Много ли нужно для счастья? Ищем ответ…

Чалавечае шчасце шматгранна і яно можа быць побач з намі. 

Людзі старэйшага пакалення памятаюць, як за савецкім часам пад Новы год ці на 8 Сакавіка “выкідвалі” ў крамах мандарыны, каўбасу ці яшчэ нейкія па тым часе “далікатэсы”. Выцягваліся чэргі, і тыя, хто ўхапіў прысмакі,   радаваліся і на нейкі  час былі шчаслівыя.

Сёння, калі той каўбасы і садавіны “пад завязку”, паўстала праблема грошай.  Вось і думаецца, што калі б грошай было навалам, то было б і шчасце!

Калі  я пачаў прыводзіць у парадак вясковую хату, якую купіў пад дачу, то рамонт пачаў з печы. Вырашыў яе разабраць, бо печ займала добрую частку пакоя, а ён адзін у хаце ды яшчэ невялічкая кухня з маленькім акенцам. Беднасць! Печ пачаў разбіраць з лежака, а калі дайшоў да прыпечка, то знайшоў тайнік. Патаемнае месца знаходзілася за пячуркай і было адгароджана цаглінай. Такога цікавага сюрпрызу не чакаў. У тайніку ляжаў жмут царскіх асігнацый,  пяць тысяч нямецкіх акупацыйных рэйхсмарак ды чатыры банкаўскія кніжкі – адна царская і тры польскія. Карысці ніякай, але сам факт застаўляе задумацца.

Царская ашчадная кніж­ка была аформлена Дарафею Савіцкую, а польскія – на Яна і яго сына Дзімітрыя.Царскія грошы прапалі ў 1917 годзе. Каля трох тысяч рублёў сталі паперай. Што на тыя грошы можна было купіць,  цяжка сказаць, бо неспакойны быў час. А вось наконт польскіх грошай іншая справа. Да вайны кошт каровы быў 80-100 злотых, а Савіцкія мелі на кніжках больш за дзве тысячы злотых.Можна было набыць цэлы статак кароў. Цікава, што апошні  грашовы ўклад у банк быў зроблены ў канцы жніўня 1939 года – за некалькі дзён да Другой сусветнай вайны. Людзі не маглі падумаць, што іх зберажэнні ператворацца ў макулатуру.

І пры такім капітале, па мясцовым маштабе, Савіцкія жылі ў беднасці, але грошы душу грэлі. Здавалася, наперадзе шчаслівае жыццё і раптам абвал. Толькі не ўсё адназначна.

Неяк стары чалавек па­ведаў пра адзін эпізод са свайго жыцця. Мясцовы пан наняў касцоў. Сяляне пасля заканчэння касьбы прыйшлі за разлікам. Пан выйшаў на ганак і прапанаваў мужыкам на выбар асігнацыі ці залатыя манеты. Усе выбралі папяровыя грошы. Тую манетку, як гузічак на кашулі,  згубіць можна. А некалькі прыгожых купюр не сорамна і дахаты прынесці.

Усе ведаюць, якія грошы згубіла насельніцтва пры распадзе Савецкага Саюза. Цяжкай працай збіраліся тыя тысячы і народ не спяшаўся здымаць іх з ашчадных кніжак. Быў час,  калі нешта можна было купіць,  але… Пытаюся ў знаёмага: “Віктаравіч, ты такі дзелавы, можаш на гразі капейку зарабіць, а 19 тысяч у цябе прапала?!” 

— Усё адцягваў, на лю-дзей глядзеў,  а потым ужо позна было. Ну, пагаравалі, але ж ва ўсіх прапалі, – паведаў пенсіянер.

Грошы прапалі ў боль­шасці людзей, але не ва ўсіх. Напрыклад, у мяне на кніжцы ляжала 6 тысяч,  але засталося толькі 10 рублёў. Не сталі з жонкай чакаць, а купілі нямецкі сталовы сервіз на 12 персон, затым яшчэ адзін для кавы,  давялі да ладу дачу… А хто азіраўся на іншых, то застаўся з папяровымі рублямі.

І каго вінаваціць у такой сітуацыі? Збіралі гро­шы і былі шчаслівыя. Атрымліваецца, што чалавек не тое,  каб вучыцца на чужых памылках, на сваіх не можа прыйсці да розуму. Прапалі грошы царскія, затым польскія, тым не меней, тыя ж Савіцкія пачалі збіраць акупацыйныя нямецкія. Людзі часта самі вінаваты ў сваіх праблемах. “Будзьце разважлівымі і разумнымі людзьмі. Спадзявайцеся толькі на сябе, – павучаў Буда. – Вашы пакуты ад вашых жаданняў.”

