Міжнародны праект «Народная творчасць без межаў» набывае абрысы

На мінулым тыдні ў гарадскім Доме культуры Маларыты прайшла стартавая міжнародная канферэнцыя ў рамках рэалізацыі праекта “Народная творчасць без межаў”, які ўваходзіць у Праграму тэрытарыяльнага супрацоўніцтва краін Усходняга партнёрства Беларусь – Украіна і фінансуецца Еўрапейскім Саюзам. Праект афіцыйна пачаў рэалізоўваць аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Маларыцкага райвыканкама сумесна з аддзелам культуры, аддзелам адукацыі, па справах моладзі і спорту Ратнаўскай раённай дзяржаўнай адміністрацыі Украіны.

Аб статусе канферэнцыі свед­чыў склад яе ўдзельнікаў. Сярод тых, хто выступіў падчас работы канферэнцыі, быў начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама, начальнік упраўлення культуры Сяргей Панасюк,  намеснік старшыні Маларыцкага райвыканкама Вадзім Шпетны, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Маларыцкага райвыканкама, кіраўнік праекта з беларускага боку Андрэй Гарбацэвіч,  прадстаўнікі Брэсцкага абласнога аддзялення РГА “Беларускае геаграфічнае таварыства”, якія будуць весці навуковае суправаджэнне праекта, а таксама партнёры па праекце з украінскага  боку.

Падчас урачыстага адкрыцця канферэнцыі да яе ўдзельнікаў з прывітальным словам звярнуўся Вадзім Шпетны. Затым Сяргей Панасюк  расказаў аб ролі міжнароднага супрацоўніцтва ў развіцці культуры прыгранічных рэгіёнаў. Андрэй Гарбацэвіч гаварыў аб праграме тэрытарыяльнага супрацоўніцтва Усходняга партнёрства Беларусь-Украіна і аб праекце міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Народная творчасць без межаў”. Валянцін Андрасюк,  начальнік адукацыі, моладзі і спорту Ратнаўскай райдзяржадміністрацыі, зася­родзіў увагу прысутных на дзеяннях па рэалізацыі праекта з украінскага боку. З цікавасцю былі заслуханы і іншыя вы­ступленні. Напрыклад, Сяргей Заруцкі, навуковы эксперт праекта,  кандыдат геаграфічных навук з Брэсцкага аддзялення РГА “Беларускае геаграфічнае таварыства”, пазнаёміў з аса­блівасцямі развіцця традыцыйнай культуры ў прыгранічных рэгіёнах Заходняга Палесся. Лідзія Ківачук, дырэктар Маларыцкага  раённага метадычнага цэнтра, расказала аб рабоце ўстаноў культуры Маларытчыны па развіцці традыцыйнай культуры ў рэгіёне, а Валянціна Струнец падзялілася вопытам работы школы творчасці па развіцці ткацтва на тэрыторыі Маларыцкага раёна.

Падчас мерапрыемства  ўва­га акцэнтавалася на тым, што Маларыцкі строй адметны ар­хаіч­нымі элементамі адзення і галаўных убораў, маштабнасцю  прапорцый, скульптурнай яснасцю ансамбля.

— Праект пачаў рэалізоўвацца з 30 лістапада 2017 года на тэ­рыторыі Маларыцкага і Ратнаўскага раёнаў, а завершыцца ён 28 лютага 2019 года, – гаворыць Андрэй Гарбацэвіч. – Ён скіраваны на фарміраванне спрыяльных умоў для захавання і папулярызацыі элементаў традыцыйнай народнай культуры беларуска-ўкраінскага памежжа. Асноўнай жа задачай праекта “Народная творчасць без межаў” з’яўляецца стварэнне ўмоў для адраджэння і развіцця традыцый рэгіянальнага ткацтва на тэрыторыі двух раёнаў.

У рамках праекта  “Народная творчасць без межаў” запланавана правядзенне шэрагу мерапрыемстваў. Гэта, напрыклад, і майстар-класы па ткацтве ў Маларыце і Ратна (сакавік-май 2018), канферэнцыі, рабочыя сустрэчы праектнай групы (люты, чэрвень, жнівень 2018, люты 2019),  правя­дзенне кампаніі ва ўстановах адукацыі па папулярызацыі рэгіянальных народных строяў, якая ўключае выставы, конкурсы, экскурсіі, прэзентацыі (красавік-кастрычнік 2018). Пройдзе таксама міжнародны  пленэр  ткачоў у Маларыце (ліпень 2018), міжнародны фальклорны фестываль у Ратна (верасень 2018). У рамках рэалізацыі праекта прадугледжана стварэнне гурткоў па ткацтве ў Маларыцкім і Ратнаўскім раёнах (з верасня 2018).  Акрамя таго, ужо пачаўся збор і сістэматызацыя матэрыялу аб рэгіянальных асаблівасцях тэхналогіі ткацтва (студзень-кастрычнік 2018). Запланавана таксама правя­дзенне семінара “Традыцыйная народная культура беларуска-ўкраінскага пагранічча” (снежань 2018), выданне фотаальбома “Традыцыйны народны касцюм беларуска-ўкраінскага пагранічча” на беларускай і ўкраінскай мовах.

Нагадаем, што Еўрапейскі Саюз на рэалізацыю сумеснага праекта выдзяляе 98 523 еўра. Маларыцкі бок атрымае 59% ад гэтай сумы. Грашовыя сродкі будуць затрачаны на фарміраванне культурнай ідэнтычнасці Палесся на аснове адраджэння традыцый ткацтва на тэрыторыі беларуска-ўкраінскага пагранічча.

              Мікалай НАВУМЧЫК.

Добавить комментарий


http://220km.net

http://teplostar.kiev.ua

https://generico-pro.com/comprar/avanafil
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!