Новыя даследаванні роднага краю Мікалая Баліцэвіча з Лукава Маларыцкага раёна

Пытаннямі краязнаўства цяпер цікавяцца многія. Мінулае роднага краю вывучаюць не толькі ў спецыяльных навуковых установах і ВНУ, але і энтузіясты. Ёсць і на Маларытчыне такія людзі, якія даўно і плённа даследуюць краязнаўчыя пытанні. Да іх ліку належыць і Мікалай Баліцэвіч з в. Лукава.

          Мікалай Васільевіч цяпер на заслужаным адпачынку. Да гэтага ён працаваў у розных прадпрыемствах і ўстановах Маларыцкага раёна: быў, напрыклад, сакратаром і старшынёй Лукаўскага сельсавета, дырэктарам Забалацкай БШ. На ўсіх пасадах ён цікавіўся пытаннямі краязнаўства. Асабліва актыўна іх распрацоўваў тады, калі з 2000 па 2016 год працаваў настаўнікам гісторыі і грамадазнаўства Лукаўскай СШ. Не знікла цікаўнасць да мінулага і цяпер. Да нядаўняга часу Мікалай Баліцэвіч з’яўляўся аўтарам 5 краязнаўчых выданняў: “Гісторыя Лукаўскай царквы” (2012), “Восень 1974: стыхія і людзі” (2013), “Маларытчына: страчаная спадчына” (2014), “Маларытчына ў 1930-ыя гады: па матэрыялах польскіх крыніц” (2015), “Маларыцкія старажытнасці” (2017). А напачатку лютага гэтага года аддзел бібліятэчнага маркетынгу Маларыцкай раённай бібліятэкі выдаў яшчэ адно даследаванне М.В.Баліцэвіча – “Уніяцкае і праваслаўнае духавенства Маларытчыны: XVІІ стагоддзе – 2017 год”.
           –У даведачным выданні пад адной вокладкай упершыню зроблена спроба сабраць інфармацыю аб уніяцкім і праваслаўным духавенстве Маларытчыны амаль за 400 гадоў, – гаворыць Мікалай Баліцэвіч. – Для зручнасці ўвесь прадстаўлены матэрыял падзелены на 3 часткі: “Уніяцкае духавенства” (XVІІ стагоддзе – 1839 год), “Уніяцкае духавенства, якое прыняло праваслаўе” (1830-ыя гады), “Праваслаўнае духавенства” (1839 – 2017 гады). Выданне не прэтэндуе на ўсеабдымнасць і вычарпальнасць. Магчыма, нейкія звесткі пра пэўных святароў не знайшлі адлюстравання на старонках кнігі.
           Матэрыял пра духавенства Маларытчыны ў выданні размешчаны ў алфавітным парадку. Спачатку падаецца прозвішча, імя, калі вядома, імя па бацьку святара (дыякана, псаломшчыка), затым – год і месца яго нараджэння, якую навучальную ўстанову закончыў, а таксама месца службы (царква), пасада і час службы, іншыя звесткі.
           М.В.Баліцэвіч правёў вялікую пошукавую работу і сабраў звесткі пра 508 прадстаўнікоў духавенства, якія ў розныя гістарычныя перыяды служылі ў прыходах Маларытчыны. Інфармацыя аб псаломшчыках у выданні прыведзена за перыяд з 1839 па 1939 год. Для спрашчэння карыстання даведнікам аўтар, за рэдкім выключэннем, не прыводзіць звестак аб служэнні духавенства за межамі Маларытчыны.
        –Мікалай Васільевіч, дзе вы бралі неабходныя звесткі?
      – Для падрыхтоўкі выдання былі выкарыстаны розныя крыніцы. Гэта, напрыклад, манаграфія Дзяніса Лісейчыкава «Святар у беларускім соцыуме: прасапаграфія ўніяцкага духавенства 1596 – 1839 гг.». Асноўнай крыніцай аб праваслаўным духавенстве (да 1939 г.) з’яўляецца кніга Рыгора Сосны і Антаніны Троц-Сосны «Hierarchia i kler kosciola prawoslawnego w granicach II Rzeczypospolitej i Polski powojennej w XIX – XXI wieky» (на польскай мове). Таксама выкарыстоўваліся “Гродненские епархиальные ведомости”, выдадзеныя ў 1902 – 1915 гадах, “Памятные книжки Гродненской губернии” за 1875, 1878, 1881 – 1915 гады, “Акты, издаваемые Виленскою археографическою комиссиею” (тамы 3, 6, выдадзеныя ў 1870, 1872 гадах) і інш.
Мікалай НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.