Мёд жизни Леонида и Татьяны Крень из деревни Дворище Малоритского района

           Руплівыя і працавітыя ні­быта тыя пчолы – гэтымі словамі без перабольшання можна ахарактарызаваць сям’ю Леаніда Крэня з вёскі Дворышча. Амаль чвэрць стагоддзя Леанід Мікалаевіч разам са сваёй жонкай Таццянай Мікалаеўнай займаюцца пчоламі, а дакладней, ра­зам працуюць пчалярамі ў СУП “Савушкіна”. Нам пашчасціла пабываць у гас­цях у гэтай апантанай пчалярскай справай, дружнай і працавітай сям’і.


Дыхтоўны прыгожы дом Крэняў знаходзіцца ў самым пачатку вёскі. На падворку нічога лішняга: роўнымі радочкамі стаяць ружы, ухутаныя працавітымі рукамі Таццяны Мікалаеўны. Насупраць размясцілася невялічкая плантацыя буякоў. Адразу відаць, што жывуць тут дбайныя гаспадар з гаспадыняю, якія ні ўзімку, ні тым больш улетку не ся­дзяць склаўшы рукі. Таццяна Мікалаеўна гасцінна запрашае ў хату, частуе духмянай гарбатай і мёдам. Пра норавы і паводзіны пчол, гаючыя ды карысныя гатункі мёду як Леанід, так і Таццяна могуць расказваць бясконца. Зрэшты, нічога дзіўнага ў гэтым няма: іх захапленне мядовай справай пачалося 38 гадоў таму. Як прызнаўся ў размове Леанід Мікалаевіч, ён пчаляр у трэцім пакаленні. Пчоламі займаліся яго дзед і бацька. Апошні, дарэчы, нягледзячы на даволі шаноўны ўзрост, а Мікалаю Лаўрэнцьевічу споўнілася 85 гадоў, і зараз трымае шэсць пчаліных сем’яў.
— У мясцовым калгасе “Перамога” я працаваў вадзіцелем аўтобуса, — расказвае Леанід Крэнь. – Аднойчы старшыня гаспадаркі Пётр Пракопавіч Яцура прапанаваў мне перайсці на калгасны пчальнік. Я без ваганняў пагадзіўся, гэтая работа не была мне незнаёмай. На той час я меў уласны пчальнік. Ды і пчол я люблю. Адным словам, прайшло з таго часу 24 гады, а я зусім не шкадую, што стаў пчаляром.
На сённяшні дзень Леанід Крэнь – адзін з лепшых пчаляроў на Маларытчыне. У мінулым годзе ён атрымаў першае месца ў раёне, сабраўшы з 70 пчоласем’яў 1 тону 705 кілаграмаў каштоўнага мёду. Як удакладняе пчаляр, гэта не самы лепшы паказчык.
— Напрыклад, у 2015 годзе я з жонкай сабраў 2 тоны мёду, — падсумоўвае патомны пчаляр.
Дарэчы, і Таццяна Мікалаеўна, якая да пчалярства кім толькі ні працавала: і мантажніцай ад электрамеханічнага завода, і вешанкі вырошчвала на прыватным прадпрыемстве, таксама не шкадуе, што звязала сваё жыццё з пчоламі.
— У першыя гады, калі я толькі спасцігала сакрэты пчалярскай справы, — расказвае Таццяна Мікалаеўна, – пчолы некалькі разоў на дзень джалілі мяне. Тады я яшчэ не ведала ўсіх тонкасцяў зносін з пчоламі. Магла адмахвацца рукамі, нервавацца, чаго яны вельмі не любяць. Увогуле, нашы пчолы не агрэсіўныя, а наадварот, вельмі міралюбівыя. Пчала без дай прычыны ніколі не нападзе на чалавека, а толькі тады, калі адчувае для сябе пагрозу.
70 пчоласем’яў на пчальніку СУП “Савушкіна” прадстаўлены дзвюма пародамі пчол – “бакфасцкая” і “карніка”. Гэта высокапрадукцыйныя і міралюбівыя насякомыя, якія лёгка адаптуюцца да розных умоў і збіраюць мёд з ранняй вясны і да таго часу, пакуль квітнеюць меданосы.
У пчаляроў няма часу на адпачынак. Гэта толькі на першы погляд здаецца, што пчалярства – справа простая, якая не патрабуе асаблівых выдаткаў і клопату. Аказваецца, зусім наадварот, займацца пчоламі – цэлая навука, пэўная сістэма ведаў, якую патрэбна ўвесь час удасканальваць. А яшчэ пчол неабходна пастаянна даглядаць. Нездарма народная прымаўка гаворыць, што “пчол трымаць – не ў халадку ляжаць”. І з гэтым цалкам пагаджаюцца пчаляры Леанід Мікалаевіч і Таццяна Мікалаеўна.
