ГАЛОЎНАЕ – НЕ ЗГУБІЦЬ АЎТАРЫТЭТ

Гэта  найбольш дапаможа работнікам гандлю, каб выжыць ва ўмовах канкурэнцыі
На справаздачным сходзе раённага спажывецкага таварыства былі падведзены вынікі работы і абмеркаваны задачы па далейшаму развіццю спажывецкай кааперацыі раёна.
Аналізуючы дзейнасць таварыства за мінулы год, старшыня праўлення яго Алена Цімашэнка заўважыла, што з зацверджаных 10 прагнозных паказчыкаў летась было выканана толькі 7. Агульны аб’ём рознічнага тавараабароту склаў 108,7% пры прагнозе 106%, вытворчасць спажывецкіх тавараў – 115,9% пры прагнозе 110%, аказанне бытавых паслуг насельніцтву – 146,3% пры прагнозе 119%, паказчык па асваенні інвестыцый у асноўны капітал пры заданні 125% склаў 305,7%. Выкананы паказчыкі па энергазберажэнні, закупцы сельскагаспадарчай прадукцыі ў насельніцтва, абароту па экспарту прадукцыі.
Разам з тым, як падкрэслівалася ў дакладзе, не ў поўнай меры выкарыстоўваліся магчымасці для больш інтэнсіўнага нарошчвання аб’ёмаў дзейнасці і паляпшэння якасных параметраў работы. Не былі забяспечаны прагнозныя параметры па рознічнаму тавараабароту падраздзяленняў грамадскага харчавання, рэалізацыі ўласнай прадукцыі грамадскага харчавання, аказанню платных паслуг насельніцтву. Алена Аляксандраўна не ўтойвала і негатыўнае, што перашкаджае эфектыўнай дзейнасці арганізацыі. Так, у 2010 годзе было выяўлена 313 выпадкаў недастач на агульную суму 147 мільёнаў рублёў, у тым ліку дзве буйныя,  на агульную суму 30 мільёнаў рублёў. Надзённай застаецца праблема адтоку кадраў, знізілася рэнтабельнасць ад продажу, павялічыўся недахоп уласных абаротных сродкаў, узрасла пратэрмінаваная крэдыторская запазычанасць.
Выказаць свой погляд на поспехі і пралікі, з якімі ўвайшло райспажыўтаварыства ў першы год новай пяцігодкі, мелі магчымасць, дапаўняючы выступленне старшыні, многія ўдзельнікі сходу.
Падрабязна пра дзейнасць аднаго са структурных падраздзяленняў таварыства – хлебазавода распавяла намеснік старшыні Міраслава Ляшкевіч. За апошнія пяць гадоў, як адзначыла яна, з 1748,2 тоны да 2272,3 тоны павялічыўся выпуск хлебабулачных вырабаў, у пяць разоў узрос выпуск кандытарскіх вырабаў. Значна пашырыўся асартымент апошніх. Толькі летась была распрацавана тэхналогія 18 новых відаў кандытарскіх вырабаў. Якасць прадукцыі маларыцкіх хлебапёкаў неаднойчы высока ацэньвалася на абласных і рэспубліканскіх конкурсах. Лепшым прадуктам  2010 года былі прызнаны вырабы з Маларыты: куліч “Святочны”, батон “Пяшчотны” і пляцёнка “Духмяная”. Хлебная прадукцыя Маларыцкага райспажыўтаварыства актыўна канкурыруе ў вобласці. За межамі раёна летась было рэалізавана больш за 770 тон хлебабулачных вырабаў. Пастаўляецца за межы раёна і ў гандлёвыя кропкі горада і раёна і прадукцыя мяснога цэха. За мінулы год было выраблена тут амаль 35 тон мясных паўфабрыкатаў. Акрамя таго, летась на базе былога рыбнага цэха пачаў працаваць квасільна-засолачны цэх, прадукцыя якога таксама заваявала ўжо свайго пакупніка. Распрацавана на прадпрыемстве свая гандлёвая марка, якая прайшла экспертызу і хутка стане візітнай карткай прадукцыі.
Калі гараджане і жыхары вялікіх вёсак могуць набываць тавары ў магазінах, аддаючы перавагу той ці іншай гандлёвай кропцы, у жыхароў маленькіх населеных пунктаў такой магчымасці няма. Але без тавараў, прадстаўленых ў шырокім асартыменце, яны не застаюцца. У гэтым, як адзначала, працягваючы размову аб дзейнасці распажыўтаварыства, галоўны таваразнаўца Ларыса Францэвіч, выручаюць вяскоўцаў аўтамагазіны. Яны дастаўляюць прадукты ў самыя аддаленыя вёскі раёна. Два фургоны, якія абсталяваны халадзільнікамі, што­дня адпраўляюцца ў рэйсы па глыбінках, робячы больш за 50 прыпыначных пунктаў. У асартыментным пераліку аўтакрамы больш за 300 найменняў тавару. За сваю работу работнікі аўтамагазіна нярэдка чуюць словы падзякі, але ёсць і нараканні, у першую чаргу на рэжым руху аўтамагазіна, які, асабліва зімою, з-за снежных заносаў, даязджае ў аддаленыя населеныя пункты са спазненнем. Праблему,  як гучала ў выступленні,  дапаможа вырашыць набыццё яшчэ аднаго фургона. У планах таксама пашырыць асартымент тавараў у аўтакрамах да 500 найменняў, што дасць вяскоўцам яшчэ большыя магчымасці ў выбары тавараў.
Пра тое, як наладжана ў гандлёвых кропках горада работа з пакупніком, распавядалі старшы прадавец магазіна “Гарачы хлеб” Валянціна Коцелева, прадавец магазіна “Мэбля” Святлана Струнец, з пазіцыі кіраўніка мясцовай улады работу гандлёвых кропак райспажыўтаварыства ацэньваў старшыня Олтушскага сельвыканкама Адам Бідзюра, канкрэтныя заўвагі выказаў калектыву спажывецкай кааперацыі раёна старшыня райвыканкама Казімір Лапіч.
— Асноўная задача калектыву райспажыўтаварыства, — заўважыў кіраўнік раёна, — якасна абслугоўваць пакупнікоў. Зараз, калі гандлёвыя кропкі працуюць ва ўмовах вялікай канкурэнцыі, галоўнае не згубіць аўтарытэт, заваяваць давер і прыхільнасць, знайсці свайго спажыўца. А гэта, пры аднолькавых з прыватнымі гандлёвымі кропкамі цэнах, магчыма толькі пры ўважлівым абслугоўванні.
Улічваючы ўсе заўвагі і прапановы,  калектыў райспажыўтаварыства паставіў перад сабою новыя задачы. Дабівацца эфектыўнасці ў рабоце тут плануюць з дапамогай укаранення сучасных тэхналогій у продажы тавараў, выкарыстання камп’ютарных сістэм, павелічэння ўдзельнай вагі непрадуктовых тавараў і актывізацыі работы па адкрыццю фірменных секцый айчынных вытворцаў, пашырэння выпуску ўласнай прадукцыі, павышэння прафесійнага майстэрства работнікаў гандлю і грамадскага харчавання. Усе гэтыя меры, як лічаць у райспажыўтаварыстве, павінны садзейнічаць павышэнню прэстыжу работы ў спажывецкай кааперацыі. А калі кожны будзе цаніць сваю работу і ставіцца да яе сумленна, гэта не застанецца без увагі спажыўца, які цяпер у першую чаргу аддае перавагу якасці.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: у час справаздачнага сходу.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


もっと

http://designedby3d.com

pureshop.com.ua/collection/jean-darcel