Трезвый разум или дар предвидения? Экстрасенсы отдыхают….

Нягледзячы на тое, што наша цывілізацыя дасягнула небывалага навукова-тэхнічнага прагрэсу, чалавек усё яшчэ знаходзіцца пад уплывам розных забабонаў. Вызваліцца ад іх даволі складана. Усе гэтыя прымхі дасталіся нам ад прадзедаў, з сівой мінуўшчыны.

Часта свае жыццёвыя праблемы і няўдачы мы звязваем з цёмнымі сіламі і не жадаем крытычна паглядзець на сябе. Ускласці віну на кагосьці ці на нешта заўсёды прасцей.

Іду на рынак, а перад мною яшчэ чалавек пяць. Раптам людзі кінуліся на другі бок вуліцы. Глянуў, а наперадзе, пасярэдзіне тратуара, сядзіць чорны кот. Я таксама за народам, параўняўся з жанчынай і пытаюся:

 – Вы чорнага ката спало­халіся? 

 – Не, гэта на ўсякі выпадак, – усміхнулася кабета. Жанчына падстрахавалася, каб на душы спакайней было. Усякае можа здарыцца.

У мяне на дачы пяць катоў. Усе чорныя  і не мае. Прыкарміў бяздомную кошку, а праз пару месяцаў яна і прывяла кацянят. Яшчэ за Гарбачовым купіў на вёсцы хату, прывёў яе да ладу і не думаў, што з’явяцца чорныя каты і будуць перабягаць людзям вуліцу. Дачнікі і тутэйшы народ ідуць да цягніка ці вяртаюцца з горада – і ўсё міма маёй хаты. А  які гэта нармальны чалавек будзе карміць столькі не сваіх катоў,  ды яшчэ чорных!

Але чорныя каты – гэта толькі прэлюдыя да размовы.

Добра вядома, што суседзяў не выбіраюць. З правага боку жыў Сцяпан Кубелька ( і далей прозвішчы зменены) з жонкай Соняй, а з левага –  маладзейшыя на гадоў пятнаццаць Юзік і Марыя Дуднікі.  Прыехалі з Міншчыны. Яны мелі сем’і, але разышліся,  з’ехалі са сваёй вёскі і пажаніліся. Толькі ў вёсцы дзівіліся:  і чаго гэта мужык на траіх дзяцей пайшоў? Але нічога, Дуднікі на першым часе жылі даволі мірна між сабой і з намі. А  нас даймалі  куры суседзяў ды Соня,   суседка  справа. Свае соткі мы агарадзілі сеткай, але для курэй гэта не перашкода. Грады накрывалі галлём, курэй перакідвалі назад суседзям і хацелася, каб было ціха. Хоць іншым разам жонка, убачыўшы, што нарабілі тыя куры на агародзе, не магла ўстрымацца: “Перабіць іх, як другія робяць!”

Знаёмыя менавіта гэтак зрабіць і раілі: “Калі павесіце пару курыц на плоце, то астатнім крылы падрэжуць”.  Але тут не куры вінаваты. Ды з часам расліны падраслі, і ад курыных налётаў асабліва вялікай шкоды ўжо не было. Праблема ўзнікла больш складаная.

Сцяпан Кубелька пяць гадоў адсядзеў у турме за тое, што пырнуў нажом жонку. Жанчына была “адвязанай”,  любіла гарэлку і часта “гаспадарыла” на нашых градах.  Мы працавалі і на дачы бывалі не кожны дзень. І выбраць нашы агуркі, сабраць памідоры ці слівы можна было спакойна. Што гаспадарыць у нас Соня, сумнення не было. Зямлю я рыхліў, а паколькі сцежкі на агародзе пасыпаў некалькі разоў попелам, то сляды ўсё і паведалі. А калі ўлічыць, што набегі рабіліся ў прыцемках, то і асцярагацца не было чаго. Я суседцы аднойчы сказаў, што пра яе думаю, а ў адказ пачуў: “А ты дакажы! Што злавіў мяне за руку?!”

Пасля гэтага ўжо прыязных адносін не магло быць, і здавалася, што цягнуцца гэта будзе да “другога патопу”. А ўсё закончылася нечакана зімой. У вёсцы памёр стары, які жыў праз дзве хаты ад Кубеляк. Соня на памінках моцна выпіла, выйшла на вуліцу, зайшла на двор пустуючай хаты, прысела на ганак і заснула. Знайшлі закачанелую толькі раніцай, а мы пра гэта даведаліся пазней,  бліжэй да вясны, калі заглянулі на дачу.

Вось такой была развязка з суседкай Соняй. А з Дуднікамі, як ужо гаварылася, адносіны склаліся даволі роўныя, хоць непаразуменні ўзнікалі.

— Вы ў градавую сераду рабілі – вось у нас нічога не ўрадзіла, – папракнуў аднойчы нас Юзік. Жонка не ўстрымалася: “А чаму ў нас, грэшнікаў, ураджай?! Грэх не рабіць і піць!”

Жонка трапіла ў самае балючае месца. Сусед  “квасіць” мог некалькі дзён запар,  пакуль Марыя была ў камандзіроўцы. Працавала яна на чыгунцы і, бывала,   знаходзілася ў раз’ездах па тыдні, і кожнае вяртанне пачыналася з лаянкі. Юзік мог усе яйкі на гарэлку памяняць, а то не папырскае бульбу, і тады жукі толькі ражны ад бацвіння пакідалі. Наганяй,  можна сказаць,  быў заслужаны,  але ва ўсім павінна быць мера. Склалася ўражанне, што суседка дала волю языку пасля таго, як дзеці на “ногі сталі”: сыны пажаніліся, а дачка выйшла замуж. Пакуль дзеці падрасталі,  то Марыя мужа асабліва не “дзяўбла”. Так бывае часта: жанчына прытуліць мужыка, і як толькі прымак падыме яе дзяцей, паказвае яму на дзверы.

Мы не звярталі ўвагі на су­седскія перэпетыі і стараліся жыць паралельным курсам, бо перасячэнне шляхоў нясе ў сабе пагрозу канфлікту. Толькі калі хаты стаяць на адлегласці “выцягнутай рукі”, то не будзеш хадзіць з заткнутымі вушамі.

Неяк летам сусед нешта там не зрабіў па гаспадарцы, і яму разгон устроіла дачка, затым на Юзіка “наехала” швагерка, якая прыгразіла: “Вось вернецца Марыя, то яна табе пакажа!”

Раніцай суседка прыйшла дамоў, а Юзіка ў хаце няма. Заглянула ў хлеў, а мужчына вісіць на бэльцы. На вёсцы  ўсе вінавацілі Марыю. Бывала,  ідзем ад цягніка, а гамонка толькі пра гэтую трагедыю. Маўляў, Юзік сам казаў, што яго ў хаце за чалавека не лічаць. А я адзіны, хто за Марыю заступіўся: “Там гаспадарка на жонцы трымалася, а ён піў. А тое, што яму ад Марыі даставалася, то гэта праўда”.

Сказаў,  як усё на самай справе было. Толькі гэта  быў адзін бок медаля. Усё астатняе, набалелае, забраў Юзік з сабой ў магілу.

Магчыма, мінуў год ці каля гэтага,  як на двары суседкі з’явіўся мужчына з кабылаю і козамі. Марыя проста на вачах расцвіла. “Цяпер я буду казінае малако піць і агарод канём араць”, — пахвалілася жанчына. І зноў на вёсцы Марыя была на слыху. Вось жа знайшла баба мужыка! І я ўставіў свае “пяць капеек”.  “Кабылу прададуць, коз з’ядуць, а Вася ўцячэ”, — пажартаваў я, і мае словы, відаць, перадалі суседцы.

У маім жарце была праўда, бо другога варыянту не існавала. Каб мужчына думаў галавой, то нагі яго не было б ў хаце, куды на выхадныя дзеці з сем’ямі з’язджаюцца. Пры такім раскла­дзе месца там яму няма. Хто ён там? Прымак, сужыцель? Усё так і атрымалася. Першай збылі кабылу,  затым – коз,  а за імі пайшоў з хаты  і Вася: сваю купіў.

І тут суседка знайшла віна­ватага ва ўсіх яе бедах. Усе, што накапілася за 25 гадоў нашага суседства, выплюхнула на мяне.

«Ты вядзьмар! Соню са свету звёў, а цяпер ўзяўся за мяне! Ты падсілкоўваешся крывёю. Напіўся крыві Кубелькаў, то аказалася мала»… — крычала суседка. Гэта кароткі пераказ.

З першым мужам яна не ўжылася, другі выбраў пятлю, і трэці – сужыцель – не затрымаўся. Каго ў такім разе вінаваціць?!

Ужо даўно займаю цвёрдую пазіцыю. Ніколі не ўцягваюся ў розныя высвятленні адносін, не кажучы ўжо пра лаянку. Нехта абразіў – сказаў крыўднае слова і што?  Апускацца да яго ўзроўню,  хапаць за грудкі? Многа гонару!  За ўсе гады суседзяў не абразіў ніводным непрыстойным словам і часам думаю,  як мне гэта ўдалося.

Адносна таго, што нехта там мяне лічыць вядзьмаром, то мне нават цікава. Як вырас мой статус!  Я не супраць быць чараўніком, толькі  добра было б, каб мяне яшчэ навучылі чараваць.

Уладзіслаў Снітка

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.