Узнагарода Галіны Хомік з Хаціслава

Нядаўна у Мінску прайшла выніковая калегія Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. На ёй Галіна Хомік, дырэктар Хаціслаўскага СДК, з рук Юрыя Бондара, Міністра культуры краіны, атрымала нагрудны знак “За ўклад у развіццё культуры Беларусі”. Між іншым, Галіна Іванаўна стала трэцяй, хто на Маларытчыне адзначаны такой высокай узнагародай. У 2012 годзе знак “За ўклад у развіццё культуры Беларусі”  атрымала Надзея Курдзюк, тагачасны дырэктар Маларыцкай ЦБС, а ў 2016 годзе – Андрэй Гарбацэвіч, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Маларыцкага райвыканкама.

Галіна Хомік родам з Рат­наўскага раёна Украіны. У сферы культуры Маларытчыны яна працуе з ліпеня 1988 года, калі і была назначана дырэктарам Хаціслаўскага СДК. Любімай справе жанчына аддае ўсе свае сілы і вольны час. Галіна Іванаўна з’яўляецца заснавальнікам, нязменным кіраўніком, рэжысёрам, пастаноўшчыкам, сцэнарыстам і ідэйным натхняльнікам узорнага дзіцячага клуба аматараў фальклору “Вясковая табала” (створаны ў 2000 годзе) і народнага ансамбля песні і музыкі “Хаціславяне” (1988). Творчыя калектывы часта гастралююць, выступаюць з канцэртамі, а таксама прымаюць удзел у розных аглядах, конкурсах, фестывалях не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі…

–“Вясковая табала” і “Хаці­сла­­вяне” з моманту стварэння ўзнага­роджаны амаль сотняю розных грамат і падзяк, – гаворыць Галіна Хомік. – Яны атрыманы на творчых спаборніцтвах у Беларусі, на Украіне і  ў Польшчы.

Галіна Іванаўна вырасла на памежжы двух народаў, дзвюх блізкіх культур. У жыхароў Маларыцкага і Ратнаўскага раёнаў шмат агульнага. Нашы культурныя і моўныя сувязі заснаваны на даўніх трывалых традыцыях. Калі жанчына пераехала жыць у Беларусь, то захацела больш глыбока пазнаёміцца з невычэрпнай народнай культурай і, па магчымасці, захаваць яе для будучых пакаленняў.

– Мая ўзнагарода – заслуга ўсяго калектыву Хаці­слаўскага СДК, – гаворыць Галіна Хомік. – Вялікі дзякуй кожнаму за іх талент, майстэрства, за любоў да народнай твор­часці. Я працую не дзеля ўзнагароды і славы, а для таго, каб усе мы памяталі сваю культуру, ганарыліся яе багаццем, захоўвалі спрадвечнае і перадавалі нашчадкам.

Мікалай НАВУМЧЫК.

Добавить комментарий


Стеллажи въездные детальнее на сайте.
https://unc-mps.com.ua

www.shtory.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!