Галоўны накірунак — сямейны адпачынак

Выязная калегія абласнога ўпраўлення фізкультуры, спорту і турызму прайшла на мінулым тыдні на базе нашага раёна. Асноўнае пытанне, якое было вынесена на парадак дня, – аналіз работы аддзела фізкультуры, спорту і турызму Маларыцкага райвыканкама па развіцці масавай фізічнай культуры ў сельскіх населеных пунктах і аграгарадках раёна. Удзел у рабоце калегіі прыняў першы намеснік міністра фізічнай культуры, спорту і турызму Рыгор Касьячэнка.
Знаёмства са спартыўнай базай раёна абласная дэлегацыя, у якую ўвайшлі начальнікі аддзелаў фізкультуры, спорту і турызму вобласці, кіраўнікі фізкультурна-спартыўных клубаў, пачала з наведання базавай школы вёскі Мельнікі. На спартыўных пляцоўках школы, як пераканаліся ўдзельнікі калегіі, нават у час канікулаў шматлюдна. У самім будынку школы ўвазе гасцей былі прадстаўлены шматлікія стэнды спартыўнай тэматыкі. Не прамінулі ў школе прадэманстраваць і дасягненні як сённяшніх вучняў (у спартыўным клубе школы займаецца 14 дзяцей), так і выпускнікоў. Між  іншым, базавай школе ёсць чым ганарыцца. Менавіта тут пачыналася спартыўная біяграфія майстра спорту міжнароднага класа па цяжкай атлетыцы Ірыны Мішчук.
Затым удзельнікі калегіі пабывалі на новых спартыўных аб’ектах горада Маларыты. Далёка не ў кожным раённым цэнтры вобласці ёсць сучасныя спартыўныя комплексы. Таму спецыялістам, якія непасрэдна звязаны з фізкультурна-спартыўнай работай, было цікава наведаць басейн, вялікую спартыўную залу, тэнісныя корты, спартыўныя пляцоўкі дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы, а таксама пабываць на сучасным гарадскім стадыёне і пазнаёміцца з работай фізкультурна-спартыўнага клуба.
Апошнім экскурсійным этапам для дэлегацыі стала Лукаўская сярэдняя школа, дзе ёсць вельмі зручныя для рухомых гульняў спартыўныя пляцоўкі са штучным пакрыццём. Менавіта ў Лукаве адбылося і само пасяджэнне калегіі, якое правёў начальнік упраўлення фізкультуры, спорту і турызму Брэсцкага аблвыканкама Мікалай Хевук.
Калі ідзе размова пра фізкультурна-масавую работу ў сельскіх населеных пунктах і аграгарадках раёна, як адзначалася ў даведцы, якая была падрыхтавана па выніках праверкі работы спартыўных аб’ектаў Маларыцкага раёна, асноўны акцэнт робіцца на арганізацыю спартыўнай работы са школьнікамі. У гэтай рабоце сапраўды ёсць шмат станоўчага. У той жа час вельмі слабай застаецца фізкультурна-масавая  работа з моладдзю, працоўнымі калектывамі. Далёка не ў кожным сельгаспрадпрыемстве ёсць стаўка інструктара, які б мог арганізаваць спартыўна-аздараўленчае жыццё калектыву. Прыкладам для іншых з’яўляецца спартыўная работа прыватнага ўнітарнага прадпрыемства “Савушкіна”, дзе сам кіраўнік не пакідае без увагі пытанні ўмацавання здароўя работнікаў прадпрыемства.
Начальнік аддзела фізкультуры, спорту і турызму Генадзь Германюк спыніўся на ролі аддзела ў арганізацыі спартыўнай работы на прадпрыемствах і ў арганізацыях раёна. А  гэта і правядзенне раённых турніраў,  спартакіяд,  і супрацоўніцтва з кіраўнікамі прадпрыемстваў і арганізацый з мэтай павелічэння колькасці наведвальнікаў універ­сальнага спартыўнага комплексу.
Асобная размова на калегіі ішла пра праблемы выкарыстання магчымасцей спартыўных комплексаў. Фактычная загрузка новага спартыўнага комплексу ў Маларыце,   як агучвалася ў інфармацыі, у лютым склала 33,8%. З такой жа праблемай сутыкаюцца і іншыя раёны вобласці.
— Дзяржава стварае ўсе магчымасці для заняткаў фізкультурай і спортам. Новыя спартыўныя комплексы будуюцца не толькі ў буйных гарадах,  але і ў раённых цэнтрах. Галоўная задача цяпер,  каб гэтыя будынкі не пуставалі, выкарыстоўваліся і прыносілі карысць, – заўважыў,  выказваючы думку кіраўніцтва краіны, першы намеснік міністра фізкультуры, спорту і турызму Рыгор Касьячэнка. Як “адарваць” моладзь ад экранаў камп’ютэраў і тэлевізараў і зацікавіць воднымі відамі спорту? Як растлумачыць кожнаму, ад школьніка да пенсіянера,  што басейн і спартыўныя пляцоўкі здольны не толькі дапамагчы цікава арганізаваць свой вольны час, але і загартаваць арганізм, умацаваць здароўе? Як перамагчы агульную пасіўнасць? Трэба, адзначалася ў выступленні прад­стаўніка міністэр­ства, пастаянна аналізаваць сітуацыю, знаходзіць крэатыўныя падыходы для прапаганды фізкультуры і спорту, звярнуць асноўную ўвагу на арганізацыю сямейнага адпачынку.
У час пасяджэння калегіі было абмеркавана шмат праблемных пытанняў,  перад кіраўнікамі аддзелаў па фізкультуры, спорту і турызму, дырэктарамі спартыўных клубаў пастаўлена нямала задач,  якія павінны быць вырашаны ў бліжэйшы час.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: у час наведання абласной дэлегацыяй спартыўных аб’ектаў горада і раёна.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Добавить комментарий


посмотреть

https://karter-kiev.net

https://exstraeconom.kiev.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!