Чужых дзяцей не бывае: цудоўная сям’я Заінчкоўскіх з Гвозніцы

      Цяпер на Маларытчыне 9 прыёмных сямей, дзе налічваецца 15 дзяцей, і 2 дамы сямейнага тыпу (тут працуе 2 сямейныя пары), у якіх выхоўваецца 9 дзяцей. У ліку тых, хто даўно ў гэтай прафесіі – Ірына Заінчкоўская з в.Гвозніца. Прыёмнай мамай жанчына ўжо шчыруе амаль 11 гадоў. Разам з мужам Мікалаем Мікалаевічам яны  выхоўваюць двух юнакоў. – Ніколькі не шкадую, што стала прыёмнаю мамаю  і па-свойму ад гэтага шчаслівая, – гаворыць Ірына Рыгораўна. – Не ведаю нават, ці змагла б сябе цалкам рэалізаваць у іншай прафесіі. Напачатку, зразумела, было цяжкавата, узнікала шмат пытанняў, адказы на якія шукалі разам з мужам.

Людзі па-рознаму прыходзяць у прафесію прыёмных бацькоў. Свой шлях і ў Заінчкоўскіх. Вёска ёсць вёска. Тут усё  навідавоку, нічога не схаваеш, не ўтоіш. Напачатку некаторыя жыхары Гвозніцы неяк неадабральна ставіліся да таго, што ў сям’і  Мікалая Мікалаевіча і Ірыны Рыгораўны з’явіўся хлопчык Валянцін.

– Якія ж  заробкі на вёсцы, –  казалі яны. – Двое сваіх дзяцей, а тут яшчэ чужога   ўзялі на выхаванне. Для чаго?

Аднак Заінчкоўскія  на гэтым менш за ўсё засяроджвалі ўвагу. Яны былі перакананы, што ўсе дзеці маюць права на ласку, спагаду, добрае слова, цёплы дамашні ачаг, шчаслівае дзяцінства. Але здараецца, што дзеці могуць быць усяго гэтага пазбаўлены па розных прычынах. І тут ім, абдзеленым лёсам, на дапамогу прыходзяць прыёмныя бацькі.

–Да людской пагалоскі мы з мужам не вельмі прыслухоўваліся, – гаворыць Ірына Рыгораўна. – Узяць на выхаванне дзіця было нейкай унутранай патрэбай. Я пагаджаюся  са словамі аднаго вучонага, які некалі сказаў, што выгадаваць і выхаваць сваіх дзяцей сапраўднымі людзьмі – святы абавязак бацькоў, падрыхтаваць жа да самастойнага жыцця чужых – сапраўдны подзвіг.  Між іншым, першай пра прыёмнае дзіця загаварыла менавіта я. З такой думкай жыла, здаецца, некалькі месяцаў, а пасля асмелілася пра гэта сказаць мужу. Ён пярэчыць не стаў.

–Валік у нашай сям’і з’явіўся тады, калі яму споўнілася 5 з паловаю гадоў, – расказвае Мікалай Мікалаевіч. – Нашай дачушцы Ганне было ўжо 6 гадоў, а Алёне – 10 з паловай. Можа, гэта і стала адным з галоўных аргументаў на карысць таго, каб узяць на выхаванне хлопчыка. Таму, дэталёва і грунтоўна ўзважыўшы ўсе “за” і “супраць”,  на невялікім сямейным савеце прынялі аднагалоснае рашэнне.

Валік надзвычай лёгка “ўвайшоў” у сям’ю Заінчкоўскіх. Ён хутка знайшоў агульную мову з Ганнай і Алёнай. Дзеці разам гулялі, вучылі ўрокі, дапамагалі па гаспадарцы. Неўзабаве хлопчык прыёмных бацькоў стаў называць мамай і татам.

Праз некалькі гадоў сям’я Заінчкоўскіх рызыкнула “прысямеіць” яшчэ аднаго хлопчыка – трынаццацігадовага Вадзіма. Ужо ж быў набыты пэўны вопыт. Цяпер юнакі вучацца ў адным класе. Яны прымаюць актыўны ўдзел у жыцці класа і Гвозніцкага д/с-СШ, абараняюць гонар установы адукацыі на розных спаборніцтвах і прадметных алімпіядах.

– Мы ўжо некалькі гадоў заўсёды і ўсюды разам, – гаворыць Вадзім. — Я ўдзячны лёсу, што трапіў у сям’ю Заінчкоўскіх…А Валянцін для мяне стаў не толькі самым лепшым сябрам. Я яго лічу родным братам.

Між іншым, у Вадзіма і Валянціна ёсць свае родныя браты і сёстры. Юнакі, па магчымасці, імкнуцца  падтрымліваць з імі стасункі. У гэтым пытанні для іх з боку прыёмных бацькоў няма ніякіх таямніц, сакрэтаў ці забарон.

– А што, на ваш погляд, з’яўляецца самым складаным у працы прыёмных бацькоў: перыяд адаптацыі, прыцірка характараў ці нешта іншае?

– Быць прыёмнымі  бацькамі – справа не з лёгкіх, – гаворыць Ірына Рыгораўна. – Сваіх дзяцей выхоўваць намнога лягчэй і прасцей, бо ведаеш дакладна ўсё, што з імі звязана, можна прадказаць, як яны будуць сябе паводзіць, што гаварыць у той ці іншай сітуацыі. Да “чужога” дзіцяці трэба дакапацца, неабходна знайсці ключык даверу, пры дапамозе якога лёгка будзе адчыняцца яго душа і сэрца. Вадзім і Валянцін цяпер – нашы дзеці, і мы з мужам за гэта нясем адказнасць.

Чалавеку ў любым узросце патрэбна падтрымка, ласкавае і шчырае слова, асабліва – прыёмным дзецям. Неабходна памятаць, што самым галоўным ва ўзаемаадносінах з’яўляецца ўсё ж такі любоў да тых, хто знаходзіцца побач. Без любові не можа быць выхавання. Мікалай Мікалаевіч і Ірына Рыгораўна імкнуцца даць прыёмным дзецям дастаткова ўвагі, спрабуюць запаліць у іх сэрцах сапраўдны агеньчык цеплыні і спагады, ласкі і пяшчоты, далучаюць да працы, дапамагаюць стаць на самастойную сцежку жыцця.

Заінчкоўскія лічаць, што жаданне ўзяць у сваю сям’ю на выхаванне чужое дзіця павінна быць абдуманым і абгрунтаваным крокам. Прыёмныя бацькі, як з пластыліну, павінны вылепіць чалавека прыгожага ўнутрана і знешне. Складаная гэта справа.

– Па шчырасці, мне падабаецца быць мамаю, – расказвае Ірына Заінчкоўская. – Падабаецца жыць штодзённымі клопатамі: гатаваць, прыбіраць, адпраўляць юнакоў у школу, сустракаць іх з вучобы, разам перажываць над няўдачамі і радавацца поспехам…

– Я не ўяўляю цяпер сваё жыццё без гэтых двух цудоўных хлопцаў, – гаворыць Мікалай Мікалаевіч. – Без іх наш дом сапраўды быў бы няўтульным і пустым, бо мы з жонкаю цяпер засталіся б адны. Родныя дзеці выраслі і пакінулі бацькоўскае гняздо. Меншая дачка, Ганна, цяпер набывае вышэйшую адукацыю ў Мінску, у старэйшай, Алёны, – свая сям’я ў Маларыце.

– Калі мае хлопцы летам адпачываюць у лагеры і некалькі дзён іх не бачу, – кажа Ірына Рыгораўна, – то сумую, а сэрца сціскаецца ў камяк, і думкі пра іх не выходзяць з галавы. Хочацца хутчэй убачыць Вадзіма і Валянціна, пачуць іх галасы. Я ганаруся сваімі хлопцамі, бо ведаю, што яны стануць сапраўднымі  людзьмі. Між іншым, Вадзім марыць стаць археолагам, а Валянцін плануе сваё жыццё звязаць з лясной гаспадаркай.

– Трохі больш чым праз год вашы юнакі закончаць школу, пайдуць далей вучыцца. Застанецеся зноў удваіх сумаваць?

– Не, – у адзін голас адказалі Заінчкоўскія. – Будзем браць на выхаванне аднаго ці дваіх дзяцей. Не адмовімся і ад траіх. Хочацца, каб шчаслівы дзіцячы смех і надалей не пакідаў наш дом.

Вадзім і Валянцін адчуваюць любоў, ласку, пяшчоту, увагу, клопат пра сябе. Яны – шчаслівыя. Шчасце ім падарылі Ірына Рыгораўна і Мікалай Мікалаевіч Заінчкоўскія.

Мікалай НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


заказ води борисполь

https://ailavita.com.ua

kover-samolet.com.ua/kovrolin/detskii-kovrolin/