Чым адметная звычайная школа ў Ланской Маларыцкага раёна?

       Ланская СШ Маларыцкага раёна — самая звычайная і тыповая вясковая ўстанова адукацыі.  Яна была заснавана як базавая ў 1970 годзе, у 1992 годзе ператворана ў сярэднюю. З 1982 па 2013 гады дырэктарам школы была Ганна Максімаўна Шпетная, якая ў 2013 годзе ўзнагароджана знакам “Выдатнік адукацыі”. У час яе дырэктарства сфарміраваліся пэўныя каштоўнасці, склаліся традыцыі ўстановы адукацыі, якія паспяхова захоўваюцца і падтрымліваюцца сёння. Яны сталі прыярытэтнымі накірункамі работы Ланской СШ, надаюць адметнасць, садзейнічаюць фарміраванню станоўчага іміджу і высокага статусу ўстановы адукацыі. Захоўваючы пераемнасць, Ланская СШ па-ранейшаму застаецца ўтульным домам, у якім кожны адчувае сябе патрэбным, заўважаным, паспяховым. Цяпер у школе, якую  з сакавіка 2013 года ўзначальвае Таццяна Васільеўна Касцючык,  працуе 17 педагогаў, з іх трое – мужчыны навучаецца 50 школьнікаў.

Нягледзячы на сваю звычайнасць і тыповасць, школа шмат у чым усё ж такі незвычайная.

Установа адукацыі на працягу некалькіх гадоў уваходзіць у тройку лідараў на Маларытчыне па колькасці тых вучняў, якія пасля заканчэння сярэдняй школы працягваюць навучанне ў ВНУ. Звяртае на сябе ўвагу і такі факт, што, пачынаючы з 1998 года, вучні ўстановы адукацыі заваявалі трыццаць дып­ломаў на трэцім, восем — на заключным этапах рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Выпускнікі Ланской СШ таксама паспяхова здаюць цэнтралізаванае тэсціраванне. Напрыклад, за мінулы навучальны год сярэдні бал па 4 прадметах, што здавалі выпускнікі школы, вышэйшы за рэспубліканскі, па 2 – вышэйшы за абласны.

-Для таго, каб дасягнуць вынікаў, неабходна рознабаковая штодзённая і крапатлівая праца як вучняў, так і педагогаў, — гаворыць Таццяна Касцючык. — Найбольш эфектыўныя накірункі работы школы і складаюць яе ключ да поспеху. Асноўная задача кіраўніка, на маю думку,- матываваць педагогаў, вучняў і іх бацькоў на сумесную стваральную і творчую дзейнасць, на веру ў свае сілы і магчымасці, на поспех і высокія дасягненні.

Цяпер ва ўстанове аду­кацыі працуе 4 педагогі, якія падрыхтавалі пераможцаў трэцяга і заключнага этапаў рэспубліканскай алімпіяды. Гэта Ніна Канашук, настаўніца фізікі і матэматыкі, Ірына Крэнь, настаўніца беларускай мовы і літаратуры, Віталь Касцючык, настаўнік гісторыі і грамадазнаўства, Лідзія Некрашэвіч, настаўніца абслуговай працы.

-Таццяна Васільеўна,  адной з матывацый поспеху Вы называеце “тэрыторыю камфорту». Што гэта такое?

-Гэта тэрыторыя нашай установы адукацыі, якая таксама спрыяе выхаванню вучняў. Усё, што на ёй ёсць, створана нашымі рукамі і падтрымліваецца ў належным стане.  Мы пастаянна надаем вялікую ўвагу добраўпарадкаванню тэрыторыі школы, якая займае плошчу 2,5 га. На ёй знаходзіцца шмат дрэў і кустоў, у цёплую пару года – клумб з рознымі кветкамі. Даглядаць і падтрымліваць пастаянны парадак на вялікай тэрыторыі з невялікай колькасцю вучняў нялёгка. Але ўстанова адукацыі штогод удзельнічае ў экалагічных конкурсах і праектах па добраўпарадкаванні тэрыторыі. Па выніках абласнога агляду-конкурсу па навядзенні парадку і азеляненні тэрыторый устаноў адукацыі “Выдатнай стане Брэстчына мая” ў 2017 годзе наша школа стала пераможцам і ўзнагароджана дыпломам ІІІ ступені ў намінацыі “Азеляненне ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі ў сельскай мясцовасці”. Аўтарам праекта з’яўляецца Лідзія Некрашэвіч.

