Сцяпан і Марыя Піпко з Маларыцкага раёна: 60 гадоў разам — як адзін дзень!

Жыве ў невялічкай вёсачцы Пяртышча звычайная і ў той жа момант не зусім сям’я Сцяпана Рыгоравіча і Марыі Нічыпараўны Піпко. Ні многа ні мала, а цэлых 60 гадоў побач, рука ў руцэ, крочаць па жыццёвай дарозе Сцяпан Рыгоравіч і Марыя Нічыпараўна. Здаецца ім, што толькі ўчора яны пазнаёміліся, бегалі на спатканні, гулялі пад зорным небам да самага золку. І калі толькі прайшоў, праляцеў той час? Азірнуцца не паспелі, а шэсцьдзясят гадоў прамільгнулі нібыта адзін дзень.1 лютага 1958 года яны, маладыя і закаханыя адзін у аднаго, узялі шлюб. Распісаліся сціпла ў Олтушскім сельскім Савеце, затым павянчаліся ў мясцовай царкве. Маладая, як і належыць, была ў шыкоўнай беласнежнай сукенцы, а на галаве яе, упрыгожанай кветкамі, зіхацеў вэлюм. Нявесце пайшоў сямнаццаты год, жаніх быў старэйшы за яе на шэсць гадоў.


Нялёгкі і няпросты лёс выпаў на долю Марыі Нічыпараўны і Сцяпана Рыгоравіча. Але, нягледзячы на шматлікія жыццёвыя цяжкасці, яны годна вытрымалі ўсе выпрабаванні, не ачарсцвелі душой, не раззлаваліся на ўвесь свет, а, наадварот, нібыта нейкая найвышэйшая мудрасць ім адкрылася. Сёння яны, як і шэсцьдзясят гадоў таму назад, не ўяўляюць свайго жыцця адзін без аднаго, на дваіх дзеляць радасць і гора. Марыя Нічыпараўна і Сцяпан Рыгоравіч – дзеці вайны, маленства якіх прайшло праз жахі фашысцкай акупацыі, а не пад мелодыі матулінай калыханкі.

Прыгажуня Марыя
Шчаслівага дзяцінства ў Марыі не было. Калі ёй споўнілася пяць гадоў, памерла маці, пакінуўшы акрамя маленькай Марыйкі яшчэ чатырох сыночкаў. Падымаў малых бацька, у якога асабліва моцна сэрца балела за дачушку, што так рана засталася сіратой. У 10-гадовым узросце Марыйка нароўні з дарослымі выконвала ўсю працу: і па гаспадарцы бацьку дапамагала, і жыта сярпом жала, і за жывёлай даглядала. Пасля вайны жылося цяжка, краіна толькі пачала адбудоўвацца. “Я з братамі хоць і без маці расла, — прыгадвае Марыя Нічыпараўна, — але бацька нас шкадаваў, стараўся, каб у хаце заўсёды быў хлеб і да хлеба нешта. Мае равеснікі галадалі. Памятаю, вазьму дома лусту хлеба і частую сваю сяброўку Паліну. Так мне яе шкада было”. Толькі сябе Марыйка зусім не шкадавала: раніцай бегла ў школу, што знаходзілася ў суседняй вёсцы Хмялёўка. Пасля заняткаў, хуценька зрабіўшы дамашняе заданне, завіхалася па гаспадарцы. Уся жаночая работа ляжала на яе кволых дзіцячых плячах. Можа, гэтая цяжкая праца з дзяцінства і падарвала здароўе Марыі Нічыпараўны.
— Колькі сябе памятаю, — расказвае жанчына, — і дня такога не было, каб я села і без справы бавіла час. Сцяпан на мяне сварыцца: “Паляжы яшчэ, чаго так рана падымаешся”. А ў мяне інакш не атрымліваецца. Калі была яшчэ маладзейшай, вышывала. Зараз здароўе не дазваляе. Гады бяруць сваё, і тут нічога не зробіш.
Марыя Нічыпараўна – цудоўная рукадзельніца. Ад яе прыгожых, вышытых гладдзю кветак вачэй не адвесці. Увесь пакой аздоблены яе вышыванкамі, якія зіхацяць яркімі фарбамі вясёлкі.
Навучылася вышываць Марыйка ад старэйшых жанчын, якія з радасцю дзяліліся з дзяўчынкай сакрэтамі майстэрства вышыўкі. Як толькі надарыцца вольная хвілінка, Марыйка бярэцца за нітку з іголкай і пачынае варажыць, прыгожымі шыўкамі выво­дзячы мудрагелістыя ўзоры. Толькі часу на рукадзелле ў дзяўчынкі было мала. Яна нават не закончыла сярэднюю школу, таму што патрэбна было зараб­ляць грошы. Пасля 7 класаў паехала на заробкі на Украіну. Цэлы год шчыравала паляводам ў адным мясцовым калгасе Кіраваградскай вобласці. Праз год, крыху зарабіўшы грошай, Марыя вяртаецца дамоў, дзе і сустракаецца са сваім суджаным.

