Кніга едзе да чытача

 

У студзені раённая бібліятэка, як паведамляла ўжо на сваіх старонках раённая газета “”, набыла бібліобус – спецыяльны аўтамабіль для абслугоўвання жыхароў тых населеных пунктаў,  дзе няма бібліятэк. Цяпер ужо можна расказаць пра першыя крокі дзейнасці бібліятэкі на колах. Бібліобус адзін раз у месяц выязджае па  кожнаму з пяці маршрутаў. Першы маршрут – гэта вёскі Антанова і Печкі, другі – Перавое, Добрае, Нікольская, трэці – Багуслаўка,  Хмялёўка,  Пяртышча,  Ацяты, Галёўка, чацвёрты – Новыя і Старыя Боркі, Полікі, Асавая, Мыслячы, пяты – Горы, Малінаўка, Стары і Новы Двор. 2 разы ў месяц бібліобус выязджае ў вёску Сушытніца,  дзе зараз налічваецца 49 чытачоў.
Як і ў кожнай новай справе, спачатку ў рабоце бібліобуса было нямала цяжкасцей: жыхары вёсак ўспрымалі бібліятэку на колах, як нейкі цуд, трэба было зацікавіць чытачоў, заваяваць іх давер.
Зараз у бібліобусе сфарміраваны спецыяльны кніжны фонд,  які складае больш за 1000 экзэмпляраў, ёсць перыядычныя выданні, але, на жаль, за папярэднія гады. З красавіка на бібліобус аформлена падпіска на 12 перыядычных выданняў, а значыць, у вяскоўцаў з’явіцца магчымасць знаёміцца з навінкамі перыёдыкі.
За 2 месяцы работы паслугамі бібліобуса ў 19  населеных пунктах раёна скарысталася 225 чалавек, з іх 33 – школьнікі. Выдадзена больш за 1100 кніг і экзэмпляраў перыёдыкі. У асноўным вяскоўцы аддаюць перавагу жаночым раманам, перыядычным выданням і, безумоўна, праваслаўнай літаратуры. Попытам карыстаюцца кнігі пра паляванне, рыбалку, сельскагаспадарчую тэхніку, хатнія кветкі. Калі пажаданых кніг няма ў фондзе бібліятэкі на колах, да наступнага прыезду адшукваем іх, выконваючы заяўкі, у фондзе раённай бібліятэкі і кнігасховішчы.
Шчыра прызнацца, мне як бібліятэкару вельмі падабаюцца паездкі ў вёскі Добрае, Хмялёўка, Нікольская і Сушытніца. Тут заўжды чакаюць самыя актыўныя чытачы. Прыемна, што вяскоўцы прыходзяць сем’ямі, маладыя мамы з дзеткамі. Святлана Дударчук з в. Нікольская, Ганна Пішчык з в. Сушытніца сваім прыкладам вучаць дзяцей любіць кнігу, а Ніна Іванаўна Цвор з в. Добрае выбірае кнігі сабе і сваім унукам. Заўжды ахвотна чытаюць кнігі сястрычкі Людміла і Наталля Нушчык з Хмялёўкі.
У кожнай з вёсак, у якія мы наведваемся, жывуць добрыя, чулыя людзі, якія лічаць нашу работу патрэбнай і заўжды гавораць: “Як добра, што ў нас з’явілася магчымасць чытаць любімыя кнігі”.
У вёсках Антанова, Новыя Боркі, Старыя Боркі бібліобус пад’язджае амаль да кожнай хаты, бо там жывуць састарэлыя людзі, якіх трэба выслухаць, падтрымаць, даць параду, таму і затрымліваецца ў гэтых вёсках бібліобус дапазна.
Хацелася б сказаць шчырыя словы падзякі Уладзіміру Сцяпанавічу Алесіку і Аляксею Іванавічу Дземедзюку з Маларыты, Святлане Сямёнаўне Макарук з вёскі Нікольская, якія падарылі ў фонд нашай бібліятэкі свае ўласныя кнігі.
Бібліобус працуе па ініцыятыве кіраўніка дзяржавы ў рамках праграмы адраджэння і развіцця вёскі. Людзі падтрымліваюць гэтую ініцыятыву, і я ўпэўнена, што з кожным годам прыхільнікаў у кнігі будзе ўсё больш.
Алена ШЧАРБУК, бібліятэкар бібліобуса.

Добавить комментарий


profvest.com

заказать воду киев

читайте здесь
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!