Мы згубілі цану шчасця.

Калі чалавек можа з апетытам паесці,  ды яшчэ выпіць келіх віна, то яму трэба радавацца. Многія палічылі б гэта за шчасце, бо здароўе не дазваляе.

Калі ў вашых дзяцей усё добра, а вы ноччу не плачаце ў падушку, то і  гэта ўжо шчасце.

А хіба дажыць да старасці  і памерці ў сваім доме на вачах родных у душэўным спакоі – гэта не шчасце?!

Аднойчы пабываў у доме для састарэлых. Ішоў па калідоры і ўбачыў згорбленую бабульку, якая стаяла каля сцяны і плакала. Тут міма не пройдзеш.

— Сыны прывезлі і кінулі… За пяць гадоў ні разу не наведалі, а я хачу на ўнукаў паглядзець. Кожны дзень тут стаю чакаю, — паведала праз слёзы старая.

А ці шмат трэба, каб ашчаслівіць гаротніцу? Дзяржава не пакідае састарэлых: яны ў цяпле, не галадаюць і доктар побач, але ім не хапае сямейнага цяпла. Хоць дзеля справядлівасці трэба адзначыць, бывае, што ў іншай  сям’і горш, чым у доме-інтэрнаце.

— Прашу Бога толькі аб адным, каб не памерці тут, — сказаў знаёмы інвалід, які па волі лёсу таксама апынуўся ў гэтай багадзельні.

Як бачым, планка чалавечага шчасця часта не такая ўжо і высокая. Не кажучы ўжо пра тых, каго пляшка гарэлкі робіць шчаслівым.

Дзеці адмаўляюцца ад бацькоў, але ж і бацькі кідаюць дзяцей. Давялося наведацца і ў дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў, ад многіх з іх адмовіліся родныя. Такая работа ў журналіста. Здаецца, лепш я тых няшчасных дзяцей не бачыў бы. Гэта нібы цяжкі сон. А потым даведаўся, што  міліцыя затрымала  дырэктара дома-інтэрната, які ўкраў у тых няшчасных дзяцей 20 кілаграмаў мяса.

Вось нашы дзеці хочуць мець самыя “крутыя” смартфоны, планшэты… Атрымліваюць і радуюцца, пакуль не ўбачаць,  што ў смартфоне аднакласніка “наваротаў” болей.

Ды і мы самі як тыя дзеці. Сусед у сваёй кватэры зрабіў падвясную столь, таму трэба не адстаць. Замест пенапласту пачалі нацягваць плёнку, а тут стала моднай столь двухузроўневая…

Драўляныя рамы мяняюць на пластыкавыя, хоць у гэтым часта няма патрэбы.  Цікава, што на Захадзе якраз  вялікі попыт на драўляныя рамы. Напрыклад, з нашай вобласці такія рамы пастаўляюцца ў Данію для курортнай зоны.

А ці ёсць нейкая мяжа ў нашых жаданнях? А можа, не трэба глядзець на ін­шых, а за лепшае будзе жыць сваім розумам.

Вядомая расійская спявачка паказвае тэлегледачам свой гардэроб, у якім каля 300 пар абутку і дзясятак футраў, водзіць журналіста па доме-замку на некалькі паверхаў. Тут адна спальня, там – другая, зімовы сад, басейн з падагрэвам і прыслуга ёсць. Рай. Толькі вось шчасця ў жанчыны няма.  З былым мужам не можа падзяліць дзяцей, суд за судом, з маці не размаўляе ўжо не адзін год. І ў яе ўсе вінаватыя.

Адным словам, як у прымаўцы  ”Каму суп  рэдкі, а каму жэмчуг дробны”. У кожнага сваё гора.   На маю думку, самае важнае — жыць у згодзе з сабой. Калі чалавека знутры пастаянна нешта “круціць”, то не будзе спакою ні яму, ні тым, хто яго акружае. А, напэўна, тое, што нас найбольш разбурае, – зай­здрасць. Хто яе перамог,  той мае шанц стаць шчаслівым.

Уладзіслаў Снітка.    

Добавить комментарий


www.topobzor.info
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!