Сцяпан
Лёс Сцяпана Рыгоравіча таксама не песціў. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, хлопчыку споўнілася шэсць гадоў і ён разумеў, што адбываецца нешта страшнае. Сцяпан, як і многія яго аднагодкі, спаўна зведаў, што такое холад і голад, адчайны і невыносны страх смерці, калі ад адной толькі нямецкай лаянкі паджылкі трасуцца. У той страшнай і крывавай віхуры вайны, пад нямецкай акупацыяй, ён цудам выжыў. Сцяпану Рыгоравічу пра вайну прыгадваць не хочацца. Зразумела, не дай Бог такое каму-небудзь перажыць. Хацелася б забыць жахі ваеннага ліхалецця, ды толькі з памяці нічога не выкрасліш. Сцяпан Рыгоравіч ніколі не забудзе і той дзень, калі з фронту дамоў вярнуўся бацька. Маці плакала, абдымаючы і цалуючы мужа, які таксама ледзьве стрымліваў слёзы шчасця. Вайна забрала ў мужчыны здароўе, пасля кантузіі ён так і не ачуняў. Сцяпан ва ўсім стараўся дапамагчы маці, на руках якой, акрамя хворага бацькі, было яшчэ дзве сястрычкі. Падлетак быў здатны да любой работы, не цураўся ніякай справы. З цягам часу Сцяпан стаў майстравітым цесляром і сталяром. Словам, меў хлопец залатыя рукі.
Сустрэў Сцяпан сваю Марыю аднойчы на вячорках. Ён убачыў прыгожую дзяўчыну, і ў душы маладога чалавека нешта перавярнулася. “Вось гэта дзяўчынка-шчабятушка і будзе маёй нарачонай”, — падумаў сам сабе юнак і як у ваду глядзеў, праз некалькі месяцаў яны пажаніліся. Сцяпан Рыгоравіч і Марыя Нічыпараўна і сёння памятаюць да дробязяў, як яны пехатой з Пяртышча ішлі ў сельвыканкам, што ў Олтушы, каб напісаць заяву аб рэгістрацыі шлюбу. Пераадольваючы не адзін кіламетр праз сцюдзёныя сумёты, крочыла да свайго сямейнага шчасця маладая пара. Пяць гадоў маладыя пражылі ў бацькоўскім доме Сцяпана, які стаяў на хутары, пакуль не пабудавалі сваю сядзібу ў вёсцы. Абое ад цямна да цямна шчыравалі ў мясцовым калгасе.
— Сцяпан – майстар на ўсе рукі, — з пяшчотай і любоўю ў голасе кажа пра свайго мужа Марыя Нічыпараўна. — Мы ніколі не дзялілі работу на мужчынскую і жаночую,а, наадварот, імкнуліся дапамагчы адзін аднаму.
Хаця, як адзначае Марыя Нічыпараўна, у сямейным жыцці ўсяго хапала. Былі і свае праблемы. А ў каго, скажыце, іх няма? Як мудрая жанчына, яна заўсёды старалася знайсці кампраміс, выслухаць чалавека, зразумець яго.

Найкаштоўнейшае багацце
Галоўнае і найкаштоўнейшае багацце нашых брыльянтавых юбіляраў (60 пражытых разам гадоў лічыцца брыльянтавым вяселлем) – іх дзеці. Яны выгадавалі і блаславілі ў жыццё семярых дзетак. Марыя Нічыпараўна ўзнагароджана “Медалём мацярынства”.
— У нашай сям’і нарадзілася 5 хлопчыкаў і дзве дзяўчынкі, — расказвае жанчына. – Дзеці ў нас вельмі дружныя, працавітыя. На жаль, за апошнія 8 гадоў пахавалі трох сыноў, — гаворыць Марыя Нічыпараўна, ледзьве стрымліваючы слёзы.
Які гэта невыносны цяжар для маці — заўчасна праводзіць у апошні шлях сваё дзіця. Жалоба па сынах і падкасіла здароўе жанчыны. Марыя Нічыпараўна перанесла складаную аперацыю. Ёй далі I групу інваліднасці. За хворай матуляй і састарэлым бацькам даглядае сын Мікалай, які з горада пераехаў жыць у маленькую вёску. Праведваюць часта бацькоў і дзве дачкі, якія жывуць у Радзежы і Брэсце.
— Маем 20 унукаў і 13 праўнукаў, — працягвае гаворку Марыя Нічы­параўна.
Не магу не спытаць у гаспадыні, у чым жа сакрэт сямейнага шчасця, што трэба зрабіць, каб і праз шэсцьдзясят гадоў зберагчы свежасць пачуццяў.
— Адным словам, трэба жыць не толькі дзеля сябе, а наадварот, дзеля сваіх родных і блізкіх. Трэба навучыцца дараваць адно аднаму, радавацца кожнаму новаму дню, які падарыў вам Усявышні. А яшчэ жанчына павінна ўмець ахвяраваць сабой і сваім часам.
Сапраўды, мудрыя і ў той жа момант простыя словы, у якіх, напэўна, і занатаваны сэнс жыцця. Нават зараз, нягледзячы на даволі шаноўны ўзрост, муж з жонкай не сядзяць без справы, а трымаюць немалую гаспадарку. Сцяпан Рыгоравіч з задавальненнем даглядае каня па мянушцы Гром, які больш за дваццаць гадоў шчыра служыць сваім гаспадарам.


— Без каня ў вёсцы як без рук і ног, — кажа гаспадар.
Таму, нягледзячы на гады, развітвацца са сваім верным сябрам Сцяпан Рыгоравіч не збіраецца. Трымаюць дбайныя гаспадары на падворку птушку, гадуюць парсюкоў. Дзіўна, але ні аднаго разу Марыя Нічыпараўна не паскардзілася на тое, што ёй калі-небудзь было цяжка, не наракала на свой няпросты лёс. Хочацца схіліцца ў нізкім паклоне перад гэтымі неверагодна сціплымі і вельмі прыемнымі людзьмі, пацалаваць стомленыя, напрацаваныя рукі Марыі Нічыпараўны і пажадаць юбілярам доўгіх і шчаслівых гадоў жыцця.
Кацярына Яцушкевіч.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.