Дарожкі бадзёрасці

З 10 студзеня на поўную магутнасць стала працаваць установа “Дзіцяча-юнацкая спартыўная школа Маларыцкага раёна”.  Рэжым яе працы — з 8.00 да 22.00. Шматлюдна тут бывае практычна заўжды. Напрыклад, толькі за люты колькасць наведванняў склала: у басейне — 2798, не ўлічваючы заняткі, якія праводзяцца для вучняў школ горада і раёна; у спартыўнай зале – 311; у трэнажорнай зале – 361. Выручка за другі месяц года склала больш чым 25 мільёнаў рублёў. Займацца спортам прыходзяць не толькі жыхары горада, але і раёна. Многія прадпрыемствы і арганізацыі Маларытчыны, ра­зумеючы важнасць для чалавека здаровага ладу жыцця, купляюць абанементы сваім работнікам на месяц. Так робяць, напрыклад, у СТАА “Роскорм”, ПУП “Савушкіна”, ЦБУ №120 ААБ “Беларусбанк”, РММ УП “Брэст­водбуд”, РУП “Брэстэнерга”,  УП “Маларыцкая ПМК-20” і інш. Людзі актыўна наведваюць універсальны спартыўны комплекс. Тут створаны неабходныя ўмовы для атрымання ўсяго спектра паслуг. Па словах Зоі Герасімук, адміністратара ДзЮСШ, акрамя ўсяго іншага, у басейне пастаянна дзяжурыць медсястра, знаходзяцца 2 інструктары, ёсць інструктар і ў зале індывідуальнай сілавой падрыхтоўкі.  Менавіта яны дапамогуць падабраць кожнаму індывідуальную методыку трэніровак.
Радуе вока і дызайн унутраных памяшканняў. Усё, здаецца, прадумана да драбязы. Вакол чыста, утульна, камфортна, прыгожа. Калі вы сюды прыйшлі ўпершыню, хвалявацца не варта, бо пра ўсё раскажа, пакажа, параіць Зоя Віктараўна. Яна ж дапаможа падабраць зручны час сеансаў для кожнага наведвальніка. Некаторых з іх мы папрасілі падзяліцца думкамі пра комплекс.
Надзея Мікалаеўна:
— Басейн наведваю з 25 сту­дзеня. Бываю тут 5 раз на ты­дзень. Першы раз са знаёмымі прыйшла дзеля цікавасці. Хацелася ўбачыць на свае вочы тое, пра што гаварылі і пісалі. Тым больш, што ў халодны перыяд года многа вольнага часу, бо на заслужаным адпачынку. Куды сябе падзець? Разважыўшы, вырашыла: трэба ісці ў басейн. Ведаеце, не пашкадавала, адразу спадабалася. Выдатны тут персанал: ветлівы, шчыры. А самае галоўнае, што за 2 месяцы адчула змяненні ў сваім арганізме. Не паверыце, але перасталі балець ногі (сёння хаджу намнога хутчэй, чым раней), наладзілася дыханне, палепшылася самаадчуванне, з’явілася бадзёрасць ва ўсім арганізме, палепшыўся сон. Спартыўны комплекс для мяне – своеасаблівы санаторый, хоць у сапраўдным санаторыі за сваё жыццё ні разу і не была. Тут жа адпачываю душою і целам (усміхаецца).
Аднак хочацца зрабіць і прапанову. Для пенсіянераў існуюць ільготы на сеанс, але толькі з 12.45 да 13.40. З надыходам цёплых дзён, калі неабходна працаваць ля дома, на дачах, хацелася б, каб ільготны сеанс быў і пасля абеду, напрыклад, з 16.15 да 17.20. Дзень тады не разбіваецца. Пазавіхаўся чалавек на агародзе, а пасля пайшоў у спартыўны цэнтр і адпачыў.
Ірына Алесіюк:
-Наведванне басейна мне прынесла вялікую радасць і карысць. Воднае плаванне сапраўды змяняе постаць у лепшы бок, бо дапамагае падкарэкціраваць яе прапорцыі. Скідваеш лішнія кілаграмы. Мой вынік: за 2 месяцы скінула 4 кг. Я стала больш спакойнай, ураўнаважанай. Сама пераканалася, што басейн павышае працаздольнасць, вынослівасць, жыццёвы тонус, станоўча ўздзейнічае на нервовую сістэму, дапамагае пазбегнуць думак пра ежу, прыходзіць у норму артэрыяльны ціск, павышаюцца ўвага і агульны эмацыянальны тон. Хочацца сказаць яшчэ і пра тое, што наведванне басейна ўмацоўвае імунітэт, чалавек становіцца больш устойлівым да змен прыроды. Каб быць здаровым і прыгожым, неабходна пастаянна фізічна самаўдасканальвацца.
…У зале індывідуальнай сілавой падрыхтоўкі, па словах Тамары Бабіч,  дзяжурнай па зале, на сённяшні дзень налічваецца 13 трэнажораў для мышцаў розных груп. Штодня тут у сярэднім бывае 40 чалавек, у асноўным – жанчыны. Найбольшай папулярнасцю гэтая зала карыстаецца ў людзей ва ўзросце да 40 гадоў, хоць заняткі тут дазволены тым, каму за 10 гадоў. Між іншым, для пенсіянераў з 8.00 да 13.00 прадугледжаны льготы. Ці задаволены наведвальнікі трэнажорнай залай?
Людміла Крэнь:
-Так, я ў захапленні. Тут бываю пастаянна з 10 лютага. Спачатку хвалявалася, таму што не ведала зусім, з якога боку падступіцца да трэнажораў, як з імі працаваць. Доўга не магла адважыцца зайсці. Аднак трэнеры хутка дапамаглі ліквідаваць гэты прабел. Таму прыйшла, убачыла і… засталася, спадзяюся, назаўжды. Зараз мяне адсюль не выманіш. Лепшага месца для свайго вольнага часу не знайсці. Самае галоўнае — вынік: тут пакінула ўжо 5 кг сваіх. І гэта за месяц з паловаю. Бываю ў зале амаль кожны дзень. Спартыўныя трэнажоры вылечваюць ад хвароб, падтрымліваюць агульны тонус, мэтанакіравана развіваюць тыя ці іншыя групы мышцаў, павялічваюць гібкасць суставаў, умацоўваюць сардэчна-сасудзістую сістэму. Трэнажорная зала не толькі для качкоў. Пераканана, што той, хто думае пра свой знешні выгляд, абавязкова павінен пабываць тут.
Іван Кандраценка:
— Вядома, інакш мяне тут не было б. Усё падабаецца. Прыходжу сюды 2-3 разы на тыдзень. Адзін дзень трэнірую адну групу мышцаў,  у другі – другую. У зале ёсць папулярныя прыстасаванні для трэніроўкі прэса, біцэпсаў,  іншых груп мышцаў. Пры жаданні можна дасягнуць таго рэльефу цела, пра які марыш. Толькі мне здаецца, што памяшканне, дзе знаходзіцца зала, малаватае. Бываюць нават і чэргі. Наогул, сваім равеснікам раіў бы тут праводзіць свой вольны час. Гэта дасць больш карысці, чым бутэлька піва.
Р.S. Хочацца развеяць міф аб тым, што ў спартыўным комплексе холадна. Мы ўзялі тэрмометр. Вада ў басейне для дарослых была +27оС, для дзяцей — +30 оС, у джакузі — +31 оС, тэмпература паветра ў басейне  — +28оС.
Мікалай НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


автоматический полив хантер

https://ukrterminal.kiev.ua

www.adulttorrent.org