У ЧАС ПАСЕЕШ — ДОБРЫ ЎРАДЖАЙ ЗБЯРЭШ

…Пахмурнае неба і не думала радаваць сонейкам. Вясна яшчэ толькі набірае сваю моц, а таму выпрабоўвае нас то мокрым снегам, то моцнымі вятрамі. Але як бы ні жартавала прырода, кожны ведае, што цёплыя дні не за гарамі.  Веснавы час вельмі дарагі, трэба спяшацца. Разумеюць гэта ў СВК “Ляхаўцы”, а таму з самага ранку тэхніка адпраўляецца на палі. У мінулы чацвер працавалі сейбіты на полі ля вёскі Мыслячы, дзе пад сяўбу лубіну была падрыхтавана плошча амаль у 40 гектараў.  Засыпаўшы ў ячэйкі новага сеяльнага агрэгата насенне, механізатар Аляксандр Асіпук хутка накіраваўся да кабіны свайго МТЗ-3022. Некалькі хвілін на падрыхтоўку (трэба ж ўсё прадугледзець), і вось яго трактар раўнамерна і няспешна “плыве” па полі.
Восьмы год працуе Аляксандр у СВК “Ляхаўцы” вадзіцелем. А ў час сяўбы і жніва вось ужо трэці год перасядае на магутную тэхніку і працуе ў полі. Наперадзе ў яго, як і ў іншых механізатараў гаспадаркі, шмат работы, бо сяўба яшчэ толькі пачалася. 660 гектараў плошчаў плануюць засеяць у гаспадарцы зерневымі культурамі, 420 – кукурузай, на 150 гектарах будзе пасаджана бульба, на 30 гектарах – буракі. Тэмпы пасяўной, як адзначаў галоўны аграном СВК Іван Панчук, стрымліваюцца з-за пераўвільгатнення глебы. Але ў гаспадарцы імкнуцца выкарыстоўваць усе магчымасці, бо ні для каго не навіна, што дзень прамаруджвання вясной можа абярнуцца значнай затрымкай на ўборцы.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: кожную вясну Аляксандр АСІПУК працуе на сяўбе.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.