуль чалавек яшчэ жыве,  ёсць шанц нешта выправіць, змяніць да лепшага.

     Уладзіслаў Снітка.                                                                                           

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.