Мария Астапович — она одна такая на весь Малоритский район!

        Марыя Астаповіч – адзіная жанчына-ляснічы ў Маларыцкім раёне. На працягу 35 гадоў гэтая абаяльная і дасціпная жанчына сочыць за парадкам у Олтушскім лясніцтве, плошча якога складае восем з паловай тысяч гектараў. Здаецца, што пра лес Марыя Іванаўна ведае ўсё і гадзінамі з захапленнем можа расказваць пра сваю працу, якую, дарэчы, яна не лічыць выключна мужчынскай. Пад яе кіраўніцтвам зладжана і дружна шчыруюць 12 чалавек, большая частка з якіх мужчыны.


        — З жанчын, акрамя мяне, у лясніцтве працуюць яшчэ бухгалтар і прыбіральшчыца, — усміхаючыся, расказвае Марыя Астаповіч. – Калектыў мужчынскі – гэта 6 леснікоў, два майстра, тры вальшчыка, 2 лесаруба, трактарыст і вадзіцель, а таксама, як гаворыцца, мая правая рука і дарадца – памочнік ляснічага.
        Нягледзячы на тое, што кіраваць такім калектывам няпроста, патрэбна мець не толькі каласальныя веды па лясной гаспадарцы, але і жалезны валявы характар, Марыя Іванаўна на іншым месцы сябе нават і не ўяўляе. Яна хоць і строгі, але справядлівы кіраўнік. Мне яшчэ падалося, што ў душы яна рамантык, улюблёная ў сваю працу і лес, якія знітаваліся з яе жыццём, сталі лёсам.
        Лес яна палюбіла змалку. Марыя вырасла ў адной з найпрыгажэйшых вёсак Лельчыцкага раёна, што на Гомельшчыне. Побач з яе роднай вёскай узвышалася дубрава, дзе дзяўчынка Марыя любіла бавіць вольны час. Ёй падабаліся велічныя дрэвы, што ўзносілі свае кроны амаль да саміх нябёсаў. Яна дакраналася далонямі да шэрахаватых камлёў дрэў і нібыта наталялася гаючай энергетыкай лесу. Яшчэ нашы продкі лічылі, што асіна даспадобы людзям з баязлівым характарам, няўпэўненым у сабе. Бяроза ва ўсе часы атаясамліваецца з прыгажосцю і сарамлівасцю, а сасна прываблівае да сябе няўрымслівых і лёгкіх на пад’ём рамантыкаў. Марыі Іванаўне падабаецца дуб. Чаму менавіта дуб, здагадацца не складана, дастаткова толькі пазнаёміцца бліжэй з Марыяй Іванаўнай і яе захапленнямі, даведацца пра яе мары і спадзяванні. Дуб – сімвал магутнасці, велічы і даўгалецця.
          Марыя Астаповіч ніколі ў сваім жыцці не шукала лёгкіх шляхоў. У дзяцінстве яна марыла, што, калі закончыць школу, вывучыцца на афтальмолага або настаўніка. Хаця лес у любы час года цягнуў яе да сябе як магнітам. Ёй падабалася шатровая зацень магутных дубраў, маўклівая задуменнасць бярозавага гаю, усыпаных роснай восеньскай раніцай абабкамі,баравікамі ды маслякамі. Бацькі асабліва не здзівіліся, калі, атрымаўшы атэстат, Марыя паступіла ў Вялікалуцкі лясны тэхнікум, пасля паспяховага заканчэння якога вырашыла працягваць вучобу ў Мінскім тэхналагічным інстытуце па спецыяльнасці “Лясная гаспадарка”.              Сваю працоўную дзейнасць малады спецыяліст пачынала памочнікам ляснічага ў Олтушскім лясніцтве, калі прыехала на Маларытчыну па размеркаванню. У 1991 годзе Марыя Іванаўна ўзначаліла лясніцтва. Тады працаваць было намнога складаней, чым цяпер. Ляснічы, як сёння, помніць пажары, з якімі прыходзілася змагацца. Гэта цяпер на пажарнай вышцы ўсталявана відэаназіранне, а тады яна па некалькі разоў на дзень хуценька ўзбіралася па лесвіцы на вежу, каб з вышыні агледзець наваколле і, калі не давядзі Бог, пажар, аператыўна ліквідаваць узгаранне.
        — Магу зрабіць выснову, што за гэты час карэнным чынам змянілася стаўленне да лесу ў лепшы бок, — працягвае размову ляснічы. – Хаця і ў наш час здараюцца пажары ў лесе з-за таго, што нехта кінуў акурак або не патушыў за сабой вогнішча. Вясна, лета і восень для нас сапраўды “гарачы” час.
          Для Марыі Іванаўны лес – гэта не проста частка прыроды, а жывы і вельмі складаны механізм, дзе кожнае дрэўца ці кусцік цесна ўзаемазвязаны паміж сабой. Сапраўды, выпадковых людзей, спажыўцоў лес не любіць. Трэба не толькі навучыцца браць ад прыроды, але і спакваля аддаваць ёй свае сілы, любоў і пяшчоту. Тады надыдзе пачуццё гармоніі, узаемаразумення чалавека і прыроды. Баліць сэрца за лес у Марыі Іванаўны, перажывае яна, што ў апошні час вялікую шкоду дрэвам нясе караед, які, на жаль, не абмінуў і Олтушскае лясніцтва.
          — Такога нашэсця жукоў-караедаў я не прыгадаю, — кажа Марыя Астаповіч. – Прыкладна, каля 10 гектараў лесу ў нас пашкоджана гэтым насякомым. Змагаемся са шкоднікам. Праводзім санітарныя высечкі – самы эфектыўны спосаб па недапушчэнні распаўсюджвання жукоў-караедаў.
            Хоць і лічыцца, што ляснічы – гэта больш мужчынская прафесія, але Марыя Іванаўна цалкам абвяргае такое меркаванне. Наадварот, нават калегі-мужчыны часам звяртаюцца да Марыі Астаповіч за парадай або дапамогай. У ляснічага працоўны дзень ненарміраваны. Ён можа пачацца з узыходам сонца і закончыцца, калі на зямлю апускаецца ноч. У лясной гаспадарцы, зрэшты, як і ў другой іншай, ва ўсім павінен быць строгі кантроль. Нездарма лічыцца, што ляснічы – гэта не толькі кіраўнік, а яшчэ і механік, і прараб, і будаўнік. Работы ў лесе шмат у любы час года – гэта нарыхтоўка і вывазка драўніны, санітарныя і абнаўленчыя высечкі, добраўпарадкаванне і пасадка новага лесу і шмат іншага. Летась у Олтушскім лясніцтве на 15 гектарах быў закладзены малады лес, сёлета плануецца высадзіць лясныя культуры на 10 гектарах.
Кацярына Яцушкевіч.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий