Калі дзеці cігналізуюць «SOS»

Многае ў жыцці дзіцяці можа быць сціплым: стравы, адзенне, жыллё, але нельга адчуваць недахопу ў адным – мацярынскай любві і клопаце.
Кожнае дзіця мае права на тое, каб расці ў сям’і,  дзе яго любяць, у атмасферы клопату і ўзаемаразумення. Вось толькі жыццё часам бывае няласкавым да дзяцей: страта бацькоў, абыякавасць, а вельмі часта і жорсткае абыходжанне ў роднай сям’і – усе гэтыя беды,  на жаль,  абвальваюцца на малых.
Ідэя выхавання дзяцей-сірот і дзяцей,  якія засталіся без апекі бацькоў,  ва ўмовах, набліжаных да сямейных, актыўна рэалізуецца ў Рэспубліцы Беларусь праз такія сацыяльныя праекты, як дзіцячыя вёскі і гарадкі, дзіцячыя дамы сямейнага тыпу і прыёмныя сем’і. Усе гэтыя формы доўгатэрміновага выхавання дзяцей-сірот закліканы вярнуць малому тое,  што адняў у яго лёс,  што неабходна для яго паўнацэннага фізічнага і духоўнага развіцця: бацькоў, якія любяць і клапоцяцца, братоў і сясцёр, цяпло хатняга ачага.
Цяпер праектаў доўгатэрміновай апекі дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, у Рэспубліцы Беларусь становіцца ўсё больш, яны развіваюцца і ў сувязі з гэтым маюць вострую патрэбу ў бацьках-выхавальніках – людзях, якія гатовы раздзяліць сваё жыццё з дзецьмі-сіротамі, гатовы клапаціцца пра іх і дарыць ім сваю любоў.
Калі вы гатовы падарыць любоў і клапаціцца аб дзецях-сіротах і дзецях, якія засталіся без апекі бацькоў, вы можаце стаць бацькамі-выхавальнікамі ў прыватнай сацыяльна-педагагічнай установе адукацыі “SOS – Дзіцячая вёска Магілёў” ці ў прыватнай сацыяльна-педагагічнай установе адукацыі “SOS – Дзіцячая вёска Бараўляны”. Бацькамі-выхавальнікамі могуць быць як сямейныя пары, так і незамужнія жанчыны ва ўзросце ад 28 да 45 год, якія маюць вышэйшую ці сярэдне-спецыяльную адукацыю. Ім прапаноўваюцца камфортныя ўмовы працы (асобныя сучасныя дамы для кожнай сям’і), дастойная зарплата, прафесійная дапамога і падтрымка па пытаннях выхавання дзяцей з боку псіхолагаў і педагогаў, дапамога адміністрацыі ў вырашэнні гаспадарчых пытанняў. Час работы бацькамі-выхавальнікамі залічваецца ў агульны працоўны стаж, што гарантуе права на дзяржаўнае сацыяльнае страхаванне і пенсійнае забеспячэнне.
У тым выпадку, калі бацькамі-выхавальнікамі становіцца сямейная пара, магчыма, такая, якая мае ўласнае дзіця, працоўныя адносіны заключаюцца з адным з бацькоў, у той час як другі можа працягваць работу па сваёй асноўнай спецыяльнасці. Апякаюць і выхоўваюць дзяцей, вядома ж, абое бацькоў.
Да ўдзелу ў конкурсе запрашаем кандыдатаў з усёй Рэспублікі Беларусь.
Дзеці чакаюць вашай падтрымкі і любві… Мабыць, менавіта вы станеце самым блізкім чалавекам у іх жыцці.
Інфармацыя па тэл.: 8-0222 27-61-31, 8-017 265-40-41.
Аксана ЯЛОВА, генеральны дырэктар ГА “Беларускі фонд SOS — Дзіцячая вёска”.

Добавить комментарий


www.best-cooler.reviews

www.best-cooler.reviews/category/rtic/

monaliza.kiev.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!