Жизненные истории — счастье у каждого своё

Жыццё – рэч непрадказальная. Часта здараецца, што калі ў сям’і пад­растае некалькі дзяцей, то бацькі чамусьці больш шкадуюць і песцяць меншае. Гэта не значыць, што астатнія нелюбімыя, проста апошняе дзіцятка здаецца бацькам больш ласкавым, прыгожым і кемлівым.

Час ляціць хутка. Азірнуцца не паспееш, як дзеці, нібыта тыя птушкі, разляцеліся з роднага дома, пакінуўшы бацькоў адных сустракаць старасць. І пакуль старыя яшчэ маюць здароўе,  трымаюцца,  завіхаюцца па хатняй гаспадарцы, тады ўсім добра,  а калі занямогуць, то спа­дзяюцца на дапамогу сваіх дзяцей, асабліва малодшых, якіх больш за ўсіх шкадавалі ды песцілі.

Малодшы сын

Як толькі Антону Захарчыку споўнілася дзевяноста, а яго жонцы Гэлі пераваліла за восьмы дзясятак,  яны аб’явілі дзецям, што іх будзе даглядаць малодшы сын Лёнік. Мужыку даўно за пяцьдзясят, а ён для ўсіх на вёсцы Лёнік. Бацькі адразу папярэдзілі, што ў выпадку іх смерці ўся маёмасць пераходзіць у спадчыну Лёніку. Дачка і старэйшы сын,  якія жылі ў Брэсце, навіну ўспрынялі спакойна. Бацькі маюць рацыю, калі прынялі такое рашэнне.

Праўда, старэйшы Віктар прапанаваў карову прадаць, каб не мець старым клопату. Маўляў, малако і масла можна і ў краме набыць. А даглядаць за старымі можа і сацыяльны работнік. Бацькі ў адзін голас запярэчылі: «Як гэта чужога чалавека ў хату пускаць! І што гэта за гаспадарка без каровы на падворку, няйначай, як гаспадар гультай».

Асабістае жыццё ў Лёніка не заладзілася. Жонка яго даўно кінула, махнула рукой і на двух сыноў, якіх давялося гадаваць бабе з дзедам. Здавалася, і сапраўды надышла чарга і малодшаму сыну паглядзець сваіх бацькоў на старасці гадоў. Лёнік толькі гэтага быццам бы і чакаў. Пасля таго, як бацькі абвясцілі сваю волю, ён з радасцю кінуў працу і разам з малодшым сынам Антонам, які таксама звольніўся, пераехаў з райцэнтра жыць да бацькоў. Адна бяда: сын і ўнук любілі закінуць “за каўнер”. Старэнькая маці, якая ледзьве на мыліцах дыбала па хаце, запэўніла, што з сына ды ўнука яна вачэй не звядзе, але піць ім не дасць. Праз нейкі месяц старыя ўбачылі, што трымаць пад кантролем дваіх мужчын няма ніякіх сіл. Тыя падояць карову,  малако здадуць, а грошы пераводзяць у віно. Больш таго, каб пракарміць “даглядчыкаў, якія бульбу з капустай есці не хочуць,  а патрабуюць кілбасы ды мяса”, у старых пенсіі не хапала. Пабедавалі бацькі, параіліся і вырашылі зняць з банкаўскага рахунку грошы, якія трымалі на “чорны” дзень. “Можа, іх у мясцовы калгас даглядчыкамі ўладкаваць”, — гаварылі бацькі старэйшым дзецям, калі тыя прыязджалі іх праведаць. Але пра работу і гаворка не ішла. На верандзе ў Захарчыкаў пачалі збірацца ўсе мясцовыя выпівакі. П’юць ды шумяць дацямна, а старыя нічога зрабіць не могуць, хвалююцца ды не разумеюць: адкуль толькі бяруцца грошы на гарэлку?

Неяк стары заглянуў у гумно і ўбачыў ахапак сена ў кутку. Вырашыў прыбраць яго. Ткнуў віламі ў сена — і раптам зазвінела шкло. Пад сенам ляжала куча бутэлек з-пад гарэлкі. Стары занепакоіўся, таму што этыкеткі на бутэльках былі яшчэ з “хрушчоўскіх” часоў. Палез дзед на гарышча, дзе пад рознымі лахманамі была прыхавана гарэлка на пахаванне. Збіралі яны з жонкай спіртное гадамі – купяць бутэльку ды і паставяць “на смерць”. Цяпер чатыры скрынкі стаялі пустыя.

Папракнулі сына, а той адразу накінуўся на бацькоў:

— Я вам што, парабак, каб бясплатна за вамі даглядаць. Хопіць!

— Лёнік, адумайся, мы тваіх дзяцей выгадавалі, — спрабавала абразуміць лайдака маці.

— Яны самі выраслі, — агрызнуўся Лёнік.