 

Вучні ўстановы аду­ка­цыі актыўна займа­юцца не толькі добра­ўпарадкаваннем тэры­торыі, але і даследчай дзейнасцю. Яны пастаянна ўдзельнічаюць у раённай навукова-даследчай канферэнцыі “Дзеці. Творчасць. Інтэлект” і абласной навукова-практычнай канферэнцыі “З навукай у будучае”.  Актывізавалася  даследчая дзейнасць у школе з прыходам настаўніка геаграфіі і біялогіі Дзяніса Піпко. Гэты навучальны год для педагога і яго вучняў стаў паспяховым. Па выніках абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу даследчых работ “Тапаніміка роднага краю”, які праводзіўся ў рамках рэспубліканскай акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”, работа вучня 11 класа Юрыя Крэня  адзначана Дыпломам І ступені. Пераможцам ХХV абласнога конкурсу навуковых біёлага-экалагічных работ  стала Ганна Есакава, вучаніца 11 класа. Хочацца яшчэ дадаць, што наша ўстанова адукацыі ўзнагароджана Дыпломам упраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама за высокія паказчыкі па колькасці сабранай макулатуры на аднаго вучня ў асеннім абласным конкурсе “Захавай дрэва – здай макулатуру” (2017).

 

-Таццяна Васільеўна,  ці сябруюць вучні Ланской СШ са спортам і рознымі відамі творчасці?

-Безумоўна, тут назі­раецца шчырае сяб­роўства. У нашай установе адукацыі арганізавана работа такіх аб’яднанняў па інтарэсах, як “Вакальны”, “Юны сталяр”, “Гадзіна футбола” і інш. У школе дзейнічае выстава работ аб’яднанняў па інтарэсах “Народныя промыслы” (кіраўнік Тамара Бойка), “Рукадзельніцы” (кіраўнік Лідзія Некрашэвіч). Работы вучняў, якія наведваюць гэтыя гурткі, штогод атрымліваюць дыпломы па выніках удзелу ў конкурсах “Калядная зорка”, “Вясёлкавы калейдаскоп”, “Выратавальнікі вачамі дзяцей” на раённым і абласным этапах. Наведваюць вучні адукацыі і аб’яднанні па інтарэсах ва ўстановах дадатковай адукацыі спартыўнай і эстэтычнай накіраванасці.

На працягу не аднаго года Ланская СШ мае і спартыўныя перамогі па розных відах спорту: валейболе, баскетболе, міні-футболе, настольным тэнісе, шахматах. У гэтым заслуга ў першую чаргу настаўніка фізічнай культуры і здароўя Паўла Парукова, нашага выпускніка.

Таццяна Васільеўна Касцючык лічыць, што дырэктар сучаснай школы павінен быць эфектыўным кіраўніком. Яму трэба забяспечыць апераджальны характар развіцця адукацыі: ставіць задачы, якія сёння з’яўляюцца важнымі і якія стануць яшчэ больш важнымі заўтра, умець знаходзіць шляхі іх вырашэння. Дырэктар, на думку Таццяны Касцючык, павінен адначасова быць педагогам і арганізатарам, валодаць юрыдычнымі і эканамічнымі ведамі, садзейнічаць павышэнню кваліфікацыі настаўнікаў, ствараць умовы для раскрыцця іх творчых здольнасцей. Для стварэння ў школе камфортных умоў навучання яму спатрэбяцца веды педагогікі, псіхалогіі, розных методык. Таксама кіраўніку ўстановы адукацыі трэба валодаць такімі якасцямі, як прафесіяналізм, кампетэнтнасць, мудрасць у прыняцці рашэнняў, гібкасць, крэатыўнасць, шчырасць у адносінах, павага да падначаленых, настойлівасць, патрабавальнасць і дысцыпліна. І толькі тады будзе станоўчы вынік і поспех у выхаванні і навучанні. Аднак у аснове ўсяго ляжыць матывацыя, жаданне дасягнуць лепшага, змяніцца станоўча, узняцца на прыступку вышэй.

 Мікалай НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.