ЧЫСТЫ КРАСАВІК

у Олтушскім сельсавеце
У старшыні Олтушскага сельвыканкама Адама Бідзюры ў гэтыя дні спраў безліч – тэрыторыя сельсавета, самага вялікага ў раёне (15 вёсак), павінна быць добраўпарадкавана і ачышчана ад смецця, што засталося пасля зімы. У кабінеце яго цяпер не застаць – ён то ў Хмелішчы, то ў Заазёрнай, то ў Нікольскай, сустракаецца з жыхарамі, праводзіць сходы і г.д.
Яшчэ да пачатку ме­сяч­ніка па добраўпа­рад­каванні было праведзена пасяджэнне сельвыканкама, на якое запрасілі кіраўнікоў прадпрыемстваў,  стараст, дэпутатаў, загадчыкаў магазінаў, культустаноў, свяшчэннікаў, каб абгаварыць план дзеянняў. Распрацавалі мерапрыемствы, зацвердзілі іх рашэннем выканкама. Але ж папера, як гаворыцца, вытрымае ўсё. Галоўнае, каб усё намечанае не засталося толькі на ёй.
Больш за ўсё пытанняў было і ёсць цяпер па навядзенню парадку на могілках у в. Олтуш. Мала таго, што там шмат старых аварыйных дрэў,  дык  яшчэ і тэрыторыя іх поўнасцю зарасла хмызняком, дабрацца родным да магіл цяжка. Работы па вырубцы хмызняку пачалі яшчэ з восені,  цяпер зноў іх узнавілі.
— Прадстаўнікі кожнай з вёсак, якая хавае сваіх жыхароў на гэтых могілках, па графіку працуюць тут. Вось, напрыклад, 4 красавіка 10 чалавек з Ланской на чале з настаўнікам працы Уладзімірам Свідуновічам выразалі хмызняк.
Адразу бачна, што тэрыторыя могілак пасвятлела, людзі прыбіраюць магілы родных.
— Гэты хмызняк вырубім, наколькі нам удасца, — працягвае Адам Іванавіч, — далей будзем устанаўліваць плот, які паваліўся, а гэта 150 пагонных метраў. Ён ужо заказаны, установім і да Вялікадня,  думаю, пафарбуем. Могілкі ў Радзежы прыведзены ў парадак. Там па ўсім перыметры ўстаноўлена металічная агароджа, вароты.
На тэрыторыі сельсавета 13 помнікаў і воінскіх пахаванняў. Яны не застануцца непрыбранымі, тым больш, што работа па догляду за імі вядзецца пастаянна. У апошні час адрамантаваны і абноўлены помнікі ў Ра­дзежы, Хмелішчы, Олтушы.
У дзень, калі мы былі ў Олтушы, а гэта 5 красавіка, Адам Іванавіч правёў 2 сходы з жыхарамі Заазёрнай і Нікольскай, на якіх былі пастаўлены задачы па добраўпарадкаванні названых вёсак. Асноўны акцэнт рабіўся на навя­дзенне парадку ля старых, нічыйных дамоў (такіх,  дарэчы, на тэрыторыі сельсавета больш за 100), знос паваленых платоў, устаноўку новых. Наконт гэтага, гаварыў Адам Іванавіч, у Мінск, у Брэст “паляцелі” напамінанні і прадпісанні наслед­нікам.
— Як адносяцца жыхары да месца свайго жыхарства, культуры быту, бо чысты двор – гэта твар гаспадара, і калі кожны навядзе ў сябе на падворку парадак, будзе чыстым твар і ў вёскі ў цэлым?
— У час сходаў, скажу, адчувалася, што людзі разумеюць важнасць навядзення санітарнага парадку вакол дамоў, падтрымліваюць нашы прапановы. Актыўную работу вядуць у гэтым плане старасты вёсак Ра­дзеж   і Навалессе Анатоль Шульжык і Сцяпан Братчук. Многія папрыбіралі смецце, падфарбавалі, падбялілі агароджы, аднаўляюць пасля зімы малыя архітэктурныя формы, кветнікі, якія ёсць у дварах. Напрыклад, у двары жыхароў Ланской Наталлі і Аляксея Лоневых такіх форм аж 20. Кожны год мы аб’яўляем агляд-конкурс на лепшае азеляненне і добраўпарадкаванне падворкаў. Прызнаём 9 лепшых сядзіб высокай санітарнай культуры і ўзорнага парадку, гаспадарам якіх па выніках конкурсу ўручаем дыпломы і падарункі,  прымацоўваем на іх дамах адпаведныя шыльдачкі.
У той дзень мы пабывалі на сядзібе Лоневых. Сапраўды,  не двор,  а казка. За прыгожым нізенькім плотам хутка зацвітуць цюльпаны і нарцысы. Тут столькі фантазіі і любві да свайго месца жыхарства,  роднага куточка ўкладзена гаспадарамі! Кожны б так, падумалася.
Але ж у вёсках,  як гаварыў Адам Бідзюра, ёсць  і тыя, хаця іх нямнога, чые двары псуюць агульны выгляд населенага пункта. Такім даводзіцца не раз напамінаць пра неабходнасць прыбраць ля дома. У час месячніка асабліва кіраўнік мясцовай улады часцяком наведваецца да такіх. І ў той дзень Адам Іванавіч уручыў некалькім гаспадарам прадпісанні, у якіх запісана: прывесці ў парадак тэрыторыю сядзібы, прыбраць пясок каля бардзюраў, пабяліць іх. Тэрмін выканання – тыдзень.
Калі за гэты час не бу­дзе выканана прадпісанне – старшыня зноў наведаецца да гаспадароў. Красавік – час вялікай уборкі для ўсіх.
Ніна СВІЦЮК.
НА ЗДЫМКУ: Адам БІДЗЮРА выдае прадпісанне жыхарцы Олтуша Надзеі Фёдараўне ЧОПКА; на падворку ЛОНЕВЫХ у в. Ланская.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.