Аднойчы ён прыйшоў дамоў на моцным падпітку, на матчыну заўвагу, што так жыць нельга,  зняў зімовую шапку і ўдарыў маці па галаве: “Ах, ты, старая порхаўка, яшчэ і рот разяўляеш! Даўно надышоў час на той свет збірацца, а не труціць мне ўсё жыццё”,  — Лёнік сыпаў абразлівымі словамі на маці, якая ледзьве стрымлівала слёзы.

Суседзі раілі Захарчыкам прагнаць гультаёў ды п’яніц сына з унукам. Але Гэля толькі галавой круціла: “Не, няхай хоць заб’е, але праганяць не буду”. Віктар прапанаваў выклікаць участковага. Толькі бацькі запярэчылі: “Ні ў якім разе! Няўжо можна на сваё роднае дзіця ў міліцыю заяву пісаць?”

Пасля гэтага інцыдэнту старая здалася, лягла і ўжо з ложка не ўставала. Каля яе тупаў Антон. Выцягне з-пад нямоглай мокрую посцілку, высушыць на плоце і назад нясе. Пачне карміць бульбай, а Гэля просіць: “Мне б чаго смачненькага паесці”. Старэйшыя дзеці прывозілі прадукты з горада  амаль штодзень. Толькі старым бацькам нічога не заставалася. Усё з’ядалі абібокі —  малодшы сын ды ўнук, а што не здолелі з’есці, тое мянялі на выпіўку. Лёнік у бацькоўскай хаце пачуваў сябе сапраўдным гаспадаром. Неўзабаве маці памерла,  і бацька яшчэ больш пачаў перажываць за  шалапутных сына ды ўнука. Вяршыняй бацькавай любові да Лёніка стала просьба старога, каб пасля яго смерці грошы, якія выдаткоўваюцца на пахаванне, забраў сабе малодшы сын.

Пасля адыходу бацькі ў іншы свет Лёнік, доўга не думаючы, прадаў карову, абмяняў на гарэлку курэй і зажыў шчасліва: цяпер яго сваімі натацыямі ніхто не даймаў. Ляжыць Лёнік на канапе,  п’е віно ды смаліць цыгарэты. Акуркаў – міска з верхам. Тэлевізар працуе і днём, і ноччу. Праўда, ёсць у Лёніка адна праблема. Ад пенсіі да пенсіі грошай не хапае і тады даводзіцца бедалазе “садзіцца” на дыету. Увогуле, жыццё ўдалося. Чаму толькі бацькі перажывалі?

Добрая справа

Пасля смерці мужа Марыя Пятроўна хату завяшчала ў якасці падарунка ўнуку – даччыному сыну. Зроблена гэта было цішком, каб не даведаліся сыны, якіх у старой трое. Марыя нават дачку папярэдзіла, каб тая нікому ні слова. А сама не вытрымала і пахвалілася суседцы, якую “добрую справу” зрабіла. Але таямніца існуе, пакуль пра яе ведае толькі адзін чалавек.

Жанчына пачала непакоіцца, чаму ніхто з сыноў да яе доўгі час не заглядаў. Раней то адзін сын прыедзе, то другі, а тут двор крапівой зарос, а ніхто так і не паказваецца. Патэлефанавала ў горад, а нявестка ў адказ: “Званіце новаму гаспадару. Мы не маем да вас і вашай сядзібы ніякага дачынення”.

Сапраўды, так. Ёсць унук, зяць, дачка – хата ўжо іхняя, то ім і клапаціцца аб парадку. Браты коса глядзяць на сястру, якая іх так хітра абвяла вакол пальца, а тая ківае на маці. Маўляў, я тут ні пры чым, гэта была воля матулі. Атрымалася, што ў сямейных неладах аказалася вінаватай старая хворая жанчына. Далей сітуацыя разгортвалася, як у дэтэктыўным рамане. Гаспадыня абвясціла,  што яна ніякую хату ўнуку не дарыла і  дакументаў не падпісвала. 

Справа ў тым,  што завяшчанне можна адмяніць і перапісаць хоць дзесяць разоў,  а на аформленым у якасці падарунка  можна ставіць кропку.

Падроблены подпіс – гэта  ўжо крымінал. Пачалі правяраць. У натарыяльнай канторы пацвердзілі, што подпіс сапраўдны. Толькі Марыя стаяла на сваім – не яе рук гэта справа.

Можна папракнуць старую хворую кабету ў непрадбачлівасці, але дачка, на вачах якой і разгараўся скандал, магла вярнуць тыя дакументы маці,  і няхай бы яна з той хатай рабіла, што хацела. У рэшце рэшт, многае залежыць ад характару чалавека, яго жыццёвага погляду, выхавання. Немагчыма зрабіць дзіця шчаслівым, калі яно гэтага не хоча. Ды і само разуменне шчасця ў дзяцей часта іншае, чым у іх бацькоў. Можа,  варта не лезці ў жыццё сваіх дарослых дзяцей,  а сваё шчасце няхай яны самі “куюць”.  

Уладзіслаў Снітка.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.