Тытулаваны баец

Аляксандру Нікіцюку 16 гадоў. Ён вучыцца ў 10 класе раённай гімназіі. З’яўляецца членам спартыўнага клуба “Тарнада” (г. Брэст). Але  нягледзячы на свой ўзрост, хлопец ужо двойчы  майстар баявых мастацтваў: па таэквандо-хорт (чорны пояс, першы дан) і кантактнаму каратэ. Гэтыя званні юнак атрымаў ў мінулым годзе ў час атэстацыі, якая ўключае ў сябе  некалькі абавязковых элементаў.
— Гэта, — кажа Аляксандр, — у першую чаргу — удзел і перамога ў спаборніцтвах. У мяне, напрыклад, ужо 4 першыя месцы  і 1 другое на мерапрыемствах абласнога ўзроўню. У час атэстацыі вялікая ўвага надаецца ўменню тэхнічна правільна весці бой. Пад увагу бяруцца і фізічная падрыхтоўка, колькасць праведзеных баёў з кандыдатамі ці майстрамі таэквандо-хорт. Таксама неабходна ўмець перадаваць свае навыкі іншым. Абавязкова ўлічваецца і стаж ў таэквандо.
— А які ён у цябе?
— Я зацікавіўся гэтым відам спорту, калі вучыўся ў 3 класе. Тады ў СШ №1 была секцыя. Прачытаўшы аб’яву аб чарговым наборы на заняткі, вырашыў паглядзець, што гэта такое. Адразу ўбачанае мяне зацікавіла. Бацькі супраць не былі. Спачатку было проста захапленне экзатычным відам спорту. Сур’ёзна да заняткаў стаў адносіцца недзе праз паўгода наведвання трэніровак. Спадабалася, зацікавіла. Тады ж перад сабою паставіў пэўныя мэты, ажыццявіць якія часткова здолеў толькі праз 5 гадоў.
— Дзякуючы чаму дасягнута запланаванае?
— Сіла волі тут мае вялікае значэнне. Проста так нішто не даецца. Пастаянныя трэніроўкі – неабходная ўмова падтрымкі добрай спартыўнай формы. Каб нечага дасягнуць, неабходна пастаянная праца над сабою, удасканаленне навыкаў і ўменняў. Я, напрыклад, зараз два разы на тыдзень абавязкова наведваю трэніроўкі, трэнажорную залу, а таксама яшчэ самастойна займаюся дома.
— Саша, што табе дало таэквандо?
— Упэўненасць у сабе. Па вуліцы хадзіць не баюся (усміхаецца). Сапраўдны мужчына павінен умець пастаяць за сябе і за тых, хто слабейшы. Таэквандо для мяне — сродак самаабароны, а не наступлення. Сваю сілу не будзеш прымяняць на кожным кроку, бо да яе яшчэ патрэбен розум.
— Што ўяўляюць сабой спабор­ніцтвы па гэтым відзе спорту?
— Таэквандо – карэйскае баявое мастацтва, самаабарона без зброі, спартыўная барацьба. Мэта паядынку — нанесці саперніку найбольшую колькасць заліковых удараў, адбіваючы яго напад пры дапамозе рук і ног. Удары рукамі і нагамі дазваляюцца ў корпус (тулава) і галаву, якая закрыта ахоўным шлемам. Паядынак адбываецца на пляцоўцы памерам 12х12 м, складаецца з 3 раўндаў па 3 хвіліны. Спартсмены выступаюць у 8 вагавых катэгорыях.
— Дан – гэта што такое?
— Дан адлюстроўвае майстэрства байца. У перакладзе з японскай мовы слова абазначае ўзровень. З павышэннем узроўню расце і майстэрства. Чым вышэй дан, тым больш прафесійны баец. У таэквандо 9 данаў. З першага дана да другога прамежак паміж атэстацыяй складае год з паловаю,  з другога да трэцяга – 2 гады, з трэцяга да чацвёртага – 3 гады і т.д. Атэставацца на 7 дан могуць тыя, хто дасягнуў 40-гадовага ўзросту.
-Саша, якія планы на будучае?
-Атрымаць другі дан. А яшчэ рыхтуюся да чэмпіянату Беларусі па в’етвадаа (в’етнамскае баявое мастацтва), які ў маі адбудзецца ў Віцебску. Паспрабую выступіць з добрым вынікам. Для сябе ўдзел у такім мерапрыемстве лічу важным, яшчэ адным этапам у сваім спартыўным жыцці. Хочацца пераканацца, што званне майстра спорту атрымаў заслужана.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Аляксандр Нікіцюк з дакументамі, якія пацвярджаюць 2 званні майстра баявых мастацтваў.
Фота аўтара.

Добавить комментарий


http://biceps-ua.com

https://www.best-cooler.reviews/
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!