НАДЗЕЯ, ВЕРА І КАХАННЕ

З імі ідуць па жыцці Эдуард і Настасся Лаўрэнюкі
 Чатыры гады было Эдуарду, калі з ім здарылася бяда. Цяжкая траўма на некалькі гадоў прыкавала хлопчыка да ложка. На поўнае выздараўленне пазваночніка пасля чатырох пераломаў яго ніхто і не разлічваў, радасцю было нават тое, што ён падняўся з ложка. Першыя школьныя гады настаўнікі прыходзілі да Эдзіка дамоў, а потым ён сам пачаў наведваць школу. Вучыўся хлопчык нядрэнна, асабліва цікавіўся гісторыяй. Збіраўся нават пайсці ў ліцэйскі клас, але не атрымалася. А таму пасля заканчэння базавай школы ў Мельніках паехаў вучыцца ў Хаціслаўскую сярэднюю школу. Планаваў паступіць ва ўніверсітэт, набыць спецыяльнасць псіхолага, толькі і гэтая мара не здзейснілася. Але дома сядзець, хоць на руках у Эдуарда быў дакумент аб інваліднасці І групы, хлопец не збіраўся. Таму вельмі ўзрадаваўся, калі яму  прапанавалі працаваць сакратаром у школе.
У Эдуарда, якога прырода надзяліла добразычлівым і вясёлым характарам, заўжды было шмат сяброў. Яны не пакідалі юнака ў адзіноце, ды і сам ён стараўся больш рухацца, не адмаўляўся ад паездак і падарожжаў. Аднойчы сябар прапанаваў Эдуарду з’ездзіць у вёску Ляхаўцы, да яго сяброўкі. Хоць з-за нядаўняга пералому нага ў Эдуарда была ў гіпсе, ён не адмовіўся. Хто мог тады ведаць, што гэтая паездка зменіць усё ў жыцці юнака, што гэта будзе самы вялікі падарунак лёсу, бо сустрэне ён Яе, сваю Настассю.
Успамінаючы пра сваю першую сустрэчу, і Эдуард, і Настасся не прыпісвалі ёй асаблівай рамантычнасці. Пазнаёміліся, доўга размаўлялі, жартавалі, смяяліся. Было весела і прыемна. У душы засталася цеплыня. Толькі вярнуўшыся дамоў, Эдуард зразумеў: ён закахаўся з першага позірку. Ускалыхнулася і душа юнай Настассі. Праўда, пачуўшы ў тэлефоннай трубцы голас Эдуарда, які ўжо на другі дзень тлумачыў дзяўчыне, што пакахаў яе, не паверыла, адказала, што такога быць не можа. Але малады чалавек і не збіраўся адступаць. Ды і Настасся вельмі хутка зразумела, што закахалася. Было гэта ў сакавіку 2010 года. Мінулагодняя вясна ўвогуле для дзяўчыны была асаблівай – наперадзе яе чакаў выпускны баль. У чэрвені яна здала экзамены, тэсты. У жніўні даведалася, што стала студэнткай Брэсцкага педуніверсітэта, а ў верасні Эдуард і Настасся згулялі вяселле. Так з’явілася новая сям’я Лаўрэнюкоў.
— Вядома, не ўсе адразу адобрылі мой выбар,  пераконвалі адумацца, — расказвала Настасся. – Але я не слухала, бо ведала: усё будзе добра. І зараз веру ў лепшае, бо самае галоўнае, каб у сям’і былі паразуменне і каханне.
— Для мяне Насця – гэта ўсё, — працягваў размову Эдуард. – Яна – сэнс жыцця. Я вельмі ўдзячны лёсу…
У лютым у сям’і Лаўрэнюкоў нарадзіўся сынок  Максімка. Гэта быў яшчэ адзін падарунак лёсу: Насці — за рашучасць, душэўную дабрыню, веру і цярплівасць, Эдуарду – за ўсе пакуты, за шчырасць, мужнасць і каханне. Пакуль маладая сям’я гасцюе то ў маці Насці, якая жыве ў Ляхаўцах, то ў бацькоў Эдуарда ў Мельніках. Балазе, Эдуарду дапамаглі бацькі купіць машыну з ручным кіраваннем, дабірацца з вёскі ў вёску цяпер нескладана. Спадзяюцца Настасся і Эдуард, што ў іх хутка будзе свая кватэра, маладую сям’ю паставілі на чаргу на сацыяльнае жыллё.
Безумоўна, і Настасся, і Эдуард разумеюць, што наперадзе яшчэ шмат цяжкасцей і праблем. Маладой маці праз год трэба будзе вярнуцца на вучобу, каб атрымаць прафесію. Эдуард таксама, як толькі сын крыху падрасце, плануе вучыцца. Але самае галоўнае, што яны вераць у свае сілы і сілу кахання, якое дапаможа пераадолець усе перашкоды.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: Эдуард і Настасся Лаўрэнюкі з маленькім Максімкам.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Добавить комментарий


квартирный переезд

www.sledoc.com.ua

avtomaticheskij-poliv.com.ua/oborudovanie-dlya-avtomaticheskogo-poliva.html
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!