Акцыя настаўнікаў і вучняў СШ№2: «Гавары са мной па-беларуску…»

Ідэя правядзення акцыі з такой назвай належыла настаўнікам і вучням установы адукацыі «Маларыцкая СШ № 2». Не сакрэт, што на беларускай мове размаўляе невялікая колькасць жыхароў не толькі на Маларытчыне, але і ва ўсёй краіне.

Хоць беларуская мова і прызнана ЮНЕСКА другой пасля італьянскай па меладычнай прыгажосці, але ўсё ж у пачатку 2009 года гэтая міжнародная арганізацыя ўнесла беларускую мову ў спіс моў, якім пагражае знікненне. І гэта сапраўды так. Родная мова выцясняецца з ужытку, замяняецца рускай. Старшакласнікі правялі невялікае анкетаванне сярод сваіх знаёмых, родных, аднакласнікаў, падчас якога выявілі, што ўсе апытаныя пазітыўна адносяцца да размовы на беларускай мове. Шмат цёплых слоў пачулі юныя даследчыкі на адрас роднай мовы. Але… Як аказалася, большасць удзельнікаў анкетавання саромеюцца гаварыць па-беларуску, таму што  адчуваюць сябе няёмка ў рускамоўным асяроддзі. Прасцей, як адзначаюць многія, па-руску, бо тады на цябе не будуць глядзець як на дзівака. У некаторых ёсць жаданне гаварыць на роднай мове. Аднак, на жаль, не хапае слоўнікавага запасу. Іншыя адзначылі, што не хочуць яе вывучаць, бо іх і без таго ўсе вакол разумеюць. Вось і атрымліваецца: цураемся мы сваёй мовы. Неабыякавыя настаўнікі і вучні паспрабавалі змяніць сі­туацыю.

Раніцай, як заўсёды, школа гасцінна адчыніла дзверы, вітаючы ўсіх шчырымі словамі на роднай мове. Не ва ўсіх атрымлівалася гаварыць на ёй “чыста”, без памылак… На працягу дня праводзіліся ўрокі роднай мовы, інтэрактыўныя гульні, працавала ін­фар­мацыйная група,  якая знаёміла вучняў школы з цікавымі фактамі пра Беларусь і беларускую мову. Нам здалося, што ў гэты зімовы дзень цяплей стала ад тых слоў, якімі абменьваліся настаўнікі і вучні. Нават наведвальнікі школы імкнуліся падтрымаць акцыю “Гавары са мной па-беларуску…”. Мы на­магаліся, каб усе адчулі смак і багацце беларускага слова. Паспрабавалі нагадаць, а некаторых і пазнаёміць з такімі нязвыклымі і такімі род­нымі назвамі: ажыны, буякі, вяргіні, півоні, валошкі, браткі, журавіны, агрэст, язмін і іншыя. Ад сябе магу адзначыць, што ў гэты звычайны дзень у школе панавала асабліва ўрачыстая атмасфера свята беларускай мовы. І так хочацца не толькі захаваць падобнае свята, а і прадоўжыць, пашырыць яго далей і далей, каб звінела наша слова паўсюль, гучала на ўвесь голас. Каб словы Яўгеніі Янішчыц сталі для нас,беларусаў, сапраўдным дэвізам: “Сто гадоў шукай другой красы, а тым больш, што свет зусім не вузкі. Ды калі ты не бязродны сын, гавары са мной па-беларуску.”

Людміла Ярмашук, настаўнік беларускай мовы і літаратуры ДУА “Маларыцкая сярэдняя школа № 2”

Добавить комментарий


www.profvest.com

www.agroxy.com
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!