— Да пчол, як і да людзей, патрэбна мець свой падыход, — дзеліцца думкамі гаспадар. – Нехта, можа, і так мяркуе: якая лёгкая ды смачная праца ў пчаляра, забірай сабе мёд, які пчала прынесла. Гэта далёка не так. Па-першае, пчолы, як і ўсе жывыя істоты, хварэюць. Таму патрэбна праводзіць свое­часовую апрацоўку вулляў і саміх пчол ад розных хвароб і паразітаў. Тут вельмі шмат тонкасцяў. Дзесьці недаглядзеў і, лічы, уся работа прапала, выніку не будзе. Яшчэ адзін нюанс: не дапусціць бясконцага раення пчол. Для гэтага неабходна своечасова расшыраць гнёзды, так бы мовіць, ствараць новае месца для маладой сям’і.
Анатоль Мікалаевіч яшчэ доўга расказваў аб тонкасцях пчалярства, і ў вачах у мужчыны загараліся непадробныя іскрынкі радасці. Таццяна Мікалаеўна ва ўсіх пачынаннях падтрымлівае свайго мужа, яна яго правая рука і дарадца. Тут мне падумалася, сапраўды, якое гэта шчасце займацца любімай справай, што прыносіць асалоду і задавальненне, і мець магчымасць захапленне свайго жыцця раздзяліць з блізкім табе чалавекам.
Пакуль мы размаўляем, гаспадыня частуе бурштынавым духмяным мёдам.
— Паспрабуйце. Сапраўдны мёд, з уласнага пчальніка, — кажа Таццяна Мікалаеўна, запрашаючы пакаштаваць карысны прадукт.
Мёд насычаны водарам лясных кветак і траў, а яшчэ нагадвае пах далёкага і незваротнага дзяцінства. Лыжка мёду бурштынавага колеру раствараецца ў шклянцы з вадой і прыемна наталяе смагу. “Калі хочаш захаваць маладосць – ужывай мёд”, — так гаварылі яшчэ нашы продкі, і мёд называлі “ежай багоў”, лічылі яго сімвалам добрабыту. Аказваецца, мёд трэба яшчэ і правільна ўжываць. Не варта яго класці ў гарачую гарбату, таму што тады мёд губляе шмат карысных рэчываў, разбураюцца вітаміны. Такі напой можа нават нашкодзіць арганізму. Справа ў тым, што гарачы чай з мёдам выклікае актыўнае потавыдзяленне і сэрцабіццё, чаго неабходна асцерагацца людзям з сардэчна-сасудзістымі захворваннямі.
Мёд дапамагае нармалізаваць кіс­лотнасць страўнікавага соку. Напрыклад, паніжаную кіслотнасць ён павышае, а павышаную – зніжае. Пры гастрыце з паніжанай кіслотнасцю гэты прадукт лепш ужываць перад ядой, развесці сталовую лыжку яго ў шклянцы халоднай вады. А пры павышанай кіслотнасці мёд разбаўляюць цёплай вадой і выпіваюць праз паўтары-дзве гадзіны пасля прыёму ежы. Дарэчы, акрамя мёду пчолы даюць і мноства іншых лекавых прадуктаў, такіх, як пропаліс, пярга, матачнае малачко.
— Пагадзіцеся, ёсць чаму людзям у пчол павучыцца, — працягвае гаворку Леанід Мікалаевіч. – І найперш — іх нястомнай працавітасці, ладу жыцця, калі кожная пчолка за нешта адказвае.
Леанід Мікалаевіч і Тацццяна Мікалаеўна таксама ў нечым падобны да сваіх пчолак, гэтак жа шчыруюць на роднай зямлі, завіхаюцца па гаспадарцы, якая, дарэчы, немаленькая. На падворку ходзяць куры, свінні, авечкі. Быў час, і тры каровы трымалі. “Гэта калі дачушкі яшчэ вучыліся, — удакладняе гаспадыня. – Зараз рагуль не трымаем. Цяжка. Асабліва ўлетку, калі часу на асабісты агарод практычна няма. Тады дачушкі бяруць адпачынак, дапамагаюць па гаспадарцы. Маем траіх унукаў, якіх заўсёды з нецярпеннем чакаем да сябе ў госці. Я два гады ўжо, як на пенсіі”.
Дарэчы, ні Таццяна Мікалаеўна, ні Леанід Мікалаевіч не выглядаюць на свой узрост, а гадоў на дзесяць маладзей. Можа, і сапраўды, пчолы і мёд дораць, і маладосць ды здароўе. Дзявятага лютага ў сям’і Крэняў адбылася значная падзея – Леаніду Мікалаевічу споўнілася 60 гадоў. Павіншаваць юбіляра сабралася ўся вялікая і дружная сям’я, а таксама сябры і калегі. Гучалі шчырыя словы пажаданняў доўгіх гадоў жыцця ў шчасці ды радасці, ладзе ды згодзе.
Кацярына Яцушкевіч.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.


www.velotime.com.ua/

посмотреть topobzor.info

www.www.rezeptfrei-viagra.com