Кожны дзень — па максімуму

Каб актыўнымі тэмпамі весці яравую сяўбу, у СВК “Ланская” ёсць усе ўмовы. З тутэйшых зямель пайшла лішняя вільгаць, надвор’е спрыяе, усё прадумана ў арганізацыйным плане, таму хлебаробы аднымі з першых і пачалі сеяць. І з пачатку пасяўной кампаніі ўтрымліваюць перадавыя пазіцыі ў раёне.
Праўда, іншы раз падводзіць тэхніка, якая ламаецца, але нягле­дзячы на гэта ў Ланской выкарыстоўваюць кожны дзень па максімуму, бо добра ведаюць, што прамарудзіш дзень – прайграеш паўураджаю: зямля тут і сапраўды ўжо на дзіва сухая, хаця ў некаторых гаспадарках на асобных участках не можа працаваць тэхніка з-за пераўвільгатнення глебы, як, да прыкладу, у Макранах ці Дарапеевічах.
Структуру пасяў­ных у Ланской сёлета не мянялі. Тут на 270 гектарах будуць вырошчваць раннія зерневыя, на 450 га – кукурузу (у тым ліку на 100 га — на зерне), на 50 га – моркву, хаця летась пад гэтую культуру было адведзена ўсяго толькі 10 га. Але морква ўрадзіла, яе своечасова ўбралі і прадалі, выручыўшы ў казну кааператыва немалую суму. Таму і расшырылі плошчы пад гэтую рэнтабельную культуру. 10 гектараў у Ланской заса­дзяць кабачкамі,  якія згодна з дагаворам паставяць для патрэб кансервавагародніна­сушыльнага камбіната.
Галоўны аграном гаспадаркі Аляксей Лонеў з задавальненнем адзначаў, што сёлета ў севаабарот дадаткова ўведзена 160 гектараў земляў, на якіх праведзена перазалужэнне. На ўсіх 160 гектарах пасеяны шматкампанентныя сумесі, што будзе вялікай падмогай жывёлагадоўлі.
Па дарозе ў Ланскую старшыня Олтушскага сельвыканкама Адам Бідзюра зазначыў, што ўсім механізатарам, якія сёння працуюць у гаспадарках, трэба пры жыцці помнікі ставіць. І сапраўды, сельгаскааператывы нашы цяпер трымаюцца на плаву дзякуючы такім адданым вёсцы, зямлі, сваёй справе спецыялістам, як Аляксей Лонеў ці як механізатары Пётр Наўрось, Аляксандр Шышко, Сяргей Наўрось, Сяргей Сымонік.
Вясковы юнак, Аляксей Лонеў, які вырас у в. Нікольская ў працавітай простай сям’і, добра ведае цану кавалка хлеба, ён з маленства перакананы, што зямля накорміць цябе толькі тады, калі ты даглядаеш яе  з любоўю, не шкадуеш для яе сваёй ласкі, цяпла. Усе 28 гадоў, што Аляксей Анатольевіч працуе ў гаспадарцы, ён сваёй справай даказвае, што не толькі любіць родную зямлю, але і адданы ёй.
36 гадоў адпрацаваў механізатарам Пётр Міхайлавіч Наўрось. І хаця сёлета пайшоў на пенсію, не адмовіўся, калі кіраўнік гаспадаркі Аляксандр Іванавіч Бойка папрасіў дапамагчы СВК у час пасяўной.
А Сяргей Сымонік, ажаніўшыся і пераехаўшы з сям’ёю жыць у горад, на работу штодзённа прыязджае ў Ланскую. Хаця, безумоўна, пры жаданні мог бы знайсці сабе работу і ў Маларыце. Толькі добрыя словы можна сказаць і пра такіх механізатараў, як Аляксандр Шышко, Сяргей Наўрось. Яны ніколі не лічацца з асабістым часам,  і,  калі трэба,  могуць працаваць ад цямна да цямна.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
НА ЗДЫМКАХ:  механізатар Пётр НАЎРОСЬ; галоўны аграном СВК “Ланская” Аляксей ЛОНЕЎ.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий