Спознішся на дзень — страціш год

Вясна – гэта тая пара, калі зямля патрабуе да сябе найбольшай увагі. І чым старанней у гэтыя дні папрацуе на  ёй чалавек, тым лепш аддзякуе яна ўраджаем. А таму, як толькі сышоў снег, на палях раёна закіпела работа. На мінулым тыдні пачалі сяўбу ў СВК “Хаціслаўскі”. На палі гаспадаркі выйшлі дзве брыгады, кожная з якіх засявае ў дзень зерневымі плошчы ў 30-40 гектараў. Для вопытных работнікаў сельгаспрадпрыемства — механізатара Сяргея Мірчука і вадзіцеля Мікалая Пішчыка,  якіх мы сустрэлі ля вёскі Мельнікі ва ўрочышчы “Папараць”, сёлетняя вясна далёка не першая ў іх працоўнай біяграфіі. Кожны аддаў гаспадарцы не адзін дзясятак гадоў, а таму добра ведае, як працаваць зладжана, разумее, што патрабуецца ад яго ў гэтыя  напружаныя веснавыя дні.

…На ўскрайку поля робіць разварот магутны “Джон Дзір”. У сеялцы закончыўся ячмень. Некалькі хвілін — і ў бункер яе сыплецца зерне. Не губляючы час, тэхніка зноў накіроўваецца ў поле.
— Механізатары самі спяшаюцца: пачынаюць працаваць з сямі гадзін ранку і пакідаюць поле, калі сцямнее, бо разумеюць, што ў добрае надвор’е нельга прамаруджваць, — заўважае брыгадзір паляводчай брыгады Рыгор Ківачук, які таксама мае багаты вопыт у земляробскай справе.
Усяго ў СВК “Хаціслаўскі” запланавана пасеяць яравыя на плошчы 1830 гектараў. 375 га адведзена тут пад ячмень, 265 га — пад трыцікале, 110 га зойме пшаніца, 270 га — авёс, 90 га – грэчка, яшчэ на 620 гектарах  будзе пасеяна кукуруза.
Пакласці  зерне ў зямлю у тэрмін – галоўная задача, якая стаіць на парадку дня. І з ёю земляробы гаспадаркі маюць намер справіцца, бо добра засвоілі ўжо: калі вясной спознішся на дзень – страціш год.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКАХ: слушныя парады брыгадзіра Рыгора КІВАЧУКА не лішнія для вопытнага механізатара  Сяргея МІРЧУКА; вадзіцель СВК “Хаціслаўскі” Мікалай ПІШЧЫК.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Добавить комментарий


https://fashioncarpet.com.ua/

www.profvest.